СТАЛА ЧЫСЦЕЙ

Маларыта ў мінулую суботу напамінала пчаліны рой: папрацаваць на карысць краіны, раёна, горада, а менавіта такая мэта суботніка, выйшлі ўсе – ад чыноўнікаў да навучэнцаў. Нябесная канцэлярыя была шчодрай і выдала надвор’е, як гаворыцца, па заказу: было цёпла, сонечна. Таму пакінуўшы офісы і рабочыя кабінеты,  вельмі неяк прыемна было папрацаваць на свежым паветры. Будаўнікі ў той дзень працавалі ў асноўным на аб’ектах: прыкметна прыраслі, напрыклад, у будаўнічых аб’ёмах 2 дамы па вуліцы Савецкай, што ўзводзяцца адзін насупраць  другога. Работнікі калектываў бялілі дрэвы, фарбавалі агароджы, добраўпарадкоўвалі газоны – адразу станавілася чысцей.
Напярэдадні суботніка ў райвыканкам прыйшла прыемная навіна – наш горад стаў пераможцам у сваёй катэгорыі ў рэспубліканскім аглядзе па добраўпарадкаванні і санітарнаму парадку. Аднак удасканаленню няма межаў, і гэтая перамога,  як адзначыў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч,  — настаўленне да далейшага дзеяння. Таму ў пятніцу на пасяджэнні штаба па правядзенню суботніка канчаткова вызначылі аб’ёмы работ, якія трэба было выканаць на добраўпарадкаванні райцэнтра.
Асноўныя сілы сканцэнт­равалі на далейшым добра­ўпарадкаванні гарадскога парку, балазе, плошчы яго цяпер займаюць амаль 20 гектараў, і развярнуцца ёсць дзе. Тым больш, што частка парка — за спартыўным цэнтрам і яго надворнымі спартыўнымі пляцоўкамі патрабуе азелянення. У той дзень тут працавалі работнікі ўсіх аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама на чале з кіраўніком раёна, работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм,  станцыі па насенняводству,  каранціну і ахове раслін,  лясгаса,  дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Было пасаджана каля 200 маладых дрэўцаў бярозы, дуба, рабіны, клёна, елкі.
Парк, несумненна, набывае новае аблічча. Хутка адкрыецца чарговы летні сезон у ім.
— Што новага прапануе маларытчанам парк, ці будзе ён абнаўляцца атракцыёнамі? — з гэтым пытаннем звярнуліся да старшыні райвыканкама Казіміра Лапіча.
— Безумоўна. Мы бу­дзем прыкладваць да гэтага ўсе намаганні, тым больш, што парк становіцца ўсё больш папулярным месцам адпачынку. Праведзены ўсе падрыхтоўчыя работы для асфальтавання лыжаролернай трасы,  гатовыя тэнісныя корты, пляцоўкі для гульняў. Галоўнае,  каб ўсё выкарыстоўвалася з карысцю, каб моладзь берагла ўсё гэта, адпачывала культурна, захоўвала парадак. Для гэтага ўсё і ствараецца. І сённяшні суботнік таксама — на карысць усім нам.
***
Удзел у суботніку на Маларытчыне прынялі амаль 10 тысяч чалавек. Зароблена больш за 55 мільёнаў рублёў. Грошы паступяць на аздараўленне дзяцей, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, на будаўніцтва новага музея Вялікай Айчыннай вайны, бо сёлета спаўняецца 25 гадоў з дня чарнобыльскай трагедыі і 70 гадоў з трагічнай даты пачатку вайны,  а таксама на дапамогу пацярпелым у час тэракту ў мінскім метро 11 красавіка.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час суботніка ў горадзе.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.