НЕАБЫЯКАВЫЯ КРАЯЗНАЎЧЫЯ НАТАТКІ,

ці Дайсці да бацькоўскай зямлі
На вялікі жаль, нататкі краязнаўцаў апошнім часам рэдка з’яўляюцца ў СМІ. Я ўжо не гавару пра адметна “векапомныя” публікацыі, за якія нам будуць вельмі ўдзячны нашчадкі. А з кожным годам ад нас адыходзяць у небыццё мудрагелістыя старажылы-суайчыннікі – гонар нацыі, з якімі мы так і не паспелі сустрэцца, пагутарыць з імі, запісаць для гісторыі іх цікавыя ўспаміны. А інтэлект і памяць сівых суразмоўцаў – гэта шматлікія разгадкі і існуючых праблем сучаснасці…
Нават многія настаўнікі беларускіх школ, якія павінны быць і прапагандыстамі, і ўдзельнікамі нацыянальнага адраджэння, амаль не займаюцца краязнаўчай дзейнасцю, і нярэдка іх праца працякае толькі ў планах і справаздачах. На ўроках некаторыя педагогі сёння займаюцца не патрыятычным выхаваннем падрастаючага пакалення, а практычным “нацяжарваннем” з мэтай падрыхтоўкі да якаснай здачы ЦТ. А што за нацыя падрастае, якая не хоча сваім духам даходзіць да Беларусі, да асэнсавання яе неабсяжнай спадчыны, да ўсведамлення таленавітасці народа? Высокі бал на экзамене – гэта зусім не сіномім высакароднай душы. І не трэба нам гнацца за заморскім, забываючы свае карані, свой род, сваіх землякоў, забываючы малую радзіму, якая нас выхавала і акрэсліла дарогу ў самастойнае жыццё.
Мы, краязнаўцы, павінны і можам у ХХІ стагоддзі ўзвышаць свой голас, уздымаць набалелыя пытанні, ад якіх залежыць лёс беларускай культуры, а разам з тым і прэстыж нашай краіны ў свеце. Цяжка ўявіць сабе добрага чалавека без гісторыі, без кроўных сувязей з роднай зямлёй, без адчування сваіх вытокаў, без памяці, без роду! Таму вялікая ўвага ў навучальных установах павінна ўдзяляцца больш эфектыўнай краязнаўчай дзейнасці. У школах трэба, каб актыўна функцыянавалі краязнаўчыя гурткі і музеі, бо менавіта яны фарміруюць грамадзянскую пазіцыю, нацыянальную годнасць, павагу да беларускіх традыцый. Сапраўды, каб зразумець сучаснасць і прадбачыць будучыню, трэба вывучаць і даследаваць наша мінулае. У школьнага краязнаўства ёсць вялікія навучальныя і выхаваўчыя мэты і задачы: фарміраваць пазнавальную актыўнасць моладзі, сістэматызаваць веды па краязнаўству, выхоўваць цікавасць да культуры роднага краю, натхняць творчую ініцыятыву моладзі, знаёміць з рознымі формамі народнай творчасці, выхоўваць высокія маральныя якасці. Самы лепшы сродак выхаваць у дзяцей любоў да Айчыны – гэта той, каб гэтая любоў была ў бацькоў і ў саміх педагогаў.
Вельмі добра, што ў нас сталі ўжо традыцыйнымі краязнаўчыя чытанні, нават рэгулярна выдаюцца зборнікі гэтых чытанняў. Толькі шкада, што выдаюцца яны вельмі сціплымі накладамі і адразу ж робяцца бібліяграфічнай рэдкасцю. А гэта ж вельмі каштоўная літаратура, асабліва для ўстаноў адукацыі і культуры, для маладых спецыялістаў.
Я з юнацтва займаюся вывучэннем тапонімаў Беларусі. Мяне заўсёды цікавіла пытанне: чаму так, а не інакш названы тая ці іншая вёсачка альбо мястэчка, рачулка, возера… Яшчэ са студэнцкіх гадоў краязнаўчыя даследаванні мне прыносяць вялікае задавальненне. І ў час шматлікіх вандровак па краіне мае блакноты папаўняюцца ўсё новымі і новымі запісамі, успамінамі старажылаў.
Краязнаўцы ў рэгіёнах нярэдка забываюць, што для краязнаўства іх старонкі важна не толькі дробязнае, але і ўсебаковае вывучэнне роднай тэрыторыі, горада, вёскі, мястэчка. І нават ужо сабраныя рэчы, узоры, дакументы, помнікі нярэдка ў нас усё яшчэ не сістэматызаваныя, а толькі фармальна апісаныя.
Адзначу, што вельмі цікавая з’ява – царкоўнае краязнаўства. І прычым нярэдка менавіта храмы як архітэктурныя помнікі з’яўляюцца бадай адзіным сапраўды духоўным упрыгожаннем роднага населенага пункта. А якіх прыхаджан яны толькі не бачылі!
Не на належным узроўні ў нас і літаратурнае краязнаўства. Параўнальна рэдка право­дзяцца экскурсіі па памятных літаратурных мясцінах, сустрэчы і перапіска з пісьменнікамі-землякамі, іх сваякамі і знаёмымі. Нярэдка мы ўзгадваем пісьменніка-земляка толькі тады, калі бачым у газеце ўжо некралог пра яго…
Нам трэба актыўней занатоўваць айчынную гісторыю, фальклор, культуру! Вельмі балюча і крыўдна, што ў ХХІ стагоддзі з’явілася даволі шмат людзей, якім здаецца, што адразу можна аднавіць, адрэстаўраваць, адбудаваць амаль усё, што цяпер у руінах. Аднак многае – гэта ўсяго толькі, як нябожчыкі-помнікі нашай культуры, і ажывіць іх мы зможам толькі свядома і скрупулёзнымі намаганнямі грамадскасці.
Краязнавец… Гэта гучыць не толькі ганарова, але і надзвычай адказна. Краязнавец не толькі сам павінен добра ведаць і даследаваць найбольш істотныя рэаліі Бацькаўшчыны, але і прапагандаваць, папулярызаваць нашу спадчыну ў маладзёжным асяродку, натхняць абыякавых і пасіўных суайчыннікаў – дайсці да Беларусі – праз любоў да радзімы малой… Мы забываем чамусьці, што менавіта краязнаўства мае надзвычай вялікае грамадска-палітычнае, культурна-асветніцкае і патрыятычна-выхаваўчае значэнне.
Буду рады, калі гэты мой зварот закране найперш тых, хто абыякавы да нацыянальнага адраджэння Бацькаўшчыны, за самыя эмацыянальна-балючыя кропкі душы. Чалавеку нельга жыць без радзімы, як нельга жыць без сэрца! Чалавек без бацькоўскай зямлі – жабрак, ён – ніхто! І, наадварот, нават у самыя цяжкія хвіліны чалавеку, яго духу надае моц думка, што ён сын ці дачка самай прыгожай у свеце сінявокай краіны.
Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог, краязнаўца.
НА ЗДЫМКУ: роднай старонкі мілыя рысы.
Фота Вольгі КАСЦЮЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий