Паўгода на мёртвай зямлі: жыхар Маларыцкага раёна Васіль Губей аб камандзіроўцы ў Чарнобыльскую зону

Наша краіна больш за іншых пацярпела ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы: 70 працэнтаў ра­дыеактыўных рэчываў асела на палетках і ў лясах, ахутала гарады і вёскі. Мірны атам ператварыўся ў нябачную смяротную пагрозу. І з гэтай нябачнай пагрозай,  што несла смерць,  змагаліся сотні людзей – ад ваенных, пажарных, урачоў да простых вадзіцеляў, будаўнікоў і механізатараў. Яны не лічылі сябе героямі, а выконвалі свой гра­мадзянскі абавязак. 

Сярод ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і наш зямляк Васіль Вікенцьевіч Губей з вёскі Ляхаўцы.

— Я тады быў яшчэ маладым, — гаворыць Васіль Вікенцьевіч, паказваючы чорна-белыя фотаздымкі, на якіх прывабны, статны мужчына ў вайсковай форме стаіць з дазіметрам у руках. – Мяне адправілі з ваенкамата на замену маіх калег Віктара Струкава і Віталя Ра­занава, якія пэўны час адпрацавалі на забру­джанай тэрыторыі. Гэта было напрыканцы гарачага лета 1986 года. Што такое радыяцыя,  я ўжо добра ведаў,  хаця цалкам не ўсведамляў усёй маштабнасці катастрофы, якая адбылася.

Васіль Губей у той час працаваў вадзіцелем на “цягачы” ў  райагра­прамтэхніцы. Як улад­каваўся на прадпрыемства пасля арміі, так 43 гады тут і адпрацаваў, аб’ездзіў не толькі ўсю Брэсцкую вобласць,  але і суседнія рэгіёны Расіі ды Украіны, перавозячы небяспечныя грузы.        

— Жонка, калі даведалася, што мяне забіраюць у Чарнобыль на ліквідацыю аварыі, кінулася ў слёзы, і мне раптам стала  вельмі шкада яе,  — працягвае размову Васіль Вікенцьевіч. – І зараз перад вачыма стаіць мая Ліда, трымаючы на руках гадавалую дачушку Людмілу, а побач, прыціскаючыся да мамы,  насупіўшыся,  углядаецца ў мяне двухгадовы Сярожка. Быццам бы на вайну праводзілі.

Дарэчы,  гэта і была вайна з нябачным ворагам, які быў паўсюль: у кропельках вады ці расы, у лістоце дрэў і аксаміце траў, атрута была нават у паветры. Хуткія зборы, экіпіроўка і інструктаж,  як сябе паводзіць у забруджанай зоне.

— Нас адразу папя­рэдзілі, што ні ў якім разе нельга ўжываць мясцовыя ягады, грыбы, садавіну, агародніну, малако, — узгадвае мужчына.

Радавы Васіль Губей свой грама­дзянскі абавязак выконваў у складзе вайсковай часці №07288. Праслужыў ён паўгода,  аб’ездзіў усе забруджаныя раёны Гомельскай вобласці.

— Спачатку наша рота была задзей­нічана на дэзактывацыі грунту, — рас­казвае далей Васіль Вікенцьевіч. –Той участак грунту,  дзе стрэлка дазіметра аж  зашкальвала, здымалі,  затым адвозілі ў спецыяльныя могільнікі.Разбіралі ў забруджанай зоне бу­дын­кі для ўтылізацыі,  спілоўвалі і закопвалі дрэвы – усё рабілася дзеля таго, каб паменшыць узровень радыяцыйнага выпраменьвання. Радыяцыйнае воблака апусцілася месцамі. Напрыклад, у адным і тым жа населеным пункце частка вуліцы магла быць з нармальным узроўнем радыяцыі,  а праз некалькі метраў  дазіметр проста зашкальваў. Дарэчы, у кожнага з нас таксама былі свае ўліковыя карткі, куды заносілі паказчыкі радыяцыйнага апраменьвання. Але яны заніжаліся.

Працаваў пэўны час Васіль Ві­кенцьевіч на пунк­це спецыяльнай апрацоўкі. Такія дазіметрычныя пасты былі ўсталяваны на ўсіх выездах з чарнобыльскай зоны. Васіль Губей правяраў на ўзровень радыяцыі ўсю тэхніку: калі фон перавышаў дапушчальную норму, машыну накіроўвалі на дэзактывацыю. Незадоўга да дэ­мабілізацыі Васіль Губей вазіў камандзіра роты. Вярнуўся дамоў у сакавіку 1987 года, узнагароджаны граматамі за бездакорную службу і асабістую мужнасць пры выкананні грама­дзянскага абавязку па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Пра Чарнобыль яму хацелася забыць, таму ён хутчэй акунуўся ў паўсядзённыя клопаты. Уладкаваўся зноўку вадзіцелем у рай­аграпрамтэхніку. І закруцілася кола мірнага сямейнага жыцця.

— Заробкі ў мяне былі добрыя,  неўза­баве ў новым доме справілі наваселле, — прыгадвае мужчына. – Прадпрыемства было адным з лепшых на Маларытчыне. Мы працавалі адзінай камандай, кіраўніцтва заўсёды заахвочвала лепшых працаўнікоў разнастайнымі экскур­сіямі па ўсім СССР. Настальгія ахоплівае, калі праглядаю фотаздымкі, зробленыя ў Ленінградзе на фоне легендарнай «Аўроры».  Я ўжо тры гады, як на пенсіі, але перажываю за сён­няш­няе становішча райаграпрам­тэхнікі, цікаў­люся спра­вамі. Хочацца,  каб прад­прыемства паднялося,  моцна стаяла на нагах.

Васіль Вікенцьевіч не адзін год хадзіў у пера­давіках, аб яго працоўных заслугах сведчаць дзя­сяткі грамат. Пра яго высокі прафесіяналізм гаворыць наступны факт: за 43 гады работы шафёрам ён ніводнага разу не парушыў правілы дарожнага руху і ніколі не атрымліваў спагнанняў. Вось гэта сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Ды і на пенсіі ён не сядзіць без працы, зай­маецца гаспадаркай. А яшчэ Васіль Вікенцьевіч цудоўны муж,  бацька і дзядуля, які вельмі ганарыцца сваімі ўнукамі,  асабліва старэйшым – Данілам Сакалюком, які вучыцца на выдатна, удзельнічае ў алімпіядах,  дэманструючы бліскучыя веды.

Аб тым, што давялося, рызыкуючы жыццём, удзельнічаць у ліквідацыі аварыі,якая здарылася на Чарнобыльскай АЭС, Васіль Губей не шкадуе,  хоць здароўе часам і падводзіць. Галоўнае,  каб шчаслівымі раслі дзеці ды ўнукі,  дзеля якіх варта жыць, ствараць і рызыкаваць на гэтым свеце.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.