“Гарэць, а не тлець і запальваць іншых…”

1285 юнакоў і дзяўчат, якія аб’яднаны ў 59 пярвічак, з’яўляюцца членамі раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Якую ролю у жыцці раёна іграе арганізацыя, што аб’ядноўвае ў сваіх радах 20 працэнтаў ад агульнай колькасці моладзі раёна, чым адметна яе дзейнасць, хто папаўняе рады БРСМ і якія планы ў маладзёжнага аб’яднання на новую пяцігодку,  — аб гэтым і многім іншым ішла размова на VII Маларыцкай раённай справаздачна-выбарчай канферэнцыі ГА  “БРСМ”.
У сваім справаздачным дакладзе выконваючая абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” Таццяна Сацюк пра дзейнасць раённай арганізацыі “БРСМ” за апошнія пяць гадоў расказвала на канкрэтных прыкладах. Словы яе падмацоўваліся фотапрэзентацыяй. Фотаздымкі з аўтапрабегу “Памяць”, працоўных дэсантаў у дварах ветэранаў вайны і працы, “Рыцарскага турніру”, акцый з удзелам валанцёраў яскрава сведчылі пра патрыятычную дзейнасць арганізацыі. Змястоўная фотаілюстрацыя суправаджала і расказ пра акцыю “Дзень здароўя”, традыцыйную гульню КВЗ, конкурсы “Міс Юнацтва”, “Валянцін і Валянціна”, “Поле цудаў”, інтэлектуальную гульню “Што?Дзе? Калі?” і многія іншыя мерапрыемствы, арганізатарам якіх быў раённы камітэт ГА “БРСМ”.
Спіс тых важных і добрых спраў, якія залічаны на рахунак моладзі раёна, працягвалі лідары пярвічных арганізацый, якія непасрэдна працуюць у калектывах і лепш за іншых ведаюць, чым жыве і цікавіцца моладзь.
12 маладых людзей аб’ядноўвае пярвічка аддзялення пагранічнай службы “Маларыта”. Сакратар яе, Уладзімір Аляксюк, коратка расказаў пра накірункі ўзаемадзеяння, у першую чаргу пра сумесную работу раённага камітэта “БРСМ” і пярвічкі ў пытанні выхавання школьнікаў. Апошнія – частыя госці пагранічнікаў, для іх праводзяцца экскурсіі, дні адчыненых дзвярэй, якія дазваляюць бліжэй пазнаёміцца з прафесіяй. А ваенна-патрыятычная гульня “Юны сябар пагранічніка”, якая стала ўжо традыцыйнай, дапамагае  развіваць вытрымку, загартоўвае і рыхтуе да выканання важнага для кожнага юнака абавязку – абараняць Радзіму.
Пра тое, якімі падзеямі напоўнены для БРСМаўцаў школьныя дні, распавяла сакратар пярвічнай арганізацыі “БРСМ” раённай гімназіі Алена Адынец. На цесным супрацоўніцтве ў выхаванні пачуцця патрыятызму, прафілактыцы злачыннасці  спыніліся ў сваіх выступленнях інструктар МРАС        ДТСААФ Валянціна Козак, член пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” Маларыцкага РАУС Віталь Струнец.
Сваё камсамольскае юнацтва ўспамінала прадстаўнік раённага савета ветэранаў Соф’я Якубчык.
— Будучае нашай краіны залежыць ад актыўнасці моладзі, ад зацікаўленасці яе ў вырашэнні важных дзяржаўных спраў, — заўважыла яна,звяртаючыся да дэлегатаў канферэнцыі. І пажадала ўсім гарэць, а не тлець, гарэць і запальваць іншых.
Падбадзёрылі БРСМаўцаў і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Любоў Куц, і старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей. Кожны з іх выказаў моладзі свае пажаданні, даў мудрыя парады.
У рашэнні, якое было прынята на канферэнцыі, адзначалася, што раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “БРСМ”, рэалізоўваючы асноўныя накірункі дзейнасці, больш актыўна будзе працаваць над стварэннем маладзёжных клубаў па інтарэсах,  удасканаліць работу па папулярызацыі сельскагаспадарчых прафесій, актывізуе дзейнасць па папярэджанні развіцця дыструктыўнага  маладзёжнага руху ў раёне.
Завяршылася канферэнцыя абраннем новага раённага камітэта ГА “БРСМ” і прыняццем звароту да моладзі раёна.
На першым пленуме РК ГА “БРСМ” першым сакратаром маларыцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ” абрана Надзея Пстыга. На той час, пакуль яна знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцяці, кіраваць раённай арганізацыяй “БРСМ” удзельнікі пленума даручылі Таццяне Сацюк.
Святлана МАКСІМУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий