У вёсцы Добрае Маларыцкага раёна – добрыя людзі

Захінуўшыся зялёным кілімам хваёвага бору, стаіць на маларыцкай зямлі працавітая і напеўная, гаротная і шчаслівая, блаславёная самімі нябёсамі вёсачка з адметнай назвай Добрае.

 Раніцай,  ледзьве толь­кі пакажа сонейка свае першыя промні з-за калматага лесу, над вёскай уладарыць хмельны водар нядаўна ўзаранай раллі і яшчэ нечага блізкага і незвычайнага. Густы туман, што разліўся па нізінах ды лагчынах, нагадвае цёплы сырадой, у якім хочацца згубіцца. Вёска прачынаецца. Са­кавік прыспешвае, не дае лайдачыць. Добрае жыве спрадвечнымі і нетаропкімі буднямі. Славіцца невялікая вёсачка, якая ўсяго ў адну вуліцу, працавітымі, ад­крытымі ды шчырымі людзьмі. Тут кожнаму госцю, калі ён прыехаў з добрымі намерамі, заўсёды рады. А яшчэ вяскоўцы вельмі любяць свой родны куточак з непаўторнымі і ма­ляўнічымі краявідамі.

Пётр Севасцьянавіч Панасюк з Арэхава, у Добрым ведае кожнага чалавека. Зрэшты,  не дзіўна, таму што пражывае тут крыху больш за 10 жыхароў. Да таго ж  Пётр Севасцьянавіч не адзін год з’яўляецца старастам населеных пунктаў Добрае і Перавое.

Са старастам вёскі дамаўляемся сустрэцца а дзявятай гадзіне раніцы. Пакуль мы пад’ехалі, Пётр Панасюк разам са старажылам вёскі Іванам Аляксеевічам Бягезам паспелі абмеркаваць апош­­­нія мясцовыя навіны. Хоць і жыве стараста ў Арэхаве, але ў Добрае заяз­джае часта, праведвае сваіх старых. Самыя маладыя жыхары вёскі – гэта Мікалай Сай, што працуе механізатарам у ААТ “Арэхава”, ды сям’я Святланы і Фёдара Патурай, у якіх трое дзяцей. Двое ходзяць у школу, а старэйшы набывае спецыяльнасць у Маларыцкім прафесійным ліцэі. Больш дзетак у Добрым няма.

— Яшчэ некалькі гадоў таму тут па вуліцы бегала столькі дзетвары, — з сумам у голасе расказвае стараста. – Амаль кожная сям’я лічылася шматдзетнай, у хаце па пяцёра і болей дяцей было.

Вядома, маладыя, ні­быта тыя птушаняты, раз­ляцеліся па свеце, кожны ў пошуках найлепшай долі, але не пакінулі адных бацькоў дажываць свой век у самоце. Адметнасць вёскі ў тым, што амаль на кожным падворку стаіць тэхніка: машыны, трактары, прычэпы. — Гэта дзеці ці ўжо ўнукі прыязджаюць, займаюцца гаспадаркай, дапамагаюць бацькам апрацоўваць зямлю, — тлумачыць Пётр Севасцьянавіч. – Вось, напрыклад, сыны Марыі Сымонік хоць і жывуць у горадзе, але ўзялі ў арэнду надзел зямлі, вырошчваюць агародніну. Пабудавалі доб­ры хлеў. Словам, стараюцца людзі, працуюць на зямлі, падтрымліваюць парадак.

Дарэчы, што датычыцца чысціні і парадку, то я была, шчыра кажучы, прыемна здзіўлена: хаты хоць і драўляныя, але ў многіх стаяць пластыкавыя вокны, на падворках усё даведзена да ладу, кожная рэч на сваім месцы. Вёска Добрае добра дагледжана: сядзібы агароджаны, на падворках, прыгрэўшыся на сакавіцкім сонейку, шукаюць у глебе нешта спажыўнае куры, якіх тут у асноўным і разводзяць мясцовыя жыхары.

— З жыўнасці ў вёсцы толькі адна карова, якую трымае шматдзетная сям’я Святланы Патурай, — працягвае знаёмства з населеным пунктам Пётр Панасюк. – Коней зусім няма, затое ёсць некалькі трактароў і амаль у кожнага гаспадара свая машына. Праблем з тым,  каб дабрацца ў райцэнтр,  у жыхароў Добрага не ўзнікае.

Няма ў вяскоўцаў нара­канняў і на работу аўталаўкі, якая праз дзень прывозіць свежы хлеб,  малочную і іншую прадукцыю. Напрыклад, калі якога-небудзь тавару няма ў продажы, прадаўцы афармляюць заяўку. Без перабояў працуе і пошта. Паштальён з суседняй вёскі Перавое Валянціна Пархамук дастаўляе ў Добрае перыёдыку.

Добрае і сапраўды незвычайная вёска, таму што людзі тут не ўжываюць спіртных напояў, дапамагаюць і падтрымліваюць адзін аднаго. Словам, жывуць як адна вялікая дружная сям’я.

Уласнымі рукамі свой маленькі рай стварылі жыхары вёскі Добрае. Тут пануе нейкая неверагодная атмасфера: непаўторная душэўнасць і нават камернасць. І з кім бы я ні размаўляла, ніхто з вяскоўцаў ні разу не паскардзіўся на сваё цяжкае жыццё або якія-небудзь няўдачы. Наадварот, тут усе вельмі шчырыя і адкрытыя. І нягледзячы на тое, што вёска знаходзіцца ў прыгранічнай зоне, дзверы на замкі тут днём не зачыняюць.

— А каго мне баяцца? – дзіву даецца Марыя Сымонік (на фота­здымку), якая праз месяц адзначыць сваю 77-ю вясну. – Наадварот, я люблю пагаварыць. Чужыя тут не ходзяць. У вёсцы часта бываюць пагранічнікі, якія кантралююць тэрыторыю.

Марыя Аляксееўна кампанейская жанчына, якая за словам у кішэню не лезе. Хто ведае, як склаўся б яе лёс,  калі б набыла ў свой час добрую адукацыю, а не скончыла пасля вайны толькі пяць класаў.

— Вучыцца не было як, — прыгадвае жанчына. – Маці мяне з братамі падымала адна. Бацька, Аляксей Фёдаравіч Бягеза, загінуў на фронце ў кастрычніку 1944 года і пахаваны ў Мазавецкім ваяводстве. Некалькі разоў мне давялося пабываць на магіле свайго бацькі. Цяжка пра гэта гаварыць. Пасля вайны маці другі раз замуж так і не выйшла, прысвяціла ўсё сваё жыццё дзецям.

Марыя Аляксееўна ў прыгожай прасторнай хаце жыве адна. Муж  памёр два гады таму. Упраўляцца бабулі дапамагае сацыяльны работнік Святлана Патурай, якая жыве непадалёку, а яшчэ дзеці ды ўнукі. Дарэчы, Марыя Аляксееўна выгадавала пяцярых дзяцей: чатырох сыночкаў і адну дачушку. Мае 12 унукаў і дачакалася траіх праўнукаў.  Адзін з сыноў жыве ў Амерыцы, у мінулым годзе бабуля Марыя правяла там амаль усю зіму. 

— У гасцях добра, а дома лепей, — кажа Марыя Аляксееўна. – Не змагла б я жыць у Амерыцы, хоць там і цёпла. Няма нічога даражэй і бліжэй да сэрца, чым родная бацькоўская хата. Сын дваццаць гадоў ужо жыве ў Сакрамента – гэта сталіца штата Каліфорнія. Аднойчы  запрасіў пагасцяваць, а я і паехала, дакладней —  паляцела. Амерыканцы вельмі ветлівыя, заўсёды вітаюцца, пытаюць, як маешся. Ды які ў гэтым сэнс, калі я нічога на іх мове не разумею. Сын працуе на “трале”, пабудаваў сімпатычны дом. Нявестка ўладкавалася прыбіральшчыцай. Там таксама ёсць свае праблемы. Напрыклад, адзін кусцік таматаў каштуе 24 долары. Каля дома растуць апельсінавыя і мандарынавыя дрэвы,  але іх плады ніхто не спажывае, лічыцца, што небяспечна для здароўя. Аналагічную прадукцыю купляюць у крамах.

Марыя Аляксееўна кажа, што сваю вёску Добрае, дзе вясною так хораша спяваюць салаўі, яна ніколі не прамяняе на замежную краіну, няхай там нават зімой цёпла і акіян побач.

85 гадоў пражыў у вёсцы Добрае Іван Аляксеевіч Бягеза, брат Марыі Аляксееўны. Зрэшты, Івану Аляксеевічу ніяк нельга даць столькі гадоў, ад сілы – 70. Падцягнуты і стройны, ён заткне за пояс  любога трыццацігадовага мужчыну. Не дзіўна, Іван Аляксеевіч ніколі не сядзіць без працы. У свае гады ён па-майстэрску кіруе ўласным трактарам Т-40, шчыруе па гаспадарцы, заўсёды дапамагае сусе­дзям.  А яшчэ дзядуля займаецца пчоламі, у яго на падворку пяць вул­ляў. Калі ўсталюецца цёплае сонечнае надвор’е, па­ласатыя руплівіцы пачнуць збіраць першы вясенні мёд. Тады Іван Аляксеевіч ра­зам са сваёй жонкай Лідзіяй Рыгораўнай праз дзень-другі збіраюцца заняцца агародам. А пакуль дзядуля бавіць час са сваім любімым гадаванцам – аўчаркай па мянушцы Том. Чацвераногага сябра Іван Аляксеевіч набыў за 50 долараў у суседнім раёне.

— Без сабакі, асабліва ў вёсцы, не абысціся, — лічыць гаспадар. Том, нібыта адчуваючы, што пра яго ідзе гаворка, пачынае скакаць, абапіраючыся пярэднімі лапамі на плот. Быццам так і хоча сказаць: “Паглядзіце, які я прыгожы, для фотаздымка самы раз”. 

На развітанне пытаюся ў старажыла: «Адкуль такая назва ў вёскі? Можа, тут землі вельмі добрыя ды ўрадлівыя, вось і пайшла назва паселішча Добрае?»

— Зямля тут такая, як і ўсюды, не вельмі ўрадлівая,- канстатуе дзядуля. – Але нашы продкі на ёй жылі, шчыравалі, і мы працягваем іх традыцыі, законы жыцця: жыць сумленна, у згодзе са сваёй душой і блізкімі людзьмі.

Я думаю,  што вёска Добрае так называецца, бо жывуць і рупяцца на гэтай зямлі добрыя, чыстыя душой,  спагадлівыя людзі. І няхай яшчэ не  адно стагоддзе доўжыцца шчаслівае жыццё маленькай вёсачкі.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У вёсцы Добрае Маларыцкага раёна – добрыя людзі: 1 комментарий

  • 25.03.2018 в 7:51 пп
    Permalink

    Очень приятно было читать. Я знаю этих людей. Это действительно очень прекрасные ,добрые ,отзывчивые люди. Спасибо

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.