Мара Людмілы Сезік рэалізуецца ў вучнях (Маларыта)

Педагагічны стаж Людмілы Сезік складае амаль 21 год. Цяпер яна шчыруе трэнерам-выкладчыкам у вучэбна-спартыўнай установе “Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна”.

На першае месца працы Людмілу Ула­дзіміраўну па раз­меркаванні накі­ра­валі ў Мельніцкую БШ Маларыцкага раёна пасля заканчэння спарт­­фака Брэсцкага  педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Тут яна на некалькі гадоў ўлілася ў дружны ка­лектыў установы аду­кацыі. Педагагічная ніва для Людмілы Сезік пачыналася на пасадзе старшай піянерскай важатай.

Так склаліся жыццёвыя абставіны, што з верасня 1997 года Людміла Сезік уладкоўваецца на працу трэнерам у дзіцяча-юнацкую спартыўную школу Маларыцкага раёна. Першы дзень працы стаў асабліва памятным і незабыўным. Каб збылася запаветная дзіцячая мара, спатрэбіўся не адзін год трэніровак, работы над сабой.

–Да гэтага ішла паступова і мэтанакіравана, – ка­жа Людміла Уладзі­міраўна. – Канчаткова з будучай прафесіяй вызначылася ўжо ў 4 класе. Неяк на ўроку мовы мы працавалі над сачыненнем “Кім я хачу быць, калі вырасту”. Не раздумваючы, адразу напісала, што сябе бачу толькі дзіцячым трэнерам у спартыўнай школе. Сапраўды, падчас вучобы ў школе іншыя прафесіі мяне мала цікавілі. Я сур’ёзна засяродзілася толькі на адной. Бацькі супраць нічога не гаварылі і зай­мацца гандболам не перашкаджалі. Ім удзячна за падтрымку і разуменне.

Людміла Сезік расказвае пра справу, якой зай­маецца, з задавальненнем.  Яна прызнаецца, што з першых дзён было нялёгка,  але адсутнасць вопыту кампенсавалася шчырым жаданнем працаваць. Невядома,  кім бы яна стала, як склаўся б лёс, каб на жыццёвым шляху не з’явілася  Раіса Грэбень, цяпер заслужаны трэнер Беларусі, суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі па гандболе, якая працуе метадыстам вышэйшай катэгорыі ў Рэспубліканскім цэнтры фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў у гора­дзе  Мінску. Імя Раісы Фёдараўны залатымі літарамі ўпісана ў гіс­торыю дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна. Трэнерскай рабоце яна аддала больш за 25 гадоў свайго жыцця. Таленавіты педагог, мэтанакіраваны чалавек, Раіса Грэбень праз усё жыццё змагла пранесці любоў да сваёй справы. За час працы ў Маларыце яна змагла захапіць гандболам больш за 700 дзяўчат. У іх ліку – і Людмілу Сезік.

–Я была ўлюбёна ў Раісу Фёдараўну, – успамінае Людміла Уладзіміраўна. – Заняткі ў секцыі гандбола ў гэтага трэнера заўсёды чакала з нецярпеннем. Мне вельмі хацелася стаць падобнай да яе і адносінамі да справы, у якую яна ўкладвала ўсю душу, і да дзяцей. Таму імкнулася без прычыны не прапусціць ні адзін занятак. Гэта ў школу магла не з’явіцца, а на трэніроўку па гандболе нават з тэмпературай прыходзіла. Гэтым відам спорту проста “гарэла” і жыла ім. Так пачынаўся шлях Людмілы Уладзіміраўны да вяршынь прафесійнага майстэрства.

Людмілу Сезік хутка заўважылі. Яе сталі ўключаць у склад каманд, якія выступалі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. У “спартыўнай” біяграфіі Людмілы Ула­дзіміраўны ёсць і такі факт: некалькі гадоў яе выхаванцы былі пераможцамі  спаборніцтваў па гандболе рознага ўзроўню, а з 2005 па 2009 гады яна сама была старшым трэнерам  каманды Брэсцкай вобласці па гандболе.

Цяпер у спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна Людміла Сезік працуе з трыма гандбольнымі групамі дзяўчат і групай юнакоў. Адна з асноўных задач, якую трэнер ставіць перад сабой, – выхаваць любоў да гандбола, выявіць будучых спартыўных “зорак”, раскрыць іх здольнасці, навучыць настойліва ісці да пастаўленай мэты, не апускаць рукі перад цяжкасцямі, расці прафесійна, удасканальваць майстэрства і не спыняцца на дасягнутым.

–Людміла Уладзіміраўна, дзе бераце сілы для працы?

–Іх чэрпаю ў сям’і і ў гандболе. Ва ўсіх пытаннях знахо­джу падтрымку і разуменне ў мужа Віктара, які таксама іграе выдатна ў гандбол. Дарэчы, сябруе з гэтым відам спорту і старэйшая дачка Настасся. Падчас вучобы яна некалькі гадоў выступала ў складзе каманды Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Меншая, Антаніна, цяпер наведвае секцыю па гандболе. Яна плануе таксама стаць гандбалісткай. Усё гэта ў пэўнай ступені стымулюе працаваць яшчэ больш старанна, адказна і самааддана.

–А якая ваша мара?

–Мая мара жыве ў вучнях, у іх спартыўных дасягненнях. Я, як і любы трэнер, спадзяюся, што мае юныя гандбалісты стануць тымі спартсменамі, якія змогуць іграць нават і за зборную краіны.

     Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


читайте здесь www.man-ms.com.ua

подробно velotime.com.ua