Славутыя землякі: Леанід Тараненка

Леанід Тараненка – заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь,  чэмпіён ХХII  Алімпійскіх гульняў (Масква,1980г.) у першай цяжкай вазе, сярэбраны прызёр ХХV Алімпійскіх гульняў (Барселона, 1992г.) у другой цяжкай вазе, чэмпіён свету ў 1980г. у першай цяжкай вазе і ў 1990г. — у другой цяжкай вазе, чэмпіён Еўропы (1980г.) у першай цяжкай вазе,  трохразовы чэмпіён у другой цяжкай вазе ў 1988, 1991-1992 гадах,  двухразовы чэмпіён Спартакіяды народаў СССР у 1979 і 1983 гадах,  уладальнік 19 сусветных рэкордаў у першай і другой цяжкай вазе…

Фото minsknews.by

— Калі б не было майго першага трэнера Пятра Паўлавіча Сацюка, — гаворыць Леанід Аркадзьевіч,  — то я, напэўна, не стаў бы алімпійскім чэмпіёнам. Магчыма, наогул не стаў бы займацца цяжкай атлетыкай, а пайшоў бы ў іншы від спорту. Проста лёс звёў  нас разам. Так было наканавана,  што я сустрэўся са сваім першым трэнерам у Маларыце. А далей я і Пётр Паўлавіч пайшлі па спартыўнай дарозе разам.

У дзіцячай спартыўнай школе Леанід Тараненка нейкі час займаўся гандболам,  вольнай барацьбой, самба… З 4 класа захапіўся лёгкай атлетыкай, а пасля са сваім сябрам Віцем Лямачкам заняўся культурызмам. Тады ён у Савецкім Саюзе быў пад забаронай. Пётр Сацюк пераканаў, што неабходна працаваць на перспектыву і выбраць адзін з алімпійскіх відаў спорту. Так Леанід Тараненка трапіў у цяжкую атлетыку. Ён стаў рэгулярна трэніравацца спачатку 4 разы на тыдзень, а затым – і пяць. Хутка з’явіліся і спартыўныя дасягненні. Першы раз вынік, варты ўвагі, паказаў у лютым 1974г. у Барысаве падчас рэспубліканскага  першынства добраахвотнага спартыўнага таварыства “Ураджай”. Гэта і стала пачаткам узыходжання да вяршынь спартыўнага Алімпа.

– На Алімпіядзе-1980 я змагаўся на адным памосце з Валянцінам Хрыставым з Балгарыі, — кажа Леанід Тараненка. – На вынікі  спаборніцтваў  псіхалагічна ўздзейнічаюць сусветныя рэкорды, якія ёсць у “канкурэнта”, і тактычная барацьба. Хрыстаў не сумняваўся ў сваёй перамозе. У час барацьбы я прайграваў яму рывок. Мне неабходна было адыграць 5 кг. Мы заявілі 220 кг, калі рэкорд быў у той час ужо 238 кг. Я штурхнуў  лёгка, а Хрыстаў – яшчэ лягчэй. А тут я заявіў 235 кг. Ён не чакаў, што дабаўлю адразу 15 кг. Хрыстаў не быў псіхалагіна падрыхтаваны падняць такую вагу. А затым я падняў 240 кг і ўстанавіў сусветны рэкорд.

Між  іншым, Леанід Аркадзьевіч у дзяцінстве марыў стаць лётчыкам. Нават  спрабаваў паступіць у Чарнігаўскае вышэйшае авіяцыйнае вучылішча, але не прайшоў медыцынскую камісію. Пасля ён закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, атрымаўшы спецыяльнасць  інжынера-механіка. У біяграфіі Леаніда Тараненкі ёсць і такія факты. Ён не паступіў вучыцца ў Брэсцкі педагагічны інстытут, некаторы час працаваў у Маларыцкай ПМК.

    Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.