Пяць сонейкаў Наталлі і Дзмітрыя Віннічукоў з Маларыты

Як ні круці, а самае га­лоўнае багацце ў чалавека –  гэта яго сям’я. У ёй усё: і радасць, і суцяшэнне, і падтрымка, і надзея. У гэтым яшчэ раз давялося пераканацца, наведаўшы сям’ю маларытчан Наталлі і Дзмітрыя Віннічукоў, якія выхоўваюць  пяцярых дачок.

Фота Мікалая Навумчыка

Гісторыя іх знаёмства – выпадковасць. Неяк пад вечар малодшай роднай сястры Наталлі неабходна было патэлефанаваць знаёмай. Яна набрала нумар і зусім не чакала, што ёй адкажа невядомы мужчынскі голас. Здзівіўшыся, сястра зразумела: памылілася нумарам. Папрасіўшы прабачэння, хутка перапыніла размову. Паколькі Дзмітрый, нумар тэлефона якога выпадкова набрала сястра,  быў у добрым настроі, ён вырашыў патэлефанаваць, каб даведацца, хто яго патурбаваў…

Усё скончылася тым, што ўжо на наступны дзень Дзміт­рый, які жыў у Збуражы,  на аўтамабілі імчаў у Арэхава. Сястра ўгаварыла Наталлю, каб тая выйшла замест яе на двор. Дзмітрый пад’ехаў да Ківачукоў і падышоў да дзяўчыны, якая стаяла непадалёк ад дома. Яны павіталіся. Калі позіркі іх на імгненне сустрэліся,  Наталля сарамліва апусціла вочы.

–Мяне зачаравала ўсмеш­ка Дзмітрыя. Нешта незвычайнае зыходзіла з яго вуснаў, таямнічае, як тое дзіва, неразгаданае,  прыгожае, – гаворыць Наталля. – А яшчэ запомніліся яго прыгожыя вочы, дужыя рукі. Гэта быў хлопец з маіх дзявочых сноў. Статны, прыгожы, такі пазітыўны…  Пра такога я, здаецца, марыла.

Ужо потым, праз нейкі час, Наталля і Дзмітрый зразумеюць, што гэта было каханне з першага погляду. Хоць першая сустрэча нічым адметным і асаблівым не вызначылася, але пакінула цёплы ўспамін у абодвух сэрцах і нейкую на­дзею. Пасля гэтага Дзмітрый зачасціў у Арэхава. Ён стаў жыць ад суботы да суботы і чакаць жаданай сустрэчы з Наталляй. Каханне змяніла і дзяўчыну. Так у жыцці Дзмітрыя  выпадкова з’явілася Наталля і засталася ў ім назаўжды. Юнак, што б ні рабіў,  дзе б ні быў,  думаў пра яе.  Пачуццё прыхільнасці паступова расло,  шырылася,  заваёўвала сэрцы і душы ў абаіх.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Наталля працягвала вучобу ў Брэсцкім прафесійным ліцэі  швейнай  вытворчасці імя Д.М.Карбышава,  а Дзмітрый – у Івацэвіцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. Праз 2 гады пасля знаёмства, у кастрычніку 2009, Наталля і Дзмітрый згулялі вяселле. Узяўшы шлюб, яны марылі пра добрую сям’ю, пра свой дом, пра дзетак. Хацелася траіх: дзвюх дзяўчынак і хлопчыка. Што стануць шматдзетнай сям’ёй, не думалі… Хоць Наталля сама вырасла ў сям’і,  дзе ў бацькоў выхоўвалася 4 дзяўчынкі і 2 хлопчыкі.

Хутка ў маладой сям’і з’явілася першая радасць – Вераніка (цяпер вучаніца 2 “А” класа раённай гімназіі), затым – Карына (вучаніца 1 “В” класа раённай гімназіі), Ангеліна (4 гады, наведвае яслі-сад №1), пасля – Мелання (3 гады, наведвае яслі-сад №1).  А год і тры месяцы таму  з’явілася яшчэ адна радасць – нарадзілася Ульяна.

Цяпер у сям’і Віннічукоў падрастае пяць дзяўчынак-прыгажунь, якіх бацькі ласкава называюць сонейкамі. Дзмітрый працуе вальшчыкам лесу ў Маларыцкім лясгасе. Вядома, асноўны цяжар па выхаванні дзяцей лёг на плечы Наталлі Леанідаўны. Для жанчыны гэта хоць і нялёгкія, але прыемныя штодзённыя клопаты і турботы, якія пераносяцца з радасцю. Зрэшты, нічога дзіўнага ў гэтым няма. Спрадвеку нашы продкі казалі, што жонка дома тры вуглы трымае. Так гаварылі таму, што маці – гэта чалавек, які заменіць заўсёды і ўсіх, калі ўзнікае такая неабходнасць.

Наталля і Дзмітрый на старэйшых дачок не нарадуюцца. Вераніка і Карына, як толькі могуць, дапамагаюць ужо маме: і меншых няньчаць, і ў кватэры прыбіраюць.

– Наталля Леанідаўна, на чым трымаецца ваша сям’я?

– Напэўна, у першую чаргу на ўзаемапавазе, цёплых, добразычлівых адносінах і любові, шчырай, узаемнай, самаахвярнай, непадкупнай, – усміхаючыся, кажа Наталля Віннічук. – Яна як дабратворны дожджык,  пасля якога нават  праз самую цвёрдую глебу абавязкова праб’ецца парастак. Неабходна любіць адзін аднаго, штодзень, штохвілінна.

Навучыцца дыхаць любоўю – высокае майстэрства, да якога сямейныя пары ідуць не адзін год, а часам і ўсё жыццё. Віннічукам ў гэтым сэнсе пашанцавала.

– Нашы дзяўчаткі – сэнс жыцця, скарб, шчасце, якое ні за якія грошы не купіш нідзе ў свеце, – гаворыць Дзмітрый Віктаравіч. – Хоць выхаванне дзяцей – гэта складаная, адказная і нялёгкая штодзённая праца. Самае вялікае ў нас багацце – нашы сонейкі. А іншага нам і не трэба… Хіба толькі яшчэ здароўя для ўсіх.

Бывае, што пасля дзённых турбот і клопатаў Наталля і Дзмітрый валяцца з ног. Яны пра гэта забываюць, калі дзяўчынкі просяцца пагуляць з імі ці ўсім разам пайсці на прагулку. Калі надвор’е на вуліцы добрае, то такое пажаданне абавязкова выконваецца. Нягледзячы на стому, жаданне адпачыць, Віннічукі здольны зрабіць усё для сваіх дачок, каб чуць іх звонкія, радасныя галасы і бачыць, як шчаслівая ўсмешка асвятляе іх твары. Сям’ю Віннічукоў аб’ядноўваюць і агульныя справы.  У цёплую пару яны любяць бываць разам у ягадах і грыбах, гасціць у родных у Збуражы і Арэхаве…

– Наталля Леанідаўна, а колькі трэба дзяцей для поўнага шчасця?

– Нам,  напэўна,  яшчэ не хапае аднаго сыночка, – усміхаецца Наталля. – Шчасце шматдзетнай сям’і ў тым, што кожны пражыты дзень – гэта ахвяра, клопат пра дзяцей, жыццё дзеля і для іх. Гэта яшчэ і абмежаванне сябе ва ўсім: у вольным часе, фінансах… Але чым больш ахвяруеш сабой, тым больш атрымліваеш любові і радасці ўзамен. Дзеці ўмацоўваюць сям’ю, мацней аб’ядноўваюць мужа і жонку. Яны – сэнс зямнога існавання, уклад ва ўласную будучыню. Вялікая сям’я,  на мой погляд, – гэта радасць і неймавернае шчасце! Калі побач родныя людзі, якія заўсёды могуць падтрымаць, то негатыўнае хутка забываецца. А што яшчэ трэба для сямейнага шчасця?

Наталля і Дзмітрый  са сваі­мі дочкамі  жывуць яшчэ адной марай, якая хутка здзейс-ніцца. Віннічукі будуюць свой дом. А дзяўчынкі ўжо зараз фантазіруюць і малююць эскізы, як яны ўпрыгожаць свае пакоі.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.