Вязні фашызму — успаміны сведкаў (Маларыцкі раён)

Каля 600 чалавек з Маларыцкага раёна гіт­лераўцы вывезлі на прымусовыя катаржныя работы ў Германію. Не ўсе змаглі вярнуцца на радзіму. Многія загінулі ад непасільнай працы і здзекаў. А ў тых, каму пашанцавала выжыць у тым рабскім пекле, было на ўсё жыццё падарвана як фізічнае, так і псіхалагічнае здароўе. Сёння на тэрыторыі Маларыцкага раёна пражывае ўсяго толькі 18 былых вязняў.

 

Невялічкая хатка Ганны Трафімаўны Клімук з вёскі Новае Роматова стаіць у самым канцы населенага пункта. За агародам адразу  пачынаецца лес. Жанчына на вуліцу амаль не выходзіць, дрэнна сябе адчувае.  Што ні кажы, а гады бяруць сваё: у сакавіку Ганна Трафімаўна адзначала сваю 87-ю вясну. За маці даглядае ды клапоціцца дачка. Ганна Трафімаўна разам з сястрой Марыяй і  бацькам прымусова была вывезена ў фашысцкую Германію. Бабульцы цяжка ўспамінаць сваё скалечанае дзяцінства ды і памяць ужо падводзіць. Але некаторыя эпізоды з тых страшных часоў назаўсёды засталіся ў дзіцячай свядомасці.

— Мы працавалі ў баўэра, — прыгадвае жанчына. – Бацька ад цямна да цямна быў заняты на сельгасработах, а я яму дапамагала. Нас за людзей там не лічылі, гаспадары называлі “русіш швайн”. З сястрой нас адразу разлучылі. Яна была старэйшай за мяне, паўналетняй, і яе прымусілі батрачыць на іншую нямецкую сям’ю. Кармілі нас дрэнна, нейкай баландай. Нават свінням лепшую ежу давалі, чым нам. І ўсё ж такі гэта было лепш, чым канцэнтрацыйны лагер. У нас быў шанц выжыць.

Амаль год пасля вызвалення яны дабіраліся ў родную вёску Гусак. Ехалі на таварняках, ішлі пешшу, збіваючы да крыві ногі. Начавалі дзе давядзецца і не ведалі, што іх чакае дома. Доўгая дарога да дому была напоўнена перажываннямі і болем. Бязлітасны малох вайны скалечыў,  змалоў мільёны людскіх лёсаў. У тым пекле цудам засталіся ў жывых маці Ганны Трафімаўны і яе сястра Вольга, а таксама брат Іван. Не дачакалася сям’я Клімукоў толькі старэйшага брата Фёдара, партызана.

— Брат пахаваны ў брацкай магіле, што ў роднай вёсцы Гусак, — праз слёзы паведамляе Ганна Трафімаўна. – Мне ўжо туды не дайсці і не ўскласці кветак.

 

Галіне Рыгораўне Ігнацюк з вёскі Масевічы сёлета ў маі споўніцца 75 гадоў. Яна – малалетні вязень. Галіна Рыгораўна нарадзілася ў 1943 годзе ў далёкім нямецкім горадзе Фрыдрыхсхафен, куды на прымусовыя работы былі вывезены яе бацькі. Пра страшныя выпрабаванні, што давялося перажыць у палоне, жанчына, канечне, не памятае. Яе аповяд грунтуецца на ўспамінах бацькоў, якім пашанцавала выжыць і  вярнуцца на радзіму.

— Мае бацькі родам з Украіны, з прыгожага мястэчка Берастэчка, што ў Валынскай вобласці, — павольна пачынае свой расказ бабулька. – Яны толькі пажаніліся, не паспелі нават і пажыць сям’ёю, як фашысты схапілі іх  і разам з іншымі пагналі ў Германію. Я нават не ўяўляю,   што ім давялося перажыць, якія пакуты перанесці. У адным пашанцавала, што трапілі не ў канцэнтрацыйны лагер, а рабочымі на завод. Працавалі ў цяжкіх, невыносных умовах. Фашысты не рабілі розніцы паміж мужчынамі, жанчынамі, дзецьмі. Для іх гэта быў рабочы матэрыял, бяс­платная рабсіла. Тых няшчасных, у якіх ужо не было моцы хадзіць, знішчалі. Не ведаю, як яшчэ атрымалася ў маёй маці вынасіць і нарадзіць у такіх умовах мяне. Напэўна, так было неабходна Богу.

На вачах у жанчыны з’яўляюцца слёзы. Ёй гаварыць балюча і невыносна цяжка. Жыла сям’я разам з іншымі гастарбайтарамі ў халодных бараках. Фашысты не далі нават паправіцца пасля родаў маці Галіны Рыгораўны  — Марыі Чарняхоўскай, а адразу  пагналі жанчыну на прымусовую працу на завод. За немаўляткам ніхто не глядзеў. Дзяўчынка была аддадзена на волю лёсу.

— З нашага мястэчка забралі ў Германію шмат маладых сем’яў, — працягвае расказваць кабета. – Тады свайго першынца нарадзіла і Каця Марцынюк.

 Маладыя маці вельмі перажывалі за сваіх дзетак. Душа разрывалася ад адной думкі, што іх малышы ляжаць у холадзе галодныя, заходзячыся ад крыку. Выйсце знайшлі: нанялі ў нянькі адну жанчыну ў гадах, плацілі ёй часткай свайго пайка. Так маленькая Галіна і выжыла.

Галіна Рыгораўна расказвае, што доў­гачаканай вясной 1945 года іх вызвалілі амерыканцы. Некаторыя з былых вязняў паехалі жыць у Амерыку, Англію, Францыю. Знаёмыя раілі і Рыгору Чарняхоўскаму са сваёй сям’ёй не ехаць на радзіму, а падацца куды-небудзь у Еўропу ці ЗША. Адказ Рыгора Іванавіча быў просты і цвёрды: “Не патрэбна мне чужына. Хопіць бадзяцца па свеце. А калі і давядзецца паміраць, то лепш на роднай зямлі, у бацькоўскім доме”. Вярнуліся Чарняхоўскія ў сваё Берастэчка. Вядома,  цяжка было пасля вайны будаваць новае жыццё. Усюды панавалі разруха ды галеча.

— Я добра памятаю, як мы галадалі, — узгадвае сваё пасляваеннае дзяцінства Галіна Рыгораўна. – Елі траву або запарвалі жыта. Бацька быў майстар на ўсе рукі, і гэта нас выратавала. Хадзіў па хатах, падзарабляў. Плацілі тады няшмат, давалі прадуктамі, у асноўным зернем. Сям’я ў бацькоў была вялікая, акрамя мяне, пасля вайны нарадзілася яшчэ шасцёра дзетак. На жаль, у жывых засталася толькі я адна.

Няпроста склаўся і далейшы лёс Галіны Рыгораўны. У дзевятнаццацігадовым узросце яна выйшла замуж  за Івана Ігнацюка, які быў родам з Маларытчыны. Пазнаёміліся ў клубе на танцах. Тады Іван служыў у ракетным палку, які дыслацыраваўся ў мястэчку. У 1967 годзе маладая сям’я пераязджае на радзіму мужа, у вёску Масевічы. Як і ўсе, пачалі будавацца, марылі аб сваім уласным прасторным доме, у якім будуць звінець шчаслівыя галасы дзяцей. Не атрымалася. У 32-гадовым узросце заўчасна памірае гаспадар. Галіна застаецца адна з дзіцём на руках.

— Я была ў роспачы, не ведала,  як жыць, што рабіць далей, — пры­гадвае Галіна Рыгораўна нярадасныя старонкі свайго жыцця, а голас па-здрадніцку дрыжыць. – Вяртацца дамоў на Украіну мне не было куды. Разумела, што для бацькоў, якія і так шмат гора зведалі, буду цяжарам. Вырашыла, што застануся ў Масевічах. Тут пахаваны мой муж, тут і мая радзіма. Працавала ў трох месцах, каб дабудаваць дом.

Галіна Рыгораўна – незвычайная жанчына, з моцнай сілай волі, якую не здолелі зламаць ніякія жыццёвыя нягоды. Яна сама пабудавала дом, пасадзіла сад,  выгадавала і вывела ў людзі сына.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


ailavita.com.ua

www.diploma-home.com/city-diplom-v-ufe.html