Маларытчанка Марыя Жыгалава – вядомы навуковец

 У Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.С.Пушкіна прайшла творчая сустрэча “Асоба і лёс Марыі Жыгалавай”.

 Яна была прымеркавана да 50-годдзя навукова-педагагічнай дзейнасці нашай зямлячкі. Маларытчанка Марыя Жыгалава – вядомы навуковец. Яна доктар педагагічных навук, кіраўнік навукова-даследчай лабараторыі па сацыякультурных праблемах беларуска-польска-ўкраінскага пагранічча, прафесар кафедры беларускай і рускай моў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, сапраўдны член Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук РФ. Па выніках атэстацыі ў 1984 годзе ёй была прысвоена катэгорыя “настаўнік-метадыст”. Марыя Пятроўна была дэлегатам XVIII з’езда прафсаюзаў СССР, дэлегатам VII з’езда настаўнікаў Беларусі. У 1987 годзе яна атрымала званне “Заслужаны настаўнік Беларусі”. Імя Марыі Жыгалавай занесена ў энцыклапедыю “Кто есть кто. Деловой мир СНГ. Who is Who. Business world of CIS”.

Марыя Жыгалава з’яўляецца аўтарам больш за 200 навуковых прац,  з якіх – 29 манаграфій і навучальна-метадычных дапаможнікаў, якія выдадзены ў Беларусі, Расіі, Германіі, Румыніі, Іране і інш. У 2013 годзе яна ўдзельнічала ў якасці міжнароднага эксперта ў Еўрапейскай адукацыйнай праграме “Лінгвістычная адукацыя ў Еўропе” (Аўстрыя, Чэхія, Германія, Польшча). Цяпер Марыя Пятроўна паспяхова супрацоўнічае з многімі ўніверсітэтамі Расіі і Еўропы. Яе навуковая і педагагічная дзей­насць адзначана шматлікімі ўзнагародамі, у тым ліку – і медалём “Адам Міцкевіч – Аляксандр Пушкін” (2015) за асобыя заслугі ў даследаванні і папулярызацыі польскай культуры сярод усходніх суседзяў.

На творчую сустрэчу Марыі Жыгалавай прыйшлі калегі, сябры, аднадумцы, вучні… Цёпла і шчыра пра Марыю Пятроўну гаварыла Алена Серада, дырэктар Маларыцкай раённай гімназіі. Словы падзякі за шматгадовае плённае супрацоўніцтва прагучалі і ад імя аддзела адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама.

На мерапрыемстве таксама была прадстаўлена пашыраная выстава работ Марыі  Жыгалавай “Дарогу адолее той, хто ідзе”

Між   іншым, 28 сакавіка ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце пройдзе навукова-метадычны семінар “Гуманістычныя  даследаванні ў адукацыйным працэсе Беларусі і Еўропы”, які таксама прымеркаваны да 50-годдзя педагагічнай дзейнасці Марыі  Жыгалавай.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


www.artma.net.ua

диваны киев
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!