АБАРАНІЦЬ СЯБЕ АД ЖОРСТКАСЦІ

У рамках акцыі “Дом без насілля”, якая праводзіцца ў красавіку ва ўсіх рэгіёнах краіны,  прадстаўнікі тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа і райбальніцы пабывалі ў дзяржаўным прафесійным ліцэі, дзе сустрэліся з навучэнцамі. У час гутаркі размова ішла пра алкаголь і агрэсію, якую ён выклікае, пра сямейныя драмы, праблемы ва ўзаемаадносінах і шляхі, якія вядуць у рабства. Арганізатары сустрэчы называлі сумныя лічбы,  прыводзілі прыклады таго, як лёгка разбурыць сваё жыццё, паддаўшыся алкаголю і наркотыкам. Але адна справа пачуць, зусім іншая — убачыць самому эпізоды жыцця тых лю­дзей, хто паддаўся спакусе “зялёнага змея”. Жорсткія з-за сваёй праўдзівасці і рэалістычнасці кадры дакументальнай кінастужкі “Свет у канцы тунеля” не маглі не прымусіць маладых людзей задумацца аб сваім жыцці. Ніколі не трапляць у тыя жыццёвыя сітуацыі, у якіх апынуліся героі фільма, пажадалі юнакам і дзяўчатам арганізатары сустрэчы.
У той жа дзень па ініцыятыве тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва навучэнцы ліцэя — валанцёры Чырвонага Крыжа — выйшлі на цэнтральную вуліцу горада, каб уручыць прахожым памяткі, брашуры з важнай інфармацыяй, якая можа дапамагчы чалавеку, што трапіў ў складаную жыццёвую сітуацыю, адшукаць шляхі выратавання, пабароць у сабе страх і, калі давялося сутыкнуцца з любой формай насілля, вызваліць сябе ад палону.
У час правядзення акцыі “Дом без насілля” сустрэчы прайшлі не толькі ў школьных і маладзёжных калектывах. Спецыялісты тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання пагутарылі з дзецьмі-сіротамі, пабывалі ў вёсках Антанова і Печкі, дзе пастараліся данесці важную інфармацыю аб тым, як можна абараніць сябе і сваё жыццё,  наведалі адзінокіх пажылых людзей.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час акцыі “Дом без насілля”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.