Не пацыент да ўрача, а ўрачы — да пацыентаў

Прафілактычную акцыю, у час якой з дапамогай сучасных метадаў можна было даведацца пра стан свайго здароўя, пабываць на прыёме ў доктара і ўвогуле пачуць шмат цікавага і пра медыцынскае абсталяванне, і пра касметыку, і пра сродкі гігіены, арганізавалі работнікі цэнтральнай раённай аптэкі. У гандлёвай зале яе размясцілася, можна сказаць, маленькая лабараторыя, у якой усяго за некалькі хвілін гандлёвы прадстаўнік фірмы “Miсrolife” Яўген Шульгін з дапамогай аўтаматычнага апарата — глюкометра  дапамагаў ўсім, хто пажадае, зрабіць аналіз крыві, каб вызначыць узровень цукру. Тут жа можна было праверыць і артэрыяльны ціск,  прычым адначасова пазнаёміцца з правіламі вымярэння яго, атрымаць кансультацыю і парады. Між іншым, далёка не ўсе ведалі, а таму цікава было пачуць, што вымяраць артэрыяльны ціск пасля таго, як ты актыўна рухаўся ці расхваляваўся, нельга, бо паказанні танометра будуць памылковыя. Каб не памыліцца, як адзначаў спецыяліст, трэба не менш чым пяць хвілін пабыць у спакойным, расслабленым стане, не спяшацца вымяраць ціск адразу пасля таго, як накла­дзена на руку манжэта апарата, і праводзіць не менш двух-трох вымярэнняў з невялікім інтэрвалам. Памераўшы артэрыяльны ціск з дапамогай аўтаматычнага апарата, многія наведвальнікі аптэкі цікавіліся перавагай аўтаматыкі перад паўаўтаматамі і механічнымі апаратамі.
— Розніцы ў вымярэннях, які б ні выкарыстоўвалі танометр “Miсrolife”, няма, — дзяліўся карыснай інфармацыяй гандлёвы прадстаўнік фірмы. – І аўтаматы, і паўаўтаматы, і механічныя апараты паказваюць дакладныя лічбы, а таму кожны з іх можна паспяхова выкарыстоўваць для вымярэння артэрыяльнага ціску. Але трэба ведаць, што механічныя танометры разлічаны на выкарыстанне медыцынскімі спецыялістамі, паколькі для работы з імі патрэбны пэўныя навыкі. Паўаўтаматы можна набываць тым, хто жыве не адзін і ў любы момант можа разлічваць на дапамогу, бо вымяраючы ціск паўаўтаматычным апаратам самастойна, нельга разлічваць на правільныя паказанні. А вось аўтаматычны апарат якраз і прызначаны для хатняга карыстання без чужой дапамогі.
Акцыя, якую можна назваць яшчэ экспрэс-дапамогай, зацікавіла многіх. Ды і не магла не зацікавіць. Даведаўшыся пра праблемы з артэрыяльным ціскам, можна было адразу, без талона і папярэдняга запісу, накіравацца на прыём да ўрача, які кансультаваў тут жа, у аптэцы, а затым звярнуцца да фармацэўтаў аптэкі, каб  набыць назначаны доктарам неабходны медыцынскі прэпарат. На працягу дзвюх гадзін, пачынаючы з 10 гадзін ранку, пацыентаў прымала ў аптэцы ўрач-тэрапеўт Марыя Іванаўна Селівонік, разам з ёй парады і рэкамендацыі ад школы гіпертонікаў, якая дзейнічае пры райбальніцы, давала медсястра Тамара Паўлаўна Карнялюк. З 12 гадзін бацькі маглі атрымаць кансультацыю ўрача-педыятра Алы Іванаўны Яцура і адначасова пазнаёміцца з дзіцячай касметыкай “Bubchen”.  А з 14 гадзін прыём вёў урач-эндакрынолаг Уладзімір Жылінскі.
— Добра, што зайшла ў аптэку, нават і не думала, што адразу, усяго за дваццаць хвілін, змераю артэрыяльны ціск,  даведаюся, што няма ніякіх праблем з цукрам у крыві, пагутару з урачом і набуду ўсе неабходныя лекі, — прызнавалася пажылая маларытчанка Марыя Аляксандраўна. – Гэта вельмі зручна. Часцей бы праводзілі такія карысныя акцыі…
Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


продвижение сайтов

SYMA X5C Explorers
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!