Яўген і Павел Грышалёвы з Маларыты: вельмі падобныя і зусім розныя!

Яўген і Павел Грышалёвы вучацца ў 5 “Б” класе Маларыцкай раённай гімназіі. Яны самыя лепшыя сябры. Хлопцы ўсюды і заўсёды прывыклі быць удвух, бо, адчуваючы надзейнае плячо брата, любую справу робіш лепш і хутчэй.

Братоў-двайнят я бачыў разам не раз. І заўсёды яны мне здаваліся вельмі ж падобнымі адзін да аднаго. Такія энергічныя,  рухомыя, з агеньчыкам у вачах… У іх аднолькавыя прычоскі, ледзь улоўныя адрозненні ў голасе, міміцы і жэстах. Хто Яўген, а хто Павел – сказаць з першага погляду цяжкавата. Адзіная падказка – апрануты па-рознаму.

– Добра быць аднолькавымі?

–А мы зусім розныя, – пераконвае Яўген, які старэйшы за брата на 2 хвіліны.  –Падобныя мы недзе на працэнтаў 70. У нас нават на будучае розныя планы: я мару стаць архітэктарам, а Павел – футбалістам…

На ўроках хлопцы сядзяць за рознымі партамі. Гэта,  напэўна,  для таго, каб не блыталі іх настаўнікі і аднакласнікі. Спецыяльна для фотаздыка давялося пасадзіць іх разам.

–У вас не было такіх сітуацый, калі Яўген на некаторы момант станавіўся Паўлам,  а Павел – Яўгенам? – цікаўлюся я.

–Дома  адназначна,    што не, – усміхаецца Яўген. –  Такія пераўвасабленні адразу ж заўважаюцца. У гімназіі, бывае зрэдку, што блытаюць. Аднак, калі да нас звернуцца “памылкова”, не сумуем і не крыўдуем, а, усміхаючыся, называем  свае сапраўдныя імёны. Адзін за аднаго на ўроках адказваць не спрабавалі: бу­дзе сорамна,  калі ў класе заўважаць такі падман. Вучымся мы амаль аднолькава, таму неабходнасці падмяняць адзін аднаго пакуль няма.

– Мае хлопцы сапраўды розныя, – гаворыць маці Вольга Грышалёва. – З раддома іх не блытаю. Не блытае сыноў і мой муж Сяргей. Па сваіх, асаблівых прыкметах, пазнаем, хто Яўген, а хто – Павел. Адрозненні адчуваем нават унутрана. Калі раскласці фотаздымкі і ўважліва прыглядзецца да іх, то можна заўважыць, што Яўген больш падобны да дзядулі Анатоля,  а Павел – да свайго бацькі Сяргея. Ды і характары ў хлопцаў розныя. Акрамя таго,  лідарам па жыцці ўсё ж такі, на мой погляд, з’яўляецца Яўген.

– Хлопцы, а што ў вас зусім нічога няма агульнага?

– Напэўна, усё  ж  такі ёсць, — згаджаецца Павел. – Любім аднолькавыя стравы,  дапамагаем па гаспадарцы бацькам, разам малюем і наведваем аддзяленне фатаграфіі дзіцячай школы мастацтваў, разам адпачываем і гуляем у футбол, сур’ёзна займаемся лёгкай атлетыкай у вучэбна-спартыўнай установе “Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна”. А яшчэ з задавальненнем даглядаем за сабакам,  якога спецыяльна для нас прывезлі з Мінска.

– Вольга Анатольеўна, а чаму такія імёны выбралі для хлопцаў?

– Мы з мужам доўга думалі, якія выбраць сынам імёны. Яўгена  так назвалі ў гонар бабулі Яўгеніі, цудоўнай жанчыны, якой цяпер ужо 91 год. А вось імя Павел выбралі проста так. Яно і мне, і мужу падабаецца. Ніякіх асацыяцый тут няма. Наогул жа я лічу, што галоўнае не імя, а тое,  якім стане чалавек, які яго носіць.

   Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!