Сацыяльнай службе 25 гадоў

Адзінота пажылога чалавека — вялікая сацыяльная праблема. Дзеці выраслі, сталі дарослымі, самастойнымі і пакінулі бацькоўскае гняздо. Многія аднагодкі ўжо сышлі ў іншы свет, а пасля любімай працы, якой аддадзены лепшыя гады жыцця, — заслужаны адпачынак. Аднолькавыя шэрыя дні запоўнены бясконцаю шэраю адзінотаю. Сярод людзей і адзін. Часта — хворы, бездапаможны. Няма да каго адазвацца, слова няма каму сказаць. Нікому не патрэбны, усімі забыты. Цяжкая і незайздросная доля, наканаваная лёсам. Як быць? У такой няпростай сітуацыі чалавеку руку дапамогі працягвае дзяржава.
У краіне сацыяльная служба з’явілася ў 1986 г., калі Міністэрства сацыяльнага забеспячэння БССР на тэрыторыі краіны пачало эксперымент па стварэнні аддзяленняў сацыяльнай дапамогі дома. На Маларытчыне такое аддзяленне было створана 1 мая 1988 г. на базе Дамачаўскага дома-інтэрната (узначальвала Галіна Смаль). У яго штаце налічвалася 4 чалавекі. Гэта Марыя Анішчук, Вера Гузюк, Васіль Алесіюк і Надзея Хоміч. Яны абслугоўвалі 30 адзінокіх грамадзян. У пачатку 1989 г. аддзяленне перадаецца ў падпарадкаванне Маларыцкага райсабеса. Гэтую структуру ў раёне з 1966 па 1999 гады ўзначальваў Уладзімір Дрэмук. Амаль 20 гадоў працуе ў сацыяльнай службе Таццяна Саўчук. У студзені 2002 г. на Маларытчыне створаны раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, які ў канцы 2003 г. перайменаваны ў маларыцкі тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
— Тады ж, — кажа Мікалай Мішчанка, дырэктар Цэнтра, — у яго структуры было створана 3 аддзяленні: першаснага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання; сацыяльнай дапамогі дома; тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання. Пазней у штат уводзіцца пасада юрысконсульта. Напрыканцы 2005 г. ствараецца аддзяленне псіхалагічнай дапамогі і рэабілітацыі (пазней – аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі). А са студзеня 2010 г. у нас працуе аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў.
— Мікалай Мікалаевіч, якія асноўныя вынікі працы за мінулы год?
— За 2010 г. да нас за дапамогай звярнулася 7193 чалавекі, аказана 222438 розных відаў паслуг, з іх — амаль 600 разавых сацыяльна-бытавых, праве­дзена больш чым 200 псіхалагічных трэнінгаў, тэсціравання, кансультацый. У сацыяльна-культурных мерапрыемствах і акцыях, якія былі арганізаваны нашымі спецыялістамі, прыняло ўдзел амаль 1000 грамадзян. Акрамя таго, 23 маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, у якім працуе 7 гурткоў. Усяго ў Цэнтры арганізавана работа 13 гурткоў і клубаў, у тым ліку 2 па месцы жыхарства.
— У нас, — расказвае Людміла Алесік, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапа­могі дома, —  211 чалавек абслугоўваюцца на ўмовах частковай аплаты, 8 – поўнай. Для гэтага распрацаваны тарыфы. Што тут улічваецца? Многае. Напрыклад, рухальная актыўнасць чалавека, дзе пражываюць яго дзеці працаздольнага ўзросту і дзе ён сам… Наша асноўная мэта – дапамагчы састарэлым лю­дзям адчуць, што яны не адзінокія, не кінутыя, не забытыя ўсімі, што яны камусьці патрэбныя. Для гэтага спрабуем разнастаіць іх шэрыя будні, па магчымасці палепшыць умовы жыцця. Мы імкнемся дайсці да кожнага, хто мае патрэбу ў дапамозе, падтрымцы, клопаце, добрым слове. Сацыяльная работа  з адзінокімі пажылымі людзьмі шматпланавая і многааспектная. Важным у сацыяльным абслугоўванні з’яўляецца псіхалагічная падтрымка, уменне выслухаць, падтрымаць гутарку, супакоіць, стварыць спрыяльны псіхалагічны мікраклімат. Каб зрабіць разнастайным вольны час, сацыяльныя работнікі выкарыстоўваюць розныя метады і формы. Толькі, напрыклад, за апошні час адбыліся пасяджэнні клуба па інтарэсах у многіх сельскіх Саветах, працуюць міні-клубы дома, праводзяцца рэйды-наведванні, віншавальныя акцыі разам са светарамі, розныя конкурсы, акцыі, канцэрты, “круглыя сталы”. Акрамя таго, з дапамогаю сацыяльных работнікаў праводзіцца своечасовая шпіталізацыя хворых адзінокіх грамадзян у стацыянарныя лячэбныя ўстановы. Напрыклад, за мінулы год 8 чалавек накіраваны ў бальніцу сястрынскага догляду, 3 – аформлены ў дамы-інтэрнаты. Пераканана, што адзінота чалавека ў пажылым узросце — праблема вострая і актуальная, на якую нельга закрываць вочы ні ў якім выпадку.
Аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома, апрача ўсяго, аказвае сацыяльна-бытавую дапамогу і кваліфікаваны догляд у хатніх умовах пенсіянерам і інвалідам, платныя комплексныя і разавыя паслугі, устанаўліваюць і падтрымліваюць сувязь з працоўнымі калектывамі, дзе раней працаваў чалавек, якога абслугоўваюць.
— Сацыяльны работнік, калі неабходна, — усміхаецца Святлана Тарноўская, —  беліць, мые, фарбуе, клеіць шпалеры, складвае дровы, брыкет, косіць траву ля дома, садзіць агародніну, апрацоўвае прысядзібны ўчастак, вывозіць смецце. Калі неабходна, то думае, як адрамантаваць калодзеж, гаспадарчыя пабудовы ці печ, выкапаць і перабраць бульбу. Можа падстрыгчы чалавека, памераць ціск, схадзіць у магазін за прадуктамі, напісаць пісьмо, проста падтрымаць размову. Адным словам, сацыяльны работнік – майстар на ўсе рукі і самы блізкі чалавек.
— Сацыяльным работнікам працую з дня ўтварэння гэтай службы, — дзеліцца думкамі Марыя Анішчук з Лукава. – Калі пачынала працаваць, то ніхто не ведаў дакладна, чым неабходна займацца. Некаторыя  разважалі, маўляў, хлеба прынёс з магазіна – і ўсё. Але гэта далёка не так. Хто такі сёння сацыяльны работнік на вёсцы? Для  састарэлых людзей ён, бадай, з’яўляецца ўсім. Чалавеку цяжка аднаму сядзець у 4 сценах. Таму часта, калі да мяне звяртаюцца, кажуць: “Дачушка…” Сацыяльны работнік падтрымлівае цесную сувязь з пажарнікамі, участковым інспектарам, медыцынскімі работнікамі, органамі мясцовай улады…
Адным з асноўных прынцыпаў працы з людзьмі састарэлага ўзросту з’яўляецца павага да асобы. Ад сацыяльных работнікаў патрабуецца аператыўнасць, ініцыятыўнасць, разуменне мноства праблем, якія ўзнікаюць. Аднак галоўнае – любоў, простая, шчырая, чалавечая. Ад яе адзінокім адразу становіцца на душы добра, робіцца весялей, спакайней. І яны штодзень чакаюць, калі іх наведаюць. Своеасаблівай хуткай дапамогай для састарэлых людзей з’яўляюцца многія сацыяльныя работнікі. Аднак асабліва ў тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адзначаюць працу Ніны Абрамук (в.Лукава), Таццяны Цяліпка (в.Заазёрная), Святланы Машлякевіч (в. Дарапеевічы), Веры Самасюк (в.Ляхаўцы), Таццяны Пугач (в.Макраны), Лідзіі Сіжук (в.Збураж).
— Для вырашэння першачарговых задач па абслугоўванню састарэлых людзей, — кажа Людміла Алесік, — неабходны добра кваліфікаваныя работнікі, кампетэнтныя ў сваёй справе. Для гэтага мы пастаянна атэстуем кадры, праводзім вучобу іх, інструктажы, заняткі ў школе сацыяльнага работніка, навучальныя семінары па розных тэмах, у тым ліку – па пажарнай бяспецы, асновам бяспечнай жыцця­дзейнасці. Для эфектыўнасці працы ў нас распрацавана некалькі спецыяльных праграм.
Працу сацыяльнага работніка што­дзённа бачаць людзі, таму і ацэньваецца яна імі. Не павінна тут быць абыякавасці, чэрствасці, фармалізму, памылак. Справу ж маем з жывым чалавекам, асобаю! Абавязак кожнага, хто выбраў сацыяльнае служэнне па закліку свайго сэрца, — заваяванне высокага аўтарытэту ў грамадстве. Гэтаму не вучаць у вышэйшых навучальных установах. Ён не выдаецца разам з уладкаваннем на працу і службовым пасведчаннем. Сапраўдны сацыяльны работнік – прызванне, у аснове якога ляжыць бязмерная любоў да чалавека, жаданне працягнуць яму руку дапамогі ў розных сітуацыях.
Р.S. Кацярына Пугач:
— Вельмі добра, што ў нашай дзяржаве ёсць служба, якая клапоціцца пра такіх, як я – людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мне вельмі неабходна падтрымка ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Мой сацыяльны работнік Наталля Бойка – сонца ў акенцы, мае рукі, ногі і вочы. Яна, напэўна, адна з самых блізкіх і родных людзей, якую з нецярпеннем чакаю тры разы на тыдзень. Дзякуючы ёй, адчуваю  сябе паўнацэнным грамадзянінам сваёй краіны. Хочацца сказаць вялікі дзякуй усяму калектыву тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Вы робіце жыццёва важную справу.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


http://maxformer.com

medicaments-24.com/

www.adulttorrent.org/search/bondagecafe/5
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!