Сакрэтам  шчасця  валодаюць  у  Вужове (Маларыцкі раён)

Надзвычай шчыра і пранікнёна, кранаючы да слёз, прабіраючы да дрыжыкаў па скуры, у цёплай і ўтульнай атмасферы ў Вужоўскім Доме фальклору на гэтым тыдні ладзілася мерапрыемства, прысвечанае міжнароднаму Дню сям’і. Свята пад назвай “Мая сям’я – мой цёплы дом” падарылі вяскоўцам арганізатары – спецыялісты аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і мабільнай установы “Аўтаклуб”.

Вужова – другая па велічыні вёска ў Лукаўскім сельсавеце. Сёння тут пражываюць 135 чалавек, з якіх 24 – дзеці. У вёсцы ёсць газ, тут пакрысе будуюцца новыя прасторныя сядзібы. А ўлетку ціхія вуліцы вёскі напаўняюцца звонкімі дзіцячымі галасамі – гэта на канікулы да бабуль і дзядуль прыязджаюць унукі.

У мінулую сераду вяскоўцы падзяліліся сваім сакрэтам шчас­лівага сямейнага жыц­ця, расказалі пра сваю формулу кахання, складальнікі якіх узаемаразуменне, давер, цярпенне і павага. Культурна-асветніцкае мерапрыемства, што доўжылася крыху больш за дзве гадзіны і  сабрала ў мясцовым Доме фальклору добрую палову залы, праляцела як адно імгненне. Цёпла і душэўна вялі праграму вядучыя – супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра Таццяна Сацюк і Ірына Рубель, артысты аўтаклуба Яўгенія Наўрасюк і Алег Самасюк літаральна зачаравалі публіку сваімі песнямі, ствараючы ў прысутных цудоўны настрой. Ногі самі так і прасіліся ў скокі. Усё мерапрыемства было прасякнута такой шчырасцю, што здавалася быццам у зале сабралася адна вялікая і дружная сям’я. Зрэшты, па-іншаму і не магло быць, таму што сям’я – самае святое для кожнага чалавека,  аснова і сэнс жыцця. Сваім сакрэтам сямейнага даўгалецця падзяліліся Алена і Аляксей Герасімукі, Іван і Еўдакія Алесеюкі, якія летась адзначылі сваё ізумруднае вяселле, а таксама Аляксей і Кацярына Кардзелюкі, Сцяпан і Ніна Кардзелюкі,  якія юбілей сумеснага жыцця адзначаць у наступным годзе. Як расказала Алена Дзмітрыеўна Герасімук, яны з мужам пабраліся шлюбам у маі і пражылі разам больш за пяць дзесяцігоддзяў, выгадавалі траіх дзяцей, дачакаліся пяцярых унукаў і чацвярых праўнукаў. Пры­мету аб тым, што “жаніцца ў маі – век маяцца” абвяргае і сям’я Івана Ігнатавіча і Еўдакіі Сямёнаўны Алесеюкоў, якія крочаць разам па жыцці 56 год.

 Гартаючы сямейныя альбомы вяскоўцаў, вядучыя не забыліся адзначыць і дынастыі,  у якіх прафесіі пе­радаюцца з пакаленне ў пакаленне. Напрыклад, Ніна Уладзіміраўна Кардзялюк не адзін год адпрацавала загадчыцай фермы, зараз яе замяніла нявестка. А  вось Роза Сцяпанаўна і Пётр Васільевіч Смаль ў мясцовай гаспадарцы даглядаюць  цялят. Узгадалі і пра самую старэйшую жы­харку Вужова – Ірыну Васільеўну Кардзялюк, якой праз год споўніцца 90.

Сям’я – гэта нашы традыцыі і продкі, аб якіх мы ніколі не павінны забываць. Хто шануе род свой, ведае яго карані, таму і ў жыцці шанцуе. Да глыбіні душы кранальным атрымаўся момант, калі ў гонар продкаў былі запалены свечкі памяці. Трапяткія агеньчыкі  са­гравалі сэрцы гледачоў, нагадвалі аб вечнасці.

На працягу ўсяго мерапрыемства гучалі словы прызнання жанчыне-маці, услаўляліся спрадвечныя сямейныя каштоўнасці, якія ўзбагачаюць наша жыццё, напаўняюць яго шчасцем і любоўю. Напрыканцы  гледачы ат­ры­малі адмысловыя па­дарункі: ад тэрытарыяльнага цэнтра – паштоўкі з рэцэптам сямейнага шчасця, ад “Таптышкі” – пачастункі і ад Ужоўскага Дома фальклору – ручнікі на шчасце.

Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!