Чаго не хапае Маларыце?

Да абласных «Дажынак», якія прайшлі ў верасні 2010г., Маларыта  змянілася да непазнавальнасці. Яна набыла выгляд утульнага і чыстага гарадка еўрапейскага ўзроўню. Стала камфортна і ўтульна. Новае аблічча набылі адрамантаваная бальніца, установы адукацыі, магазіны, дамы, дарогі, з’явіліся гасцініца “Юбілейная”, станцыя абезжалезвання вады, універсальны спартыўны комплекс “Жамчужына”, быў абноўлены гарадскі парк…

Тады здавалася, што Маларыта ператварылася ў казку і ўсё, пра што марылася і чаго хацелася, ужо ёсць. Але час не стаіць на месцы. Жыхары раённага цэнтра актыўна абмяркоўваюць  і выказваюцца наконт таго, чаго яшчэ не хапае гораду. Вось думкі некаторых з іх.

Мікалай Гаральчук:

– Лічу, што ў Маларыце абавязкова павінен быць раённы музей. Ведаю, што напачатку лютага 2015 года на савеце па культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі прагучала інфармацыя, што раённаму цэнтру народнай творчасці будзе перада­дзены будынак прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці па вуліцы Піянерскай. Там  планавалася размясціць выставачныя залы і музей. Калі ажыццявіцца задуманае, то гэта будзе цудоўны  падарунак гораду. Бо ў выставачнай зале, напрыклад, можна будзе арганізаваць выставу карцін майстроў пэндзля, напісаных падчас абласнога пленэру мастакоў Брэстчыны «Традыцыі і легенды Маларыцкага краю».

 

Аксана Мішчук:

– На мой погляд, кнігарні. Я люблю чытаць мастацкую літаратуру, для мяне адкрыццё кніжнага магазіна стала б добрай і вельмі значнай падзеяй. Кнігі  імкнуся набываць тады, калі бываю ў абласным цэнтры. Не трэба спадзявацца, што інтэрнэт поўнасцю заменіць іх. Для мяне чытанне кнігі, якую трымаю ў руках, – гэта як бы судакрананне з аўтарам, часам, калі пісаўся твор. Эстэтычная асалода ад папяровых тэкстаў яшчэ доўга не будзе мець сабе замены. Шкада, што кнігарня, якая працавала раней у нашым райцэнтры па вуліцы Леніна, па нейкіх прычынах зачынена. Не хапае гораду і  дзіцячых пляцовак.

 

 

 

Лія Мішчанка:

– У нас ёсць ГДК, але я не ведаю, ці ёсць там тэатральны калектыў дарослых, які б дзейнічаў на пастаяннай аснове пад кіраўніцтвам прафесіянала. Напэўна, усё ж такі было б мэтазгодным арганізаваць яго. Думаю,  што аматары і прыхільнікі тэатральнага мастацтва знайшліся б і ў нашым  раённым цэнтры. Іншым разам хочацца яшчэ паслухаць не ў запісе, а жывую класічную музыку. У Маларыце такой магчымасці практычна не бывае. Напэўна, такое характэрна для ўсіх невялікіх раённых цэнтраў.

 

 

Ганна Свірыдава:

– Не хапае лавак, напрыклад, на вуліцах Савецкая,  Леніна. Іншым ра­зам,  калі спрыяе надвор’е, хацелася б пасядзець у цэнтры горада са сваімі знаёмымі, пагаварыць. А дзе можна прысесці? На аўтобусных прыпынках, на гарадской плошчы і ў парку,  ля раённай бальніцы і бібліятэкі… А яшчэ не хапае грамадскіх туалетаў у гора­дзе і кветак. Добраўпарадкаваннем  павінны займацца ўсе жыхары Маларыты.

  

 

 

 

 

 

Падрыхтаваў Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.profvest.com

https://alfaakb.com