КРАСАВІК: народныя прыкметы

Назва чацвёртага месяца года паходзіць ад слова “красаваць”, бо ў ім з’яўляюцца першыя краскі-кветкі. Гэтаму адпавядае і другая назва, што сустракаецца ў старажытнай літаратуры, – «кветень». Яе выкарыстоўвае і першадрукар Францыск Скарына ў “Малой падарожнай кніжцы”. У старажытных славян чацвёрты месяц года яшчэ вядомы як «беразоль».


         У другім веснавым месяцы прырода яшчэ захоўвала сляды зімы: “Красавік чорны ў полі, а ў бары – белы”. Калі ж вясна здаралася ранняя, дрэвы пачыналі пакрывацца маладымі лісткамі, пасля чаго ўжо гром на зялёнае голле ўспрымаўся ў народзе як паказчык будучых поспехаў у жыцці і гаспадарцы. Пра гэта гаварылася і ў прыкмеце: “У красавіку грымоты – да цёплага года”. Сухі красавік абяцаў, што такі ж будзе і чэрвень, аднак ліпень за ім павінен прыйсці дажджлівы. Пчаляры прыглядаліся: раз не вылецелі ў красавіку пчолы – чакай халадоў, слоты.
         Красавік для земляроба – адказны час: падрыхтоўка насення і выбар аптымальнага дня першага ворыва. Надзейнай прыкметай гатоўнасці глебы з’яўлялася наступнае: сціскалі ў жмені невялікі яе камяк і з сілай разбівалі вобзем. Калі рассыпаўся – “засупоньвай хамут”. Пачалі жабы крактаць – выходзь у поле. Жаўрук зазвінеў – бяры саху ў рукі. Не без падстаў у народзе было прынята выязджаць у поле пасля першага грому: следам за ім усталёўваліся цёплыя пагодлівыя дні. А яшчэ казалі: што ў красавіку ўзнікне, у чэрвені-ліпені заквітнее, паспее, а ў жніўні ў засекі і свірны схаваецца, у доўгую зіму дашчэнту падбярэцца.

Прыкметы па днях месяца
1. Якое надвор’е 1 красавіка, такое і 1 кастрычніка.
6. Калі ноч цёплая, то вясна будзе дружная. Лічылася, што гэты дзень спрыяльны для пасадкі гароху.
7. Дабравешчанне без ластавак – халоднае лета. Якое Дабравешчанне, такі і Вялікдзень. Калі ў гэты дзень ішоў дождж, лічылася, што будзе багаты ўраджай грыбоў, а калі грымеў гром, то зародзяць арэхі. Па народных назіраннях, у гэты дзень прыляталі буслы.
9. У народзе казалі, што ў гэты дзень шчупак хвастом лёд разбівае, а кнігаўкі вярталіся з выраю.
14. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то лічылася, што суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.
16. Калі ў гэты дзень крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбакам.
19. Ціхі дзень абяцаў добры ўраджай яравых.
20. Дождж у гэты дзень – да добрай каліны.
21. Калі дзень ясны, то лета будзе цёплым. У гэты дзень пачыналі сеяць авёс.
24. Народ заўважыў, што ў гэты дзень мядзведзь выходзіць з бярлогі.
25. Дождж на Марка, дык зямля як шкварка.
29. Пачыналі сеяць капусту на расаду.
30. Расстаўлялі вуллі на пчальніках. Калі ў апошні дзень красавіка сонца ўзыдзе ясна – бу­дзе сухое лета, а калі праз хмары – дажджлівае. Прыкмячалі: на які “хлеб” паляцела пчала першы раз з вулля, той і на зерне будзе багаты.

Падрыхтаваў Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


Рулонный газон

tsoydesign.com.ua

progressive.ua