Тэатральнае “Асарці” школьнікаў Маларыцкага раёна

       Падведзены вынікі раённага фестывалю вучнёўскіх тэатральных калектываў “Асарці”. Ён праводзіўся з мэтай развіцця творчага патэнцыялу і камунікатыўных навыкаў школьнікаў. Усе, хто выступаў, прадэманстравалі выдатнае валоданне замежнымі мовамі. Пераможам на гэты раз сталі самадзейныя артысты з СШ №1 (кіраўнік Аксана Ярмалюк), якія на суд журы прадставілі пастаноўку “Сірата Эні”, падрыхтаваную на англійскай мове па матывах мультфільма.
        –У творчым спаборніцтве прымала ўдзел 17 аматарскіх калектываў з устаноў адукацыі раёна, – гаворыць Тамара Абрамук, метадыст Маларыцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета. – На другім месцы апынуліся юныя тэатралы з Ляхавецкага д/с-СШ (кіраўнік Аліна Жышкевіч), якія прадставілі аўтарскую апрацоўку казкі братоў Грым “Беласнежка і сем гномаў”. Трэцяе месца заслужана заваявалі вучні Хаціслаўскай СШ. Яны на сцэне СШ №2, дзе праходзіла творчае спаборніцтва, па-майстэрску ўвасобілі нямецкую народную казку ў аўтарскай апрацоўцы “Казка пра дружбу” пад кіраўніцтвам Валянціны Крэнь і Марыі Пішчык.
        Акрамя таго, былі вызначаны лепшыя тэатральныя вучнёўскія калектывы ў трох намінацыях. У намінацыі “Тэатралы” лепшай прызнана пастаноўка вучняў Чарнянскай СШ (кіраўнік Марта Кулічык), у намінацыі “Маскарад” — вучняў Лукаўскай СШ (кіраўнікі Сяргей Чыкіта і Алена Міхальчук), у намінацыі “Кампазіцыя” – вучняў Ланской СШ (кіраўнік Вера Ільючык).
       Пры вызначэнні лепшых тэатральных пастановак самадзейных артыстаў журы ўлічвала мастацкую каштоўнасць твора, правільнасць вымаўлення, узровень валодання замежнай мовай, яе выразнасць, адпаведнасць задумы твора яго сцэнічнаму ўвасабленню. Таксама ўлічваўся культуралагічны аспект выступлення: сцэнічны выгляд, перадача літаратурнага вобразу твора і інш.
Хутка тэатральны калектыў СШ №1 будзе прадстаўляць Маларытчыну на аналагічным абласным творчым спаборніцтве.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Прапануем вашай увазе невялікі фотарэпартаж з фестывалю

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.