Малоритчина: снижение цен, строительство новой районной гостиницы, фестиваль молодежи и город-сад

Працягваем знаёміць з тым, што адбывалася ў раёне ў 50-60-ыя гады мінулага стагоддзя. У чарговы раз перагорнем разам старонкі раённай газеты.

У першым нумары раённай газеты “Знамя Победы” за красавік 1952г. змяшчаецца падрабязная інфармацыя пра зніжэнне дзяржаўных  рознічных цэн на харчовыя тавары: “У сувязі з поспехамі,  дасягнутымі ў 1951 годзе ў прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, ростам вытворчасці працы і зніжэннем сабекошту прадукцыі, Савецкі ўрад  і ЦК КПСС праводзяць з 1 красавіка 1952 года новае – пятае па ліку – зніжэнне цэн на тавары масавага спажывання”. Згодна з дакументам, цэны, напрыклад, на хлеб жытні зніжаліся на 12%, хлеб пшанічны – на 12%, на крупы манныя,  ячныя і аўсяныя – на 20%, на зерне пшаніцы, аўса, ячменю – на 15%, на мясапрадукты – на 15%, на сыры – на 20%, на цукар – на 10%… “Знізіць  адпаведна цэны ў рэстаранах, сталовых і іншых прадпрыемствах грамадскага харчавання… Знізіць рознічныя цэны на кнігі, уключаючы падручнікі, на 18%, плату за нумары ў гасцініцах – на 15%”.

Газета таксама паведамляе,  што з гэтай нагоды ў калгасах, на прадпрыемствах, установах Маларытчыны праходзяць шматлікія мітынгі і сходы. “Людзі ад душы дзякуюць бальшавіцкую партыю, родны Савецкі ўрад і асабіста таварыша Сталіна за клопат, які праяўляе Савецкая дзяржава аб простых людзях”.

У красавіку 1956 года  газета “Сцяг Перамогі” пісала аб тым, што “пачалася закладка фундамента новай раённай гасцініцы на вуліцы Савецкай. Дзяржава асігнавала на яе ўзвядзенне 175 тысяч рублёў. Будынак будзе цагляны, аднапавярховы, разлічаны на 23 месцы. Будаўнікі плануюць здаць гасцініцу ў эксплуатацыю ў гэтым жа годзе”.

С.Г.Бажко, сакратар РК ЛКСМБ, паведамляе, што “2 мая ў Маларыце пройдзе першы раённы фестываль моладзі пад дэвізам “Слава працы”. У ім прыме ўдзел больш за тысячу чалавек. Зараз камсамольскія арганізацыі раёна разгарнулі  сур’ёзную падрыхтоўку да гэтага мерапрыемства”.

Вялікая ўвага ў раёне ўдзялялася добраўпарадкаванню  населенага пункта. “15 красавіка калектыў вучняў і настаўнікаў сярэдняй школы і вучылішча механізацыі правялі нядзельнік па добраўпарадкаванні райцэнтра. Былі праведзены значныя работы па выпрамленню і асушэнню вуліцы Піянерская, акрамя таго, ачышчаны і прыведзены ў парадак газоны на Савецкай. Зараз вядзецца будаўніцтва раённага стадыёна,  працягваецца азеляненне  вуліц і машчэнне тратуараў”.

У красавіку 1959 года раённая газета “Сцяг Перамогі” змяшчае некалькі  заметак пра тое, што маларытчане дапамагаюць асвойваць цалінныя землі: “Адбыўся  чарговы выпуск механізатараў у Маларыцкім вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі №11 у колькасці 80 чалавек. Усяго ў гэтым годзе выпушчана 268 трактарыстаў-машыністаў шырокага профілю і 30 чалавек – трактарыстаў-слесараў ІІІ разраду. 239 механізатараў накіраваны на работу ў калгасы і саўгасы Брэсцкай вобласці. З ліку выпускнікоў 59 механізатараў паехалі на цалінныя землі Казахстана”. За старанную працу Указам  Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР пяць лепшых механізатараў вучылішча ўзнагароджаны медалём “За асваенне цалінных зямель”. Гэта М.В.Дубяга, М.І.Кандрацюк, І.А.Ліствановіч, Г.Ф.Люльковіч, М.П.Макарэвіч.

Цікавай з’яўляецца і наступная інфармацыя: “У Олтушскім СДК прайшоў сход прызыўнікоў сельсавета. Перад прысутнымі з дакладам на тэму “Ход падрыхтоўкі прызыўнікоў сельскага Савета да прызыву ў рады Савецкай Арміі” выступіў т.Дзясятаў. У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел прызыўнікі,  іх бацькі,  работнікі грамадскіх арганізацый райцэнтра. Удзельнікі сходу  прынялі  абавязацельствы і звярнуліся да прызыўнікоў раёна са зваротам”. Сярод іншага, у гэтым звароце чытаем: “1. Да прызызу ў армію кожнаму прызыўніку выпрацаваць не менш за 180 працадзён. 2. Да 1 чэрвеня 1959 года кожнаму прызыўніку здаць нормы ГПА І ступені. 3.Усе прызыўнікі павінны быць членамі ДТСААФ і прымаць актыўны ўдзел у масавай рабоце…”

У апошнім нумары газеты “Сельскае жыццё”  за красавік 1965 года друкуецца Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР: “Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР пастанаўляе: дзень 9 Мая – свята Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў – у далейшым лічыць нерабочым днём. Масква, Крэмль. 26 красавіка 1965 года”.

У красавіку 1968 года “Сельскае жыццё” пісала аб тым, што ў райкаме партыі прайшла раённая тэарэтычная канферэнцыя, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння Карла Маркса. У ёй прынялі ўдзел дырэктары школ і іх намеснікі, прапагандысты сістэмы палітасветы, сакратары  партарганізацый, кіраўнікі  прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, калгасаў… У абмеркаванні даклада выступілі намеснікі дырэктараў Пажэжынскай і Лукаўскай васьмігадовых школ, а таксама –  Збуражскай,  Маларыцкай і  Олтушскай сярэдніх школ. “Дырэктарам школ было прапанавана правесці тэарэтычныя канферэнцыі сярод настаўнікаў сваіх мікрараёнаў і аформіць неабходныя стэнды,  прысвечаныя жыццю і дзейнасці К.Маркса”.

У красавіку 1971 года раённая газета “Сельскае жыццё” змяшчае  заклік Васіля Маркава, члена выканкама гарадскога Савета дэпутатаў працоўных “За горад высокай культуры”. Заклік з’яўляецца актуальным, надзённым і сёння. Васіль Піліпавіч піша: “Расце і прыгажэе наша Маларыта. Любоў да роднага краю ўласціва нашым людзям. Жыхары  горада імкнуцца зрабіць прыгажэйшымі тыя мясціны, дзе жывуць. Не стаў выключэннем і сёлетні год. З наступленнем цёплых дзён многія маларытчане выйшлі саджаць дрэвы, кусты,  кветкі…  Напэўна, кожнаму хочацца,  каб горад быў чыстым  і прыгожым. Таму неабходна, каб кожны жыхар прымаў самы актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні свайго населенага пункта. Ператворым Маларыту ў горад-сад! Гэта ў нашых сілах”.

    Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.