Наша история: трагедия в Малиновке (Малоритский район)

У гады Вялікай Айчыннай вайны цяжэй за ўсё даводзілася безабаронным жанчынам, дзе­цям і старым , якія па сутнасці засталіся адзін на адзін з ворагам на акупаванай тэ­рыторыі. Страшныя зверст­вы чынілі фашысты і іх пама­гатыя, здзекуючыся з мірнага насельніцтва. Нават праз дзе­сяцігоддзі крывавяць, баляць незагойныя раны вайны. На тэрыторыі Маларыцкага раёна, бадай, няма ніводнага населенага пункта, у якім фашысты не знішчалі б лю­дзей. Не абышла бяда і не­вялічкую вёску з пры­гожай назвай Малінаўка. Трагедыя здарылася 28 сакавіка 1944 года, калі да вызвалення Беларусі заставалася ўсяго толь­кі некалькі месяцаў.

Сцяпан Гарастовіч, які пражывае ў вёсцы Новы Двор, – сведка той страшнай сакавіцкай трагедыі, якая адбылася на вачах падлетка. Другога мая Сцяпан Емяльянавіч адзначыў свой 84-ы дзень нара­джэння. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, дзядуля добра памятае падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Зрэшты,  яму,  можа,  і хацелася б забыць пра той кашмар,  як страшны сон,  але з учэпістай па­мяці нічога не выкрасліш. Цагляны дом дзядулі Сцяпана стаіць у самым пачатку вёскі, на вуліцы Зялёнай, хаця ў гэтыя дні, калі на ўсю моц віруе сухавей, усё наваколле пераўтварылася ў пустыню. Нават страшна выйсці за парог хаты, вецер калючымі прыгаршчамі шпурляе пясок у твар.

— Замучыў гэты сухавей, на двор нельга вызірнуць, мяце, як узімку снегам, — кажа Сцяпан Емяльянавіч. – Раней тут каля дарогі была мяжа, а потым калгас яе цалкам з’араў. І цяпер як толькі ўзнімецца вецер,  пясок нясе на мой двор. Бялізну жонка сушыць у хаце. Вось так і жывем.

Сцяпан Емяльянавіч больш за 40 гадоў адпрацаваў у мясцовым калгасе,  палову з якіх – ме­ха­ні­за­тарам. Ён быў адным з лепшых трактарыстаў гаспадаркі. Пра­цаваў ад світання да зары, не ве­даючы стомы, практычна без выхадных. На сваім трактары араў, сеяў,  церабіў лён. Дзядуля дастае з папкі пажаўцелыя ад часу шматлікія граматы і паказвае нумар газеты “Сельскае жыццё” за 15 ліпеня 1975 года. Пад загалоўкам “Людзі працоўнай славы” змешчаны фотаздымак Сцяпана Гарастовіча, які ўзнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”.

— Не думаў, што так складуцца абставіны – у мірны час стаў інвалідам, — расказвае Сцяпан Емяльянавіч. – 24 гады працаваў я на трактары. Хоць і цяжка тады было механізатарам, але ляжала душа да тэхнікі, у якой кожны ме­ханізм перабраў уласнымі рукамі. Працаваў бы і далей, калі б не здарылася няшчасце. Я з жонкай быў задзейнічаны на церабленні лёну. Працоўны дзень заканчваўся, калі раптам пачаў барахліць ільно­камбайн,  а лёну заставалася ўбраць зусім нямнога. Палез паглядзець, што здарылася з машынай, і не заўважыў, як у валікі, што чысцяць лён, зацягнула нагу. Жонка спужалася, збялела ўся. Нейкім неверагодным напружаннем сілы мне ўдалося выцягнуць нагу. Штаны былі падраны на шматкі, а на назе ні кроплі крыві, толькі жудасны боль. Акт аб атрыманні траўмы на вытворчасці тады ніхто не складаў. Некалькі тыдняў праляжаў у бальніцы, зрабілі аперацыю. На трактар я ўжо не вярнуўся,  працаваў паляводам, потым даглядаў ця­лят. Агульны стаж  у калгасе – 39 гадоў і 6 месяцаў. 36 гадоў у паляводах адпрацавала і мая жонка Аляксандра Рыгораўна.

Сцяпан Емяльянавіч на свой лёс не скардзіцца, наадварот, мужчына ўдзячны Богу, што дажыў да сваіх гадоў. Яму шкада дзяцей былых суседзяў Клебановічаў, якіх фашысты ні за што забілі,  а потым спалілі сакавіцкай раніцай 1944 года.

— Як сёння помню, што адбывалася ў той дзень, — прыгадвае дзядуля. – Гэта была яшчэ раніца, аўторак. Наша сям’я якраз села снедаць. Я глянуў у акно і раптам убачыў, што немцы акружылі сядзібу, а праз некалькі хвілін выводзяць з хаты ўсю сям’ю нашага суседа Ігната Клебановіча. Ссівелы Ігнат Аляксеевіч ішоў, склаўшы рукі на грудзях у выглядзе крыжа. У роспачы мужчына выкрыкнуў на развітанне прыкладна наступныя словы: “Людцы добрыя! Апошняя просьба да вас: пахавайце нас у  нашым садзе!” Затым немцы выгналі  з хаты і сям’ю Настассі Ніканчук. Невядома як, але Лізе Ніканчук удалося цудам вырвацца і дабегчы да лесу. Дзяўчына магла выратавацца, ды немец пачаў крычаць і яна вярнулася назад, да сваіх родных. Жудасна.  Пагналі ўсіх у хлеў. Пачуліся выстралы, затым будыніна запалала зыркім полымем. Было вельмі страшна. У тым агні загінулі мой сябар Сяргей Клебановіч, які быў на два гады старэйшы за мяне. Нехта данёс немцам, што тры сыны  Ігната Клебановіча змагаюцца ў партызанскім атрадзе. Калі хлеў згарэў датла, на папялішчы вяскоўцы сабралі астанкі забітых, палажылі ў радно і пахавалі у садзе, як і прасіў Ігнат Клебановіч.

За магілай даглядаюць сваякі забітых і вяскоўцы. Тут заўжды чыста, стаяць кветкі. У граніце назаўсёды застылі выбітыя імёны і прозвішчы. Чытаю надпіс, і кроў ледзянее ў жылах: “Здесь покоятся Клебанович Игнатий, Клебанович Надежда, их дети – Василий, Евгения,  Любовь и Сергей, Водчук Наталья, Никончук Анастасия и ее дети Николай и Лиза,  расстрелянные фашистами 28.03. 1944 года».

Некалькі хвілін Сцяпан Емяльянавіч моўчкі ўзіраецца ў помнік,  употай змахвае слязу са шчакі. Перад вачыма мужчыны праходзіць усё яго няпростае жыццё. У 1953 годзе ён, камсамолец, пабраўся шлюбам з сіратой Аляксандрай, нават абвянчаўся ў царкве, што вельмі не адобрыла кіраўніцтва калгаса. Адспявала,  адгуляла вяселле,  пачаліся звычайныя будні. Жыць маладым не было дзе, патрэбна было самім будавацца. Сцяпан Емяльянавіч пайшоў да старшыні мясцовага калгаса, каб выпісаць лес на будоўлю хаты. “Сцяпан, навошта табе лес? З ім клопату не абярэшся. У нас жа ёсць цагляны завод, бяры колькі табе патрэбна цэглы і будуйся,”– сказаў кіраўнік калгаса. 

— За тры тыдні паставіў каробку дома, — расказвае мужчына. – Амаль усё рабіў сваімі рукамі. Праз некалькі месяцаў згулялі наваселле. З таго часу мінула больш за паўвека,  а дом і зараз дыхтоўны. Добрую цэглу некалі выраблялі. Шкада, што завод разбурылі. Нічога ад яго не засталося. Адна толькі копанка,  дзе гліну бралі.  Гады бяруць сваё, усё аджывае.

Апошнім часам не дае спакою Сцяпану Емяльянавічу траўма,  якую атрымаў ён,  працуючы на трактары. Вельмі баляць ногі. Дзядуля ледзьве ходзіць, абапіраючыся на кіёчак.

— Хачу падзякаваць вадзіцелю аўталаўкі і прадаўцу, якія тры разы на тыдзень спыняюцца каля маёй хаты, — гаворыць пенсіянер. – Цяжка мне хадзіць. Складана і ў горад дабірацца. Зрэшты, у райцэнтр даехаць яшчэ можна без праблем, але вось як з вакзала мне, старому чалавеку, дайсці да паліклінікі?

Сыны Гарастовічаў жывуць у Брэсце, на выхадныя прыязджаюць да бацькоў,  дапамагаюць па гаспадарцы. Пазнаёміцца з гаспадыняй сядзібы,  на жаль,  не ўдалося,  жанчына знаходзілася ў бальніцы. Затое столькі прыгожых і цёплых слоў сказаў пра сваю другую палавінку Сцяпан Емяльянавіч,  што адразу стала зразумела: яны не могуць адзін без аднаго,  як і не могуць жыць без сваёй вёсачкі, якая таксама аджывае свой век.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.