РЭХА ЧОРНАЙ БЫЛІ

25 гадоў з дня чарнобыльскай трагедыі
І. Самі рабілі свінцовыя сарочкі
25 гадоў, чвэрць стагоддзя, аддзяляюць нас ад таго
страшнага дня, калі ў Чарнобылі здарылася аварыя на
атамнай станцыі. Пра яе мы
цяпер успамінаем не часта, хаця памятаем. А тыя, каму
выпала быць побач з
рэактарам, памятаюць усё да драбніц. Васіль Аляксандравіч Шалашоў, адзін з удзельнікаў ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, успамінае:
— 26 красавіка на Чарнобыльскай атамнай станцыі здарылася аварыя, а 2 мая я быў ужо ля рэактара. У 3 гадзіны раніцы нас паднялі па “трывозе”, самалётам мы паляцелі ў Куйбышаў, з Куйбышава – у Кіеў, з Кіева прыехалі ў Чарнобыль. Там я прыняў роту радыяцыйнай разведкі. Кожную раніцу строга фіксаваліся дозы, якія атрымліваў асабовы састаў. І калі высвятлялася, што нехта набіраў дозу 25 рэнтген, яго адразу мянялі. Я мяняў камандзіра роты, ён літаральна за некалькі дзён атрымаў 25 рэнтген.
Усімі дазорнымі машынамі, мы іх называлі МРР-ы, кіравалі толькі афіцэры,  салдат на іх ужо не дапускалі. Кожную раніцу мы прачыналіся ў 3 гадзіны і з 3 да 7 гадзін вялі радыяцыйную разведку ў непасрэднай блізкасці ад рэактара. Было 28 кропак замеру, адна – з вельмі важных – непасрэдна ля рэактара. Я быў ад яго прыкладна на адлегласці 90 – 100 метраў.
Мы вымяралі ўзровень радыяцыі трыма прыборамі. З трох прыбораў здымалі паказанні і выводзілі сярэдняе. Усе паказанні заносіліся на спецыяльную карту, якую мы затым здавалі ў штаб па ліквідацыі вынікаў аварыі. Зыходзячы з карты ці з нашых замераў,  праводзіліся ўсе работы па ліквідацыі вынікаў аварыі непасрэдна ля рэактара, у Чарнобылі, у чарнобыльскай зоне.
Машыны, якія былі ў той час на ўзбраенні, недастаткова былі абаронены ад такой дозы радыяцыі, таму мы самі рабілі так званыя свінцовыя сарочкі. Наварвалі на машыны звычайныя цвікі,  на іх нанізвалі свінцовыя лісты, якія нам прывозілі з Кіева, і гэта дадаткова абараняла машыны ад радыяцыі.

ІІ. Загады не абмяркоўваюць
Часта пытаюцца, маўляў, вы былі тады маладыя, нявопытныя, напэўна, не ўяўлялі сабе ўзровень небяспекі, якую таілі радыяцыя, работа ля рэактара.
Я заканчваў вышэйшую ваенную ўстанову менавіта па гэтай спецыяльнасці і не проста ўяўляў, а добра ведаў, што такое радыяцыя. Бо вайна – а мне давялося быць і ў Афганістане,  – гэта справа выпадку. Тут павышаная небяспека, тут павышаная верагоднасць быць параненым і наогул загінуць, гэта вайна. А  ў Чарнобылі кожны ведаў, што мы атрымліваем пэўную дозу, пазбаўляемся ў нейкай ступені здароўя. Так, нам было па 28 гадоў. Мы былі маладыя, упэўненыя ў сабе, аптымістычныя і пра бяспеку не думалі. Мы выконвалі свой абавязак, бо прымалі прысягу. Быў загад, а загады, як вядома, не абмяркоўваюць.
Як нас засцерагалі ад радыяцыі на дзяржаўным узроўні? Па-першае, нам штодзённа давалі ёдзісты калій у таблетках,  па 1 шклянцы марской капусты, якую абавязкова трэба было з’есці, у кожнай палатцы стаяла па 5 – 6 скрынак мінеральнай вады “Баржомі”, ну і дадатковы паёк давалі: сыр, масла.
Безумоўна, калі мы выходзілі з зоны, абавязкова мыліся ў душы, практычна кожны дзень мянялі адзенне, яно абавязкова было белым, пачынаючы з галаўнога ўбору і заканчваючы шкарпэткамі. Мыццё пад душам было дэзактывацыяй кожнага.
Што рабілі ў вольны час і ці быў ён?
Нам штодзённа давалі на адпачынак 3 гадзіны, але мы такім правам не карысталіся, рыхтавалі тэхніку. Нашы МРР-ы былі на гусенічным хаду, і практычна праз кожныя 2 дні трэба было мяняць гусеніцы, бо самі гусеніцы, сам метал станавіліся радыеактыўнымі, “фанілі”, таму мы і вымушаны былі праз кожныя 2 дні гусеніцы мяняць, ну і тэхнічна абслугоўвалі машыны, мянялі прыборы і г.д. Словам, у вольны час рыхтавалі тэхніку.
Успамінаецца такое вось надзвычайнае здарэнне. Мы ехалі ад рэактара. Па маршруту ад яго былі пракладзены чыгуначныя пад’язныя шляхі. Гусеніцы машыны зачапіліся за рэйкі, і адзін бок машыны, як мы гаворым, “разула”, яна  была на адной гусеніцы. Мы спрабавалі паведаміць пра гэта па радыёстанцыі свайму вышэйстаячаму начальству, але радыёстанцыя не працавала, былі вялікія перабоі з-за павышанага ўзроўню радыяцыі. Што рабіць? Узялі пераносны прыбор для вымярэння радыяцыі,  апрануліся, пакінулі машыну і бягом адтуль. Прыбеглі ў штаб, аб усім паведамілі, там нам далі эвакуацыйную тэхніку, мы вярнуліся назад і прывезлі такім чынам сваю машыну адтуль. На наступныя суткі наша машына зноў была гатовая да работы.
Мы і самі тады атрымалі павышаную дозу. Гэта адчувалася па стану кожнага з нас: вочы сохлі, часта хацелася піць, узбуджаны стан рэзка пераходзіў у санлівасць, была млявасць. У той дзень адчувальную дозу атрымалі я і мой памочнік. І на працягу некалькіх дзён нам проста не дазвалялі працаваць: 3 ці 4 дні мы адпачывалі, наш экіпаж замянілі.
ІІІ. Ад нас утойваць праўду сэнсу не было
Ці ведалі мы ўсю праўду пра Чарнобыль? У той час я служыў пад Арэнбургам. І атрад, які першым прыбыў на ліквідацыю вынікаў аварыі, быў з Прыволжскай ваеннай акругі. Мы як прафесіяналы разумелі: калі задзейнічана армія, такія вялікія сілы, значыць, бяда вялікая. Інакш кажучы, ад нас, ваенных, утойваць праўду сэнсу не было. Мы самі ўсё добра разумелі.
— Васіль Аляксандравіч, вучоныя сцвярджаюць, што праз нейкі час тыя населеныя пункты, з якіх былі эвакуіраваны людзі, адновяцца. Ці магчыма гэта, на вашу думку, думку прафесіянала, які працаваў ля рэактара, бачыў рэальны малюнак? Ці магчыма, што там сапраўды можна будзе жыць і працаваць?
— З пасады камандзіра роты, набраўшы дозу, я быў пераве­дзены на паралельную пасаду. І мне як члену камісіі даводзілася ездзіць і бываць у многіх населеных пунктах чарнобыльскай зоны, дзе праводзілася ачыстка дамоў, вуліц. Я бачыў шмат незвычайнага і ня­звыклага. Можаце сабе ўявіць лысых коней, лысых кароў, лысых сабак?! Гэтыя жывёліны зграямі бегалі, як дзікія. Іх адстрэльвалі, закопвалі ў магільнікі, залівалі ўсё бетонам. Я бачыў мутацыйныя клубніцы памерам з яблык, траву ў рост чалавека, пшаніцу, што вымахала амаль да неба, бачыў ваенны гарадок пад Кіевам – пусты, бязлюдны, а ў хатах яшчэ працавалі халадзільнікі, якія людзі забылі выключыць; бачыў кінутую тэхніку,  пустыя дзіцячыя садкі, кінатэатры. Зайшлі, памятаю, у ленпакой у адным з ваенных гарадкоў, а там прайгравальнік уключаны.

ІV. “Колькі Бог адмераў, столькі і пражывем”
Акрамя ўсяго, мы бачылі і людзей, якія не захацелі пакідаць свае родныя месцы і засталіся жыць у радыяцыйнай зоне. Іх угаворвалі з’ехаць, каб засцерагчы сябе ад радыяцыі, а яны нам адказвалі: “Колькі Бог адмераў, столькі і пражывем. Але ў сваёй роднай хаце”. Хочацца верыць, што з цягам часу ў чарнобыльскай зоне адродзіцца жыццё. І там можна будзе жыць і працаваць, тым больш, што тамашнія мясціны вельмі і вельмі багатыя.
Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: такія моманты можна было сабе дазволіць, хаця і нячаста; камандзір роты Васіль ШАЛАШОЎ і яго баявыя таварышы (чэрвень 1986 г.); Васіль ШАЛАШОЎ і яго цёзка ля сваёй “МРР-ы” (чэрвень 1986 г.).

Добавить комментарий


www.steroid-pharm.com

http://best-cooler.reviews/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!