Паліна Падлужная з Маларыты мэтанакіравана рухаецца да сваёй мэты

Паліна Падлужная, вучаніца 8 “Б” класа СШ №1, нядаўна прымала ўдзел  у першынстве Брэсцкай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод спартсменаў 2004 года нараджэння і маладзейшых. Па выніках спаборніцтваў па пяцібор’ю  Паліна ўзнагароджана Дыпломам ІІ ступені. У бегу на 800 метраў яна стала першай, у штурханні ядра – другой, у бегу на 60 метраў з бар’ерамі і скачках у вышыню  – трэцяй, у скачках у даўжыню – чацвёртай.

Паліна ўжо трэці год  сур’ёзна займаецца ў вучэбна-спартыўнай установе “Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна” ў трэнера Сяргея Астапука.

–Спачатку трэніроўкі наведвала тры разы на тыдзень, потым – пяць, а цяпер – шэсць, – гаворыць Паліна. – Кожная з іх працягваецца не менш за тры гадзіны. Толькі так можна дасягнуць пэўных вынікаў.

Між  іншым, у кастрычніку 2017 года дзяўчына ўдзельнічала ў адкрытым першынстве Брэсцкай вобласці сярод спартыўных дзіцяча-юнацкіх школ алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2003 і 2004 гадоў нараджэння. На іх Паліна заняла першае месца ў скачках у вышыню,  другое –  у скачках у даўжыню, трэцяе – у бар’ерным бегу на дыстанцыі 60 метраў. Выніковым было яе выступленне  і на першынстве Брэсцкай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2004 і 2005 гадоў нараджэння. У спаборніцтвах па пяцібор’ю  Паліна заняла трэцяе месца.

Дзяўчына плануе сваё жыццё звязаць са спортам і марыць паступіць вучыцца ў адну са школ алімпійскага рэзерву краіны.

      Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.