Працяг — у вучнях

За спіной у Анатоля Крысіна 76 летаў і зім. Але аднолькавых, падобных не было. Усе яны такія розныя. Калючыя і ласкавыя, радасныя і шчаслівыя, трывожныя і турботныя. Аднак праз ўсё жыццё праходзіць дзве любові – любоў да фізічнай культуры і каханне да жонкі Валянціны.
— Мая жонка і спорт – сэнс жыцця, тыя непадзельныя стыхіі, якія мяне заўжды падтрымлівалі, давалі стымул, надзею і веру ў розныя перыяды, — успамінае Анатоль Дзмітрыевіч. – І калі адно адняць, то мяне ўжо такога, якім стаў, ёсць, здаецца, не было б. Проста знік бы. Чаму? Тое, што выбіраецца ў дзяцінстве, павінна застацца назаўжды. Прыняў нейкае рашэнне, умей давесці яго да самага канца. Нельга на паўдарозе спыняцца, перабягаць у іншае месца. А сваю будучыню я вызначыў у дзяцінстве, калі бацькі з Тулы на пастаяннае месца жыхарства пераехалі ў Брэст. Было гэта ў 1946г., калі вучыўся ў мужчынскай СШ №7 абласнога цэнтра. Тады ж сур’ёзна захапіўся боксам і стаў наведваць секцыю.
Магчыма, Анатоль Дзмітрыевіч і стаў бы выдатным баксёрам, але гэтаму перашкодзіла тое, што яго бацьку, Дзмітрыя Паўлавіча, пераводзяць у Маларыту і назначаюць  другім сакратаром раённага камітэта партыі. А ў райцэнтры ў той час  секцыі па гэтым відзе спорту не было. Таму хлопец вырашыў займацца футболам, валейболам і баскетболам. А ўжо ў 8 класе ведаў, што абавязкова стане настаўнікам фізічнай культуры.
Але жыццё – рэч непрадказальная. Часам такі зробіць круты паварот, што ўсё рушыцца. Нешта падобнае адбылося і з Анатолем. Пасля заканчэння сярэдняй школы нечакана надумаў паступаць у Львоўскі палітэхнічны інстытут, каб стаць нафтавіком. Былі на тое прычыны. Аднак не паступіў. І юнака на 3 гады прызываюць ў армію. Трапіў у авіяцыю, стаў механікам па электраабсталяванню самалётаў. Самалёты сумяшчаў са спортам. Выпадала вольная хвіліна – Анатоль браў мяч у рукі і тварыў з ім цуды. Камандаванне палка звярнула ўвагу на тое, што малады салдат выдатна гуляе ў футбол, валейбол, баскетбол. Неўзабаве яму прапанавалі абараняць гонар лётпалка на першынстве гарнізона. Прайшло яшчэ крыху часу, і Анатоль атрымаў другі разрад па гульнявых відах спорту. Вярнуўшыся пасля службы ў родны горад, адразу пайшоў у аддзел адукацыі, які тады ўзначальваў Васіль Маркаў. Ён адразу прапанаваў пасаду настаўніка фізічнай культуры. Хлопец згадзіўся і з 1 верасня 1957г. стаў працаваць фізруком у Маларыцкай СШ. Шчыраваў на гэтай пасадзе на ўсю моц аж да 1994г., а пасля яшчэ амаль 15 гадоў працаваў у школе.
— Яшчэ і зараз запрашаюць на падмену ўрокаў, — прызнаецца мой субяседнік, — аднак па аб’ектыўных прычынах даводзіцца адмаўляцца.
Анатоль Крысін закончыў Львоўскі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры. Набытыя веды дапамаглі  на высокі ўзровень паставіць фізкультурна-аздараўленчую работу ў СШ №2, дзе ён 6 гадоў быў дырэктарам. Навучальная ўстанова тады была цэнтрам спартыўнага жыцця ў горадзе.
— У нас тады сапраўды было многа ўнутрышкольных спаборніцтваў, — гаворыць Анатоль Дзмітрыевіч. – Мае выхаванцы пастаянна прымалі ўдзел у раённых спаборніцтвах, а з абласных амаль кожны раз вярталіся з узнагародамі. Фізкультурная работа ў школе была на вышыні. Мы разумелі, што ад гэтага залежыць здароўе вучняў. Дзяцей не трэба было заганяць на стадыён ці ў спартыўную залу. Яны самі ішлі ды яшчэ і сваіх сяброў прыводзілі.
— Чаму? Можа, сакрэты ёсць гэтаму? – цікаўлюся я.
— У першую чаргу ўсё залежыць ад правільнай арганізацыі працы і асабістага прыкладу, — разважае Анатоль Дзмітрыевіч. – А па-другое, любая справа павінна праводзіцца пастаянна, сістэматычна, а не разава. Ды і пераконваць вучняў у тым, што заняткі фізічнай культурай і спортам патрэбны ім, неабходна. А яшчэ вялікую ролю ў гэтай справе мае друкаванае слова: сценгазеты, лісткі-маланкі. Пра спартыўныя поспехі вучняў, хай нават нязначныя, трэба, каб ведала ўся школа.
Анатоль Дзмітрыевіч прыгадаў яшчэ і такі факт, што ў рэжыме школы перад заняткамі абавязкова для ўсіх была ранішняя фіззарадка, а ў час ўрокаў – фізкультхвілінкі. Працавала многа і секцый. Недзе з 1964 г. на гарадскім стадыёне штогод на 9 мая сталі праводзіцца масавыя гімнастычныя выступленні пад музыку, дзе было задзейнічана 700-800 вучняў. Кіраваць імі даручылі Крысіну. Ён выдатна спраўляўся з гэтым, хоць папярэднія трэніроўкі займалі недзе 2 месяцы. Адтачыць, адшліфаваць неабходна было рухі кожнага ўдзельніка, бо паглядзець на  відовішча заўжды прыходзіла многа людзей, у тым ліку – кіраўніцтва раёна.
Анатоль Дзмітрыевіч, сапраўды, жыў фізкультурай. Усе важныя спартыўныя мерапрыемствы Маларытчыны не абыходзіліся без яго ўдзелу. З 1957 г. ён пастаянны суддзя раённых спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, а таксама з моманту заснавання – і Маларыцкага міжнароднага марафона.
Анатоль Крысін аказаў уплыў на выбар прафесіі тых людзей Маларытчыны, хто свой лёс таксама звязаў з фізічнай культурай і спортам. У іх ліку —  Мікалай Германюк, Уладзімір Яромкін, Мікалай Гардзяюк, Уладзімір Дземянчук, Ірына Чорная і інш. У свой час Анатоль  Дзмітрыевіч любоў да спорту выхаваў і ў Раісы Грэбень, заслужанага трэнера Беларусі па гандболу, і Леаніда Тараненкі, заслужанага майстра спорту,  чэмпіёна ХХІІ Алімпійскіх гульняў па цяжкай атлетыцы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Анатоль Крысін — чалавек, які ўсяго сябе аддаў фізічнай культуры і спорту.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


https://220km.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!