З ліку вопытных і надзейных

Кожная новая вясна ніколі не бывае падобнай на папярэднюю. Як, між іншым, і кожная пасяўная. Падобным з году ў год застаецца тое, што трэба, не губляючы час, старанна працаваць, выкарыстоўваць не толькі кожны спрыяльны дзень, але і кожную гадзіну.
На палях СВК “Макраны” ў гэтыя дні сеюць кукурузу. Пад яе адведзена 600 гектараў.  Штодня на сяўбе кукурузы заняты механізатар гаспадаркі Сяргей Багінскі. Ён умела абыходзіцца з тэхнікай, добра ведае, што неабходна рабіць, каб працавала яна без збояў, а таму засявае ў дзень па 20-25 гектараў.
У Макранах Сяргей Мікалаевіч з сям’ёй жыве трэці год. Пры­ехаў сюды з Казахстана. Новае месца жыхарства, прызнаецца, выбраў выпадкова, але не расчараваўся. Не памыліліся і ў гаспадарцы, даверыўшы прыезджаму чалавеку тэхніку. Сяргей Мікалаевіч даказаў, што ўмее працаваць добра і адказна.
— Яго і правяраць не трэба, калі атрымаў заданне, выканае якасна, — характарызаваў механізатара галоўны аграном гаспадаркі Ігар Бурда.
У напружаны вясенні час адна работа змяняе другую. Сёлета ў СВК “Макраны” вырашылі павялічыць плошчы пад агародніну. Летась морква, якая была пасаджана на 15 гектарах, дала добры ўраджай. Сёлета яе пасеялі на 47 гектарах. На 10 гектарах запланавана пасеяць капусту — цвятную і брокалі, якая таксама была летась рэнтабельнай. Вопыт вырошчвання гэтых культур у гаспадарцы ёсць. А якім будзе ўраджай сёлета – пакажа час.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: механізатар СВК “Макраны” Сяргей БАГІНСКІ. Галоўны кантралёр якасці — сумленне Сяргея.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!