Дзяцей, як тых каласкоў у снопе

Выгадаваць сёння многа дзяцей – сапраўдны подзвіг. Аднак раней многія сем’і былі шматдзетнымі. Завядзёнка існавала такая. Багацце лічылі не конямі, каровамі, маёмасцю, а колькасцю дзяцей. Цяпер жа нават трое – вялікая рэдкасць. У кагосьці аптымальная колькасць дзяцей вызначаецца рэлігіяй, нацыянальнымі традыцыямі, у іншых – эканамічным разлікам, унутранай патрэбай. Многія перакананы, што лепш мець адно дзіця ці два, каб даць ім ўсё самае лепшае і неабходнае. Аднак гэтае паняцце рознае для ўсіх сямей. Адны ўпэўнены, што дзеці могуць гадавацца ў невялікім пакоі,  даношваць адзенне старэйшых, гуляць зламанымі цацкамі. Другія ж – ні ў чым сваім дзецям імкнуцца не адмаўляць. Ці ж сапраўды нельга даць усё неабходнае 4 ці 5 дзецям? А як быць тады, калі іх 6? Няўжо ў такой сям’і да дзяцей менш будзе ўвагі, клопату пра іх…
У Лідзіі і Мікалая Гаўрылюкоў з Маларыты ажно 8 дзяцей. Жывуць дружна, прыгожа, у згодзе і ладзе. Ніхто ніколі дрэннага слова не сказаў у іх адрас. Што ляжыць у аснове ўзаемаадносін?
— Наша вялікая сям’я трымаецца ў першую чаргу на любві, узаемнай, самаахвярнай, непадкупнай, — усміхаючыся, кажа Лідзія Сцяпанаўна. — Яна як дабратворны дожджык. Пасля яго нават  праз самую цвёрдую глебу абавязкова праб’ецца зялёная траўка. Неабходна любіць адзін аднаго, штодзень, штохвілінна.  Навучыцца дыхаць любоўю  —  высокае майстэрства, да якога ідуць усё жыццё. Мае дзеці – скарб, шчасце, якое ні за якія грошы не купіш нідзе ў свеце, сэнс жыцця.
— Рэцэпт сямейнага шчасця даўно вядомы, — перакананы Мікалай Дзямідавіч. –Неабходна любіць іншага шчыра, без падману, фальшу, забываючы часта пра сябе. Калі ў сям’і ўладараць згода і ўзаемапавага, ніколі не знікаюць пяшчота, дабрыня і мудрасць, – гэта і ёсць сапраўдная сям’я. Што больш трэба для шчасця? А яшчэ я добра памятаю словы свайго дзеда, які калісьці сказаў так: “Даў Бог дзіця, дасць і на дзіця”. Больш дзяцей – больш радасці ва ўсім.
Сваё шчасце Лідзія і Мікалай знайшлі ў Доме быту Маларыты. Адбылося гэта так. Яна родам з Ляхавец. У шматдзетнай сям’і была сёмай па ліку. Вучылася добра, будавала планы, уяўляла, кім стане, дзе будзе працаваць. Аднак пасля заканчэння школы жыццё начарціла сваю дарогу. Зусім іншую, не такую, якой трызніла, па якой хацелася бегчы. Змірыўшыся з абставінамі, Лідачка пайшла па ёй павольна, але ўпэўненай хадой. Вывучылася на кандытара, працавала на хлебазаводзе, а пасля, выпадкова, апынулася ў Доме быту, дзе стала шчыраваць вышывальшчыцай. Тут стала больш уважліва прыглядацца да свайго Колі. Той нарадзіўся і вырас ў в.Хмелішча. Пасля заканчэння Радзежскай СШ вучыўся на вадзіцеля, затым стаў працаваць у сельгастэхніцы, трохі пазней, нечакана для сябе, перавёўся вадзіцелем у Дом быту. Напэўна, загадка лёсу, чаму ў адзін момант ён і яна апынуліся там.
— Пры першай жа сустрэчы, — успамінае Мікалай, — Ліда мяне зачаравала. Чым падкупіла? Усмешкаю. Нешта незвычайнае зыходзіла з яе вуснаў, таямнічае, як тое дзіва, неразгаданае, прыгожае.
Бачыліся маладыя амаль кожны дзень. Пачуццё прыхільнасці паступова расло, шырылася, заваёўвала сэрцы і душы ў абаіх. Аднак Колю неўзабаве забіраюць на армейскую службу. Два гады праляцелі імгненна. І ён, і яна памяталі пра сваю палавінку. Пасля вяртання юнака на радзіму, пачуццё кахання ў маладых ўспыхнула з новаю сілаю. Касцёр кахання не патух, а набыў новую сілу.
— Коля мне прапанаваў сваю руку, каб ісці па жыцці разам, — кажа Лідзія Сцяпанаўна, — а я, трошачкі падумаўшы, сэрца. Аднак майго жаніха неўзабаве забіраюць у “партызаны” – на ўборку ўраджаю, на цаліну, на доўгіх пяць з паловаю месяцаў. Гэта ўжо было сапраўднае выпрабаванне нашага кахання. Я чакала, спадзявалася і верыла.
Мікалай пра сваю каханую таксама не забываў. Адзін за адным пісаў лісты. Расказваў у іх пра ўсё падрабязна. А найперш – пра свае пачуцці. І ў кожным пісьме абавязкова быў сюрпрыз. Хлопец сваёй каханай дасылаў засушаныя палявыя кветкі са стэпаў Кубані. Ліда вельмі ж  любіла іх.
— А  аднойчы,  — прыгадвае Мікалай Дзямідавіч, — калі на працягу тыдня ехаў у таварным вагоне ў Цалінаград, склаў сваёй каханай вялікі верш, дзе выказаў усё, што было на сэрцы, чым поўнілася закаханая душа.
19 чэрвеня 1983 г. маладыя ўзялі шлюб. Гэтага моманту яны чакалі з нецярпеннем, бо кожнаму хацелася быць з каханым, адчуваць яго штохвілінна. Вяселле з размахам згулялі ў Ляхаўцах. На яго было запрошана больш за 350 чалавек. Шчаслівыя, Мікалай і Лідзія, сталі жыць адразу асобна ад бацькоў. У Маларыце ўзялі ўчастак і паступова сталі будаваць свой дом. Вялікі, хоць пра колькасць дзяцей тады зусім не задумваліся.
— Я ж  з дзяцінства марыла працаваць мамай, — згадвае Лідзія Сцяпанаўна. – У маіх бацькоў было 8 малых. Зрэдку ўзнікала думка, што і ў мяне будзе шматдзетная сям’я. Падабалася на ўсю сям’ю гатаваць розныя стравы. Цэлы дзень магла завіхацца на кухні. І калі бацька, паспрабаваўшы  кулінарныя шэдэўры, хваліў, тады яшчэ больш хацелася стаяць ля пліты і прыдумваць нешта незвычайнае.
— Калі мы пажаніліся, — кажа Мікалай Дзямідавіч, — то, сапраўды, пра тое,  колькі ў нас будзе дзяцей, не думалі. Я быў цалкам заняты ўзвядзеннем свайго кутка. Ды і што планаваць, калі на ўсё воля Божая.
Праз некалькі гадоў Гаўрылюкі перабраліся ў новы дом. Сталі паступова нажываць дабро і дзяцей. Праз год у маладой сям’і з’явілася першая радасць — Андрэй, затым – Ірына, Веніямін,  Данііл, Інеса, Маргарыта, пасля – яшчэ Мацвей і Давід. 5 сыноў і 3 дачкі.
Мікалай Дзямідавіч працаваў, асноўны цяжар па выхаванню дзяцей лёг на плечы Лідзіі Сцяпанаўны. Але гэта былі прыемныя, радасныя клопаты і турботы. Таму любую цяжкасць пераносіла  з радасцю. Ды і тыя, хто пад­рос, аказваў дапамогу бацькам. Падмесці, памыць посуд, паняньчыць меншых, пакарміць курэй… У шматдзетнай сям’і пачуццё адказнасці прыходзіць да кожнага само па сабе. Навыкі, якія набывае дзіцё, дапамагаючы маці ці бацьку, потым спатрэбяцца ў самастойным жыцці.
— З маленства кожнага вучылі  ўмець рабіць усё, што неабходна, — гаворыць Лідзія Сцяпанаўна. – Хлопчыкаў – мужчынскую работу, дзяўчат – жаночую. Хоць рэзкага размежавання, напэўна, не было. Мае сыны, калі трэба, і сёння звараць смачны абед, а дочкі – умеюць забіць цвік.
Гаўрылюкі з маленства ў кожнага выхоўваюць разумнае жаданне, “хаценне” нешта мець і ўменне лічыцца з патрэбамі іншага. Ні ў каго з дзяцей няма прывілеяванага становішча, таму, напэўна, ніколі не ўзнікала падстаў для фарміравання эгаізму. А яшчэ Лідзія Сцяпанаўна і Мікалай Дзямідавіч на ўласных прыкладах імкнуцца выхаваць у сваіх дзяцей адказнасць за даручаную справу, працалюбства, спагаду, міласэрнасць і павагу да людзей, узаемадапамогу. Гаўрылюкі перакананы, што шлях да вырашэння многіх праблем – гэта не натацыя і мараль, а вобраз “радаснага жыцця”. Маленькаму чалавечку неабходна стварыць такія ўмовы, каб усё наглядна ён усвядоміў сам. Тады і вынік будзе. Сіла, навязванне сваёй думкі станоўчага выніку ніколі не даюць.
Добраму выхаванню дзяцей, пераканана Лідзія Гаўрылюк, дапамагае далучэнне іх да свету прыгожага мастацтва. Між  іншым, жанчына захапляецца маляваннем, іграе на гітары і акардэоне, піша вершы. Ужо выдала 3 зборнікі паэзіі, чарговы – на падыходзе.
— Пры разумным планаванні і жаданні можна ўсё зрабіць і ў час, — упэўнена Лідзія Сцяпанаўна. — Да працы ж  мне не прывыкаць, бо змалку прывучана.
— Для нас мама і тата – узор ва ўсім і заўжды, — пераконвае Інеса. – Для хлопчыкаў – больш,  напэўна, бацька, які не п’е, не курыць, вельмі любіць сваю жонку, а для, нас, дзяўчат – маці, якая спачатку накорміць, а толькі пасля спытае пра справы.
— Бацькоўскі дом, — сцвярджае Андрэй, — пункт нашага перасячэння. Мы туды залятаем,  каб чэрпаць сілы,  даведацца нешта новае адзін пра аднаго,  каб пабыць у атмасферы радасці і любові.
Шчасце шматдзетнай сям’і ў тым, што кожны пражыты дзень – гэта ахвяра, клопат пра дзяцей, жыццё дзеля і для іх. Гэта яшчэ і абмежаванне сябе ва ўсім: у вольным часе, фінансах… Але чым больш ахвяруеш сабой, тым больш атрымліваеш любові і радасці ўзамен. Дзеці ўмацоўваюць сям’ю, мацней аб’ядноўваюць мужа і жонку. Яны — сэнс зямнога існавання, уклад ва ўласную будучыню. Гэта такая радасць і неймавернае шчасце – вялікая сям’я!
Р.S. Дзеці Лідзіі і Мікалая Гаўрылюкоў паступова вырастаюць і знаходзяць сваё месца ў жыцці. Андрэй, Веніямін і Данііл працуюць у ПМК-20 цеслярамі; Ірына – закройшчыкам; Інеса набыла прафесію ў Кобрынскім дзяржаўным мастацкім прафесійна-тэхнічным каледжы; Маргарыта заканчвае 11 клас СШ №1; Мацвей вучыцца ў 6 класе, а Давід – у 4 класе СШ №1.
Мікалай НАВУМЧЫК.
НА ЗДЫМКУ: вялікая і дружная сям’я Гаўрылюкоў у поўным зборы.

Добавить комментарий


Купить Левитра 10 мг

www.adulttorrent.org

http://thailand-option.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!