Вёскі Маларытчыны: павольнае жыццё ў Заазёрнай

Пад  покрывам  збавіцелькі  Ганны

У кожнага населенага пункта, як і ў чалавека, свой лёс. Адны вёскі прыбудоўваюцца дыхтоўнымі сядзібамі, а другія глядзяць на свет пустымі вачніцамі акон. На жаль, гэта няўмольныя рэаліі жыцця. Заціхае паволі жыццё і ў некалі гаманлівай, спеўнай вёсачцы Заазёрная, што прытулілася непадалёк ад Олтушскага возера.

Сакавіцкая раніца, што пануе ў вёсцы,  сустракае нас цішынёй. Нязвыкла: ні брэху сабак, ні петушынага спеву. “Не здзіўляйцеся, маладых у вёсцы нямнога ды і тыя на працы, — кажа стараста вёскі Уладзімір Хвалеўка, які чакае нас каля мясцовай крамы, у самым цэнтры населенага пункта.

Уладзімір Андрэевіч у старастах больш за дваццаць гадоў, таму як ніхто іншы ведае, якімі клопатамі і праблемамі жыве сёння Заазёрная. “Нарадзіўся я ў Чарнянах, а сюды ў 1984 го­дзе ў прымы прыйшоў”, —  жартуючы, адзначае стараста. Усё жыццё Уладзімір Андрэевіч аддаў сельскай гаспадарцы. Пра­цаваў галоўным інжынерам у мясцовым калгасе, а калі гаспадаркі ўзбуйнілі, уладкаваўся загадчыкам майстэрань ААТ “Арэхава”. Жонка, Святлана Паўлаўна,  працуе на базе адпачынку “Арэхаўскія разлівы”. Уладзімір Андрэевіч, як вясковы чалавек, які любіць зямлю і добра ведае,  якая цяжкая праца на ёй, перажывае аб будучым Заазёрнай. Старэе вёска,  літаральна на вачах пусцеюць дамы, дзічэюць сады, хмызняком зарастаюць агароды. 

— Што казаць, калі дваццаць гадоў таму ў Заазёрнай налічвалася 82 гаспадаркі і пражывала амаль 230 жыхароў, то цяпер і сотні не набярэцца, — з непрыхаванай рос­паччу ў голасе гаворыць стараста. – Зразумела, што моладзь шукае там, дзе лепш.

З сацыяльна значных аб’ектаў у вёсцы толькі магазін, які працуе тры дні ў тыдзень: аўторак, чацвер і суботу. Гэтыя дні вяскоўцы паміж   сабой называюць “хлебнымі”, таму што прывозіцца хлебабулачная і іншая прадукцыя.

— Калісьці ў вёс­цы працавалі клуб і біб­ліятэка, — згадвае стараста. – Была нават пачатковая школа. Зрэшты, і вёска раней называлася інакш: Ганна-Спаская. У 1964 годзе, у росквіт атэізму, калі руйнаваліся храмы, назву ў партыйных кола,мабыць, палічылі непрыстойнай. Так і пераўтварылася Ганна-Спаская ў Заазёрную.

— Шкада, безумоўна. Але адкуль такая незвычайная назва ў населенага пункта? — не магу не запытацца ва Уладзіміра Андрэевіча.

— Пра назву вёскі лепш за ўсё вам раскажа мясцовы жыхар Іван Сяр­геевіч Барташук. –  запэўнівае стараста. — Яго сядзіба знаходзіцца непадалёк ад магазіна.

Пакуль мы крочым да падворка Івана Сяр­­гее­віча, Уладзімір Хвалеўка працягвае свой аповяд пра вёску.

— Добрыя, працаві­тыя ў нас людзі. — Хтосьці, як шматдзетная сям’я Святланы Пекарук і Аляксандра Цішчанкі,  шчыруюць у ААТ “Арэхава”. Святлана працуе даяркай, а яе муж  – слесарам. Гадуюць чатырох дзяўчынак. Самай маленькай,  Ангеліне, тры гады, а старэйшая, Кацярына —  галоўная па­мочніца ў мамы. І за меншымі паглядзіць, і ў хаце прыбярэцца. Іншыя бяруць зямлю ў арэнду і апрацоўваюць яе, вырошчваюць садавіну ды агародніну. Напрыклад, не сядзіць склаўшы рукі Павел Чынікайла, які родам са Столінскага раёна. Ён,  нягледзячы на тое, што мае праблемы са здароўем, разам з жонкай вырошчвае агуркі ў цяпліцы. Ёсць у нас і тры арандатары. Мікалай Касцючык разводзіць пчол, а яго жонка Кацярына больш за дваццаць гадоў у Ланской і Заазёрнай раз­носіць пошту.  Словам, жыццё не спыняецца, а рушыць далей. Кругаварот падзей зацягвае, нават і не заўважаеш, як праносяцца дні за днямі. Пасля Радаўніцы пачнем садзіць агароды. У дваццатых чыслах красавіка выганім статак на пашу. Кароў у грамадскім стат­ку нямнога: усяго толькі 7 рагуль. А вось коней вяскоўцы не трымаюць, аддаюць перавагу жалезнай тэхніцы.

Стараста вёскі Уладзімір Хвалеўка размаўляе са шматдзетнай маці Святланай Пекарук

Як расказаў Уладзімір Андрэевіч, усяго ў Заазёрнай налічваецца 5 трактароў і 15 аўта­мабіляў. Незаўважна за размовай падыходзім да ўтульнай сядзібы Івана Сяргеевіча і Лідзіі Іванаўны Барташукоў. Гаспадыня падграбала шчэпкі, а Іван Сяргеевіч выводзіў на вадапой сваю карміцельку Зорку. Рахманая карова павольна, нібыта смакуючы, піла ваду з вядра, а гаспадар гладзіў яе па пярэстай поўсці. З хлява пачулася нейкае шорганне. Зорка хутка адарвалася ад вядра і рушыла ў хлеў.

— Гэта наш бычок, — тлумачыць гаспадар. – Два месяцы таму Зорка прывяла. Гадаваць бычка будзем. Добрая карова. 8 гадоў, як яна ў нас. Малака дае 25 літраў у дзень. І нам хапае, і дзяржаве яшчэ здаём.

— Не накладна трымаць карову? – пытаюся ў гаспадароў. – Напэўна, пасвіць даводзіцца кожны тыдзень?

— З гэтым праблему мы вырашылі, — гаворыць Іван Сяргеевіч. – Летась сабралі грошай і  купілі электрапастуха. Адзінае, што будзем прасіць у сельвыканкама праз старасту, каб пашу нам лепшую далі. Усё ж такі ад якасці траў і малако залежыць.

Іван Сяргеевіч – майстар на ўсе рукі. Патрэбна было грубку ў хаце зляпіць, ён нікога не наймаў,  а змайстраваў сам. У цяпліцы ён заўзята шчыруе,  памідоры ды перац вырошчвае. На падворку ўсюды парадак. Побач з гаспадарчымі пабудовамі ўзвышаецца ліпа,  Іван Сяргеевіч кажа, што дрэву больш за дзвесце гадоў. Яно і сапраўды велічэзнае, здаецца, што сваёй кронаю дастае да самых нябёсаў. На каржакаватых галінах дзікія галубы звілі сваё гняздо. За птушкамі,  што кружляюць у сіняй прасторы,  любяць назіраць муж з жонкай. Іван Сяргеевіч расказаў, што на гэтым тыдні да іх двара прыбілася акальцаваная галубка, якая нікога не баялася і з курамі разам харчавалася. А ўчора некуды паляцела. Аберагаюць галубы вёску і сямейнае шчасце Барташукоў. Муж з жонкай ўсё робяць ра­зам. Прыемна глядзець, як акуратнымі радкамі растуць кусты маліны, клубніцы ды суніцы, хутка зазелянеюць буякі ды праз дзень-другі зацвітуць абрыкосы з персікамі. Галоўнае, каб на квецень замаразкі не ўдарылі. Іван Сяргеевіч адпрацаваў больш за 30 гадоў вадзіцелем у былым калгасе “Дружба”,  а перад выхадам на пенсію некалькі гадоў рупіўся на “Брэстмытнясервіс” прыбіральшчыкам тэры­торыі. Жонка таксама шчыравала ў калгасе ветэрынарным фельчарам, пакуль па стане здароўя не давялося звольніцца.

На развітанне не магу не запытацца ў Івана Сяргеевіча пра мясцовую легенду і хто такая Ганна, у гонар якой і назвалі некалі населены пункт. Дарэчы,  расказвае мужчына вельмі хораша, слухаць Івана Сяргеевіча можна гадзінамі.

— Кажуць, што было гэта вельмі даўно, — пачынае свой аповяд Іван Барташук. – Чуў гэтую гісторыю ад старых лю­дзей, калі сам быў яшчэ малы. Вёска стаяла не тут, а крыху далей. Жылі сабе людзі, працавалі, дзяцей гадавалі. Пакуль не здарылася страшная бяда. Пачаўся паморак. Гінулі праз невядомую хваробу і старыя, і малыя. Моцныя мужчыны згаралі на вачах. Здаецца, паратунку не было адкуль чакаць. Вёска вымірала. Жыла ў той час дзяўчынка Ганначка, у якой таксама памірала маці. Плакала няшчаснае дзіцё, маліла неба, каб не забірала ў яе матулю. Ужо перад самай смерцю жанчына сказала сваёй дачушцы, што бяду наклікала злая вядзьмарка, што жыла за ваколіцай. Той, хто заб’е срэбнай куляй злую чараўніцу, спыніць праклён і людзі больш паміраць не будуць. Ганна ўзяла бацькаву стрэльбу і зрабіла так, як казала маці. Вядзьмарка была забіта, і  людзі раптам перасталі хварэць ды паміраць. Тыя, хто застаўся ў жывых, пераехалі ў іншае месца і вёску назвалі ў гонар збавіцелькі Ганны. Так і пайшла назва Ганна-Спаская. Нам, цяперашнім жыхарам, хочацца вярнуць былую назву.

Легенда і сапраўды незвычайная. Калі слухаеш яе, кроў у жылах стыне. Верыць ёй ці не – справа кожнага. Дарэчы, гістарычныя факты сведчаць іншае. У кнізе “Маларыта і яе ваколіцы” пра паходжанне населенага пункта напісана наступнае: “Заазёрная (да 1964 года Ганна-Спаская) названа ў гонар дачкі аднаго з нашчадкаў Мікалая Ланскога, які атрымаў у пажыццёвае валоданне Олтушскі ключ ад Кацярыны II  яшчэ ў 1795 годзе”.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.