Баяцца трэба жывых, а не памерлых (Маларыцкі раён)

Упершыню ў гэтым ціхім месцы, як яго называюць у народзе,  я пабывала гадоў у сем.  Тады на вясковых могілках  хавалі дваіх дзяцей з суседняй вёскі. Зусім яшчэ малых. Яны згарэлі ў агні, і хавалі анёлаў-нябожчыкаў у зачыненай  труне. Адной на дваіх. Памятаю, як наўзрыд плакалі дарослыя, што прыйшлі на пахаванне. Дзеці ж яшчэ не ўсведамлялі як след той трагедыі, што адбылася. Таму моўчкі і з нейкім страхам назіралі за тым, як труну апускалі ў ямку, пасля закідвалі яе пяском.

 

Яшчэ больш уразіла мяне смерць і пахаванне старэйшай сястры маёй аднакласніцы з суседняй вёскі. Можа, таму, што памерла яна зусім маладой, а нам, дзецям, тады здавалася, што гэта – доля толькі пажылых людзей.   Хавалі дзяўчыну ў шлюбнай сукенцы. А праводзіць яе ў апошні шлях прыйшлі жыхары ўсіх навакольных вёсак…

Вясковыя могілкі…  Яны ніколі не палохалі мяне. Як не палохалі і нябожчыкі. “Баяцца трэба жывых, а не памерлых”, —  гаварыла мне маці.  – Нябожчыкі  не здрадзяць і не нанясуць удар у спіну”.  І я смела пайшла ў дзясятым класе позна вечарам праводзіць дадому аднакласніцу, якая засядзелася з намі.  Яна   жыла воддаль ад вёскі, акурат за могілкамі. Сяброўка мая адмовілася  пайсці з намі. У іншы дзень  яна, магчыма, згадзілася б, але толькі не ў той. Справа ў тым, што днём на могілках пахавалі жанчыну,  якая скончыла жыццё самагубствам. Ды яшчэ каля самой агароджы, што побач з дарогай,  па якой давялося праходзіць. Назад я вярталася адна, і нічога не здарылася, ніводная галінка на вялізных дрэвах не скалыхнулася. Нябожчыкі “спачывалі”, а на могілках было ціха і спакойна.

Многа гадоў  прайшло з таго часу. І тэрыторыя вясковых  могілак значна пашырыла свае межы. І родзічаў цяпер на іх хапае, знаёмых і сяброў. Нямала ўжо і аднагодкаў, сярод якіх  і аднакласніца Люба. Хапае і маладзейшых землякоў.  Са здымкаў на помніках глядзяць у росквіце сіл хлопцы.

Сусед Віцька. Я ведала яго з нараджэння.  Ён рос разам з малодшым братам.  Смешны такі быў у дзяцінстве, з крывымі, як кола, нагамі. І вельмі добры. Яго не стала  незадоўга да вяселля. Так замест радасці ў хату суседкі цёткі Тані прыйшла жалоба, а на могілках з’явіўся яшчэ адзін пагорак. Амаль 30 гадоў мінула з таго часу.  Няма ўжо і самой  цёткі Тані (муж  памёр раней),  і яшчэ  яе пяцярых сыноў. З дзевяці дзяцей засталіся толькі чацвёра. Двое з нябожчыкаў-хлопцаў  пахаваны побач з маці. Яшчэ трое  — у розных кутках могілак. Ля бабулі пахавана і яе маленькая ўнучка Светка, якой вельмі падабаліся мае нафарбаваныя чырвоным лакам  пазногці. Яна любіла са мной размаўляць і, гледзячы на мае рукі, заўжды гаварыла: “Калі вырасту,  мама мне таксама купіць такі  лак…”. Не вырасла. Лёс распарадзіўся па-іншаму. Смерць забрала дзяў­чынку яшчэ ў дашкольным узросце. І яна цяпер  з дакорам на жорсткі лёс глядзіць  з чорнага гранітнага помніка шырока раскрытымі вачыма на вяскоўцаў, якія праходзяць міма.

Толік. Светлавалосы  юнак з суседняй вёскі. Таксама недарэчная смерць:не справіўся з кіраваннем матацыкла.  Сяргей,  Жэня, Іван…  З таго часу,  як не стала гэтых маладых мужчын, памерла яшчэ шмат вяскоўцаў сельсавета. Сярод іх і мае родныя.  Спачатку малодшы брат, затым памёр  ад раку  бацька,  дачушка-немаўля,  а адзінаццаць гадоў таму  (усяго  два  тыдні не дажыла да свайго 80-годдзя)  – матуля.

Хутка за маці на нашым канцы вёскі не стала жонкі бацькавага брата – цёткі  Веры. Потым суседак – цёткі Мані, яшчэ адной цёткі Веры, бабы Ганны, цёткі  Моці…

Цяпер ужо памерлых хаваюць там, дзе некалі праходзіла дарога, па якой я праводзіла сваю аднакласніцу дадому. Тут зусім яшчэ  свежыя магільныя ўзгоркі. Толькі  ў пазамінулым годзе  ў сельсавеце памерла 25 чалавек. Сярод іх некалькі ў росквіце  сіл  працаздольных мужчын і  старэйшая сястра маёй лепшай сяброўкі  – Ганна. Летась не стала  суседкі Мар’і,  бацькавай сястры цёткі Тонькі, сёлета  – яшчэ адной сяброўчынай сястры Дуні…  Усе яны пакінулі свае хаты і спачываюць на вясковых могілках. І цяпер ужо менавіта сюды ,  а не ў апусцелыя дамы прыхо­дзяць праведаць сваіх бацькоў і родных жывыя. Дзеці і ўнукі прыбіраюць магілы, упрыгожваюць  іх рознакаляровымі стужкамі і штучнымі кветкамі. У такія моманты здаецца, што жыц­цё з цэнтральнай вясковай вуліцы некалі шматнаселенай вёскі перабралася сюды…

Надзея Верас.  

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.