Асяродак  культуры і духоўнасці ў Чарнянах (Маларыцкі раён)    

 Якімі б хуткімі тэмпамі ні развіваліся сучасныя тэхналогіі, найноўшыя гаджэты, камп’ютары і электронныя кнігі не змогуць замяніць звычайнае друкаванае выданне ці нават скласці яму канкурэнцыю.Ледзьве ўлоўнае шалясценне старонак, спецыфічны пах друкарскай фарбы і нават вага кніжкі – гэта ўсё настолькі блізкае і адчувальнае. Кожная надрукаваная кніга  — жывая.

 Менавіта так лічыць бібліятэкар Чарнянскай сельскай бібліятэкі Алена Анішчук і яе землякі, якія з задавальненнем наведваюць асветніцкую ўстанову. А тое, што ў Чарнянах чытаць любяць, самі за сябе ґавораць наступныя лічбы. Штодзень бібліятэкар абслугоўвае больш чым дзясятак вяскоўцаў, а ўсяго тут налічваецца 380 чытачоў. Дарэчы, бібліятэка аказвае і дадатковыя паслугі. Тут ёсць выхад у сусветную сетку інтэрнэт, можна скарыстацца паслугамі ксеракса. Яшчэ адна адметнасць сельскай бібліятэкі – гэта не толькі грунтоўны кніжны фонд, які налічвае больш за 10 тысяч асобнікаў разнастайнай літаратуры, але і сімпатычныя вырабы, вышыванкі, карціны, што таксама аздабляюць паліцы бібліятэкі.

— Усё гэта работы нашых чытачоў, — кажа Алена Уладзіміраўна. – Вось, напрыклад, паглядзіце, якія сімпатычныя кошыкі, вазачкі, кветачкі робіць са звычайнай паперы Наталля Міхалькевіч. Валянціна Грыгор’ева – майстрыха на ўсе рукі, падаравала нам  пудзеля,  якога звязала на прутках, і вось такія скураныя сурвэткі. Вельмі шмат у нас работ з бісеру Кацярыны Якімук і вырабаў з саломкі Людмілы Янч. А вось такія прыгожыя сурвэткі вышывае крыжыкам Людміла Якімук.

Алена Уладзіміраўна – гаспадыня сапраўднага кніжнага царства, дзе пануюць утульнасць і гасціннасць, дзе кожнага наведвальніка сустракаюць ветлівай, шчырай усмешкай. Проста дзіву даешся, як яна ўсюды паспявае: удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, спявае ў гурце “Чарняначка”, стварыла “пальчыкавы” тэатр і ставіць з дзецьмі пастаноўкі, займаецца рукадзеллем і сама майструе лялькі – герояў казак. У суботу ці нядзелю ў бібліятэцы заўсёды шмат моладзі. Дзеці з задавальненнем наведваюць аматарскае аб’яднанне “Свет талентаў”, якое дзейнічае не адзін год пад кіраўніцтвам Алены Уладзіміраўны. Плённа супрацоўнічае бібліятэка са школай і мясцовай царквой, ладзяцца сумесныя духоўна-асветніцкія мерапрыемствы, вечарыны, у якіх удзельнічаюць як дарослыя, так і дзеці.

Адчуваецца,  што Алена Уладзіміраўна вельмі любіць сваю працу і чытачоў, пра якіх яна расказвае з асаблівай пяшчотай і павагай. Самыя актыўныя наведвальнікі бібліятэкі – Валянціна і Мікалай Дрэмукі,  а таксама іх сын Аляксей з нявесткай Марынай і іх дзеткі — васьмікласнік Іван і шасцікласніца Ганна, а таксама Надзея Рыбачук, Надзея Рыбалюк, Валянціна Лашкевіч, Марыя Кулічык, шматдзетная маці Таццяна Клебановіч, Марыя і Павел Клебановічы. Попытам карыстаецца разнастайная літаратура: ад мастацкай да навукова-папулярнай. Бібліятэка праводзіць вялікую культурна-ас­ветніцкую работу. Дзякуючы намаганням як былых бібліятэкараў, так і Алены Уладзіміраўны вядзецца летапіс старажытнай вёскі Чарняны.

На іншым месцы Алена Анішчук сябе не ўяўляе. Хоць яна і вырасла ў Маларыце, але не шкадуе, што давялося пераехаць разам з мужам жыць у Чарняны.

— Муж ваенны, зараз на пенсіі, — расказвае Алена Уладзіміраўна. – Жылі ў Капусціным Яры,  дзе ён служыў, потым вярнуліся на радзіму, да бацькоў. Як і ўсе вяскоўцы,  трымаем уласную гаспадарку, працуем на зямлі. На вясенне-летні перыяд муж уладкоўваецца трактарыстам у мясцовую гаспадарку. Шчыра прызнаюся, калі пераязджалі жыць у Чарняны, перажывала вельмі, думала, што я буду тут рабіць. Аказалася, наадварот. У нас столькі ўсяго цікавага, што нават часу не хапае, каб рэалізаваць  свае задумкі.

Алена Уладзіміраўна літаральна зачароўвае землякоў сваімі крэа­тыўнымі ідэямі. Яна плануе стварыць “фланелевы” тэатр і разам з дзецьмі зрабіць некалькі пастановак. Думаю, што ўсё ў Алены Анішчук атрымаецца, таму што сваім імпэтам і жыццярадаснасцю яна можа захапіць кожнага.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://chemtest.com.ua/

profshina.kiev.ua

chemtest.com.ua/laboratornie-elektronnie-vesi