Дарылі песні, добры настрой і пацвярджалі высокія званні

Нядаўна ў вялікай зале гарадского Дома культуры выступілі творчыя калектывы раёна на заключных аглядах-конкурсах “Тэатральнае Палессе — 2011”, “Берагіня”, “Суквецце культур”, “Ляці, наша песня”, “Берасцейскія забаўлянкі”, а таксама пацвердзілі званні “народны” і “ўзорны” калектывы “Чарняначка” Чарнянскага СДК, дзіцячай студыі “Забава” і ансамбля “Рыцкі куфэрак” гарадскога Дома культуры. Выступленні калектываў ва ўсіх жанрах ацэньвала кампетэнтнае журы абласнога грамадска-культурнага Цэнтра.
Пачалося свята з выступлення педагогаў і навучэнцаў Маларыцкай школы мастацтваў, якія паказалі музычную казку–мюзікл “Падарожжа вакол зямнога шара”. Вельмі ўдала зрэжысіравалі і паставілі казку педагогі дзіцячай школы мастацтваў Аляксандра Вашчынчук і Вікторыя Ляўчук. Чаго тут толькі не было: і харэаграфічныя кампазіцыі, і вакальныя нумары, і арыгінальнасць касцюмаў, якія ўвасобілі ў сабе казачны каларыт. Не менш яркае відовішча для гледача падрыхтаваў і ўзорны тэатральны калектыў “Каламбур” Цэнтра пазашкольнай работы, кіруе якім таленавітая Валянціна Самуйлік. Нельга было не захапляцца артыстамі, якія вельмі пранікнёна выконвалі свае ролі ў казцы “Прыгоды хлопчыка Чыпаліна”.
Паралельна ў дыскатэчнай зале праходзіў конкурс вядучых гульневых праграм “Берасцейскія забаўлянкі”, у якім прымалі ўдзел лепшыя вядучыя — Вольга Табачкоўская (гарадскі Дом культуры), Вольга Краско (Збуражскі СДК), Ірына Скашчук (Лукаўскі СДК).
А ў вялікай зале ГДК сабраліся тыя, хто зберагаў і працягвае зберагаць нашу самабытную спадчыну — таленавітыя  спевакі і  музыканты, выканаўцы песень. Першым госцем сцэнічнай пляцоўкі стаў творчы калектыў Хаціслаўскага сельскага Дома культуры, якім кіруе Галіна Хомік. Дзіцячы фальклорны калектыў “Крынічка” пазнаёміў з абрадам “Іванавы ягады”, а ансамбль “Хаціславяне” на суд гледачоў прадставіў найцікавейшы, на маю думку, абрад “Пярэзвы” (калі госці маладой на трэці дзень прыязджалі ў дом маладога). Прыезд “пярэзвян” суправаджаўся песнямі, жартамі. “Пярэзвяне”, як і маладыя, сесці за стол адразу не маглі, таму што на парозе іх чакалі бацькі маладога і тут разыгрываўся цэлы спектакль, які быў прадстаўлены на конкурсе-аглядзе “Суквецце культур”. Нікога не пакінула абыякавым і выступленне вакальнага гурта “Акалада” гарадскога Дома культуры, пад кіраўніц­твам Алёны  Жлукта, у якім у шмат­галосай поліфаніі праяўляўся ўкраінскі каларыт.
У вакаль­на-харавым жанры “Ляці, наша песня” выступілі лепшыя салісты і вакальныя ансамблі раёна. Сярод іх — сольныя выканаўцы Таццяна Пачынчук (Ляхавецкі СДК), Валянціна Панчук (Хаціслаўскі СДК), Вольга Бярчук (ГДК), а таксама ансамблі “Рытчанка” Велікарыцкага СДК (кіраўнік Ганна Палівода), Дарапеевіцкага СДК (кіраўнік Анатоль Дзямянка), народны ансамбль песні і музыкі “Хаціславяне” (кіраўнік Галіна Хомік). Гучалі песні, якія блізкія па духу ўсім, хто любіць і шануе нашу беларускую творчасць. Нельга было не замілавацца выступленнямі Вольгі Бярчук з яе непаўторным голасам, Валянціны Панчук , якая напомніла сямейна-побытавы стыль выканання народнай песні, Таццяны Пачынчук, улюбёнай у родныя мясціны, нашу сінявокую Беларусь. Не менш цікава прадставілі сваё выканаўчае майстэрства і вакальныя гурты. А ўдзячныя апладысменты залы сталі ацэнкай высокага ўзроўню іх выканання.
Пацвярджэнне ганаровых  званняў “народны” і “ўзорны” – гэта вельмі адказны момант. Да яго са сваімі калектывамі кіраўнікі Вольга  Дзягель, Анатоль і Аляксандр Барысюкі рыхтаваліся зага­дзя. Была праведзена карпатлівая рэпетыцыйная работа, патрачана шмат сіл і энергіі. А ў дзень выступлення і ўвогуле ўсім хапіла хваляванняў і клопату. І як вынік — бліскучае выступленне трох калектываў, дружныя апладысменты гледачоў, добрая ацэнка абласнога журы.
Артысты студыі “Забава” ўразілі гледачоў сваёй непаўторнасцю і арыгінальнасцю, цікавым рэпертуарам, які ўзрушыў мала­дзёжную аўдыторыю шквалам апладысментаў. Дзякуючы нястомнай працы таленавітага і багатага на ідэі кіраўніка Аляксандра Барысюка, калектыў заўсёды ў ліку лепшых, як на раённых, так і на абласных пляцоўках.
Ансамбль “Чарняначка” спада­баўся і журы, і гледачам не толькі сваім выступленнем, але і каларытам  сцэнічных касцюмаў, якія зроблены рукамі саміх удзельнікаў. Пераўзышоў свае магчымасці і  калектыў, які ужо больш за дваццаць гадоў нясе народнае песеннае майстэрства ўсім аматарам народнага жанру. Гэта ансамбль “Рыцкі  куфэрак”, які ў  сваім выступленні гарманічна спалучыў песню і танец, адным словам, стварыў “цікавае сцэнічнае дзейства”. У гэтым вялікая заслуга кіраўніка калектыву Анатоля Барысюка, сапраўды, чалавека-таленту.
У той жа дзень у школе мастацтваў таксама адбыўся справаздачны канцэрт. Тут выступілі харавы калектыў навучэнцаў школы, кіруе якім Сяргей  Крэнь, і ансамбль педагога, а яшчэ хор, ансамбль і  вакальнае трыа Хаціслаўскага філіяла. Пацвердзілі ганаровыя званні “народны” і “ўзорны” два  калектывы: аркестр народных інструментаў пад кіраўніцтвам Аксаны Палянскай і баянны аркестр, якім кіруе Наталля Яромчанка.
Як аднадушна адзначыла абласное журы, у маларыцкім краі жывуць і працуюць таленты, а культурны патэнцыял захоўваецца і прымнажаецца. Наперадзе Маларытчыну чакае сустрэча з цікавымі ўдзельнікамі і выканаўцамі абласнога тура IX Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”, месцам правядзення якога стане наш  маленькі і ўтульны горад Маларыта.
На тым падмурку, што ўжо ёсць, мы працягваем будаваць наш дом беларускай культуры. І ўсе нашы дасягненні – гэта вынік старанняў неабыякавых і неардынарных людзей, якія заслугоўваюць і высокай ацэнкі за іх няспынную працу, і далейшай падтрымкі.
Лідзія  КІВАЧУК, метадыст раённага  метадычнага цэнтра.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.