Славутыя землякі: Барыс Пухоўскі (Маларыта)

 

Барыс Пухоўскі – вядомы і тытулаваны ганд­баліст. Ён майстар спорту міжнароднага класа, капітан мужчынс­кай нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па гандболе, шмат­­разовы чэмпіён краі­ны і Рэспубліканскай універ­сіяды.

Фото http://handball.by/

Барыс Валер’евіч нарадзіўся і вырас у Маларыце. Як і ўсе аднагодкі, пасля ўрокаў іграў у футбол, баскетбол… Дзень без спорту хлопцу здаваўся сумным.  Калі Барыс стаў вучыцца ў 4 класе, яго бацькі – Надзея Барысаўна і Валерый Георгіевіч Пухоўскія – вырашылі,  што сына неабходна запісаць у спартыўную секцыю Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. У якую? Канчатковы выбар быў усё ж такі за Барысам. Аднак як адзін з магчымых варыянтаў,  бацькі  Барыса разглядалі секцыю па гандболе. Тым больш, што з гэтым відам спорту многае звязвала і Надзею Барысаўну. Яна раней і сама з задавальненнем іграла ў ручны мяч. А ў сезоне 1976-1977 гадоў нават выступала ў складзе зборнай вобласці (іграла лінейнай) па гандболе… Пад увагу яшчэ бралася і тое, што гандбол – папулярны від спорту на Маларытчыне. За час існавання ДЮСШ было падрыхтавана нямала высокакваліфікаваных ігракоў і трэнераў па гандболе. Недзе ў глыбіні душы бацькі Барыса цеплілі надзею, што сын здолее стаць прафесійным спартсменам.

Так Барыс Пухоўскі трапіў да трэнера Віталя Чорнага, які здолеў разгледзіць у хлопчыку выдатнага спартсмена. Барыс не падвёў свайго трэнера. На трэніроўках заўсёды  працаваў лепш за ўсіх. Віталь Дзмітрыевіч неўзабаве стаў уключаць Барыса ў склад каманды для ўдзелу ў абласных спаборніцтвах па гандболе. Хлопец вельмі ганарыўся, калі трэнер браў яго за старшага ў камандзе. А затым былі рэспубліканскія спаборніцтвы, дзе юнага спартсмена таксама заўважылі і прапанавалі вучобу ў Рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Так Барыс Пухоўскі трапіў да Віктара Касінскага, а затым і ў каманду СКА (Мінск), якую  трэніраваў Спартак Мірановіч. Ён і прапанаваў Барысу Валер’евічу ролю разыгрываючага.

Барыс Валер’евіч з 2005 года (з 18-гадовага ўзросту) стаў выступаць за нацыянальную зборную Беларусі па гандболе. Абараняў яе гонар на чэмпіянатах свету 2013, 2015 і 2017 гадоў,  а таксама чэмпіянатах Еўропы 2008, 2014, 2016 і 2018  гадоў. Барыс Пухоўскі сыграў за зборную 184 матчы, закінуў у вароты сапернікаў  788 мячоў.

Пачынаў кар’еру гандбаліста ў 2002 годзе ў мінскім СКА, у 2009 годзе перабраўся ў “Дынама” (г.Мінск), але ў пачатку 2012 года вярнуўся ў склад армейцаў і дапамог клубу ў 2013 годзе выйграць еўрапейскі Кубак выкліку. У 2013 – 2015 гадах выступаў за венгерскі клуб “Чурго”, у першай палове 2015 года зноў іграў за СКА, пасля чаго стаў іграком украінскага “Матора” (г.Запарожжа). Вясной 2016 года на правах арэнды выступаў у 2 гульнях розыгрышу нацыянальных Кубкаў гандбольнага клуба “Аль-Кіяда” Рэспублікі Катар. Затым вярнуўся ў Запарожжа, дзе да гэтага часу пад нумарам 87 выступае разыгрываючым за гандбольны клуб  “Матор”.

*  *  *

– Барыс рос паслухмяным, старанным і мэтанакіраваным хлопчыкам, – успамінае  На­дзея Барысаўна Пухоўская, маці гандбаліста. – Да любой даручанай справы адносіўся  надзвычай адказна. Такім Барыс застаўся і цяпер. Ніколі, здаецца, не прымаў паспешлівых і неабдуманых рашэнняў. Перш чым на нешта адважыцца,  дэ­та­лёва ўзважыць ўсе за і супраць, пралічыць усе плюсы і мінусы, параіцца. Аднак потым, што б ні здарылася, з выбранага шляху ўжо не збочыць, пакуль не дасягне свайго. Барыс не толькі цудоўны сын, але і ідэальны сем’янін, выдатны бацька, сапраўдны сябар для брата Вячаслава, надзейная падтрымка для родных. Заўсёды спакойны, ураўнаважаны.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.