Чэрвень. НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ

Чэрвень – назва яго тлумачыцца з’яўленнем чарвякоў, а таксама чырвоным колерам, які набываюць некаторыя ягады менавіта ў гэтую пару. Старажытнабеларуская назва месяца – чирвець (червец). У месяцы самы доўгі дзень года і самая кароткая ноч.


У чэрвені асноўны занятак селяніна – нарыхтоўка сена. Вось якія парады давалі гаспадары на гэты конт: касі траву, пакуль луг не адкрасуе, бо пазней трава зацвярдзее і не будзе з яе карысці для жывёлы; да Пятра высушыш траву пад кустом, а на Пятра не сохне і на кусце. А каб звесці ў хлявах мух, якіх у чэрвені надта многа, рэкамендавалася, напрыклад, прыручыць ластавак, а таксама вешаць на сценах невялікія пучкі папаратніку: мухі садзіліся на зелень, а вечарам іх струшвалі ў мяшкі.

Прыкметы па днях месяца
Народ прыкмячаў: калі чэрвень з навальніцамі, то зіма будзе з мяцеліцамі, а ўраджайнае лета прадказвала халодную зіму. Калі многа шышак на елках – да ўраджаю агуркоў. Моцныя росы – да ўрадлівасці, а частыя туманы – на ўраджай грыбоў.

1. Калі ў першы і другі дзень чэрвеня лье дождж, то ўвесь месяц будзе сухі. Калі падчас навальніцы доўга чуюцца грымоты, чакай зацяжной непагадзі. Калі вясёлка пасля дажджу хутка знікае – да яснага надвор’я, а калі доўга стаіць – да непагадзі. Вясёлка раніцай – да дажджу. У вясёлцы больш чырвонага колеру – да ветру. Калі раніцай пчолы не ляцяць у поле, а сядзяць па вуллях і гудзяць – чакай дажджу.

2. Калі ў гэты дзень ідзе дождж, то ўсё лета сонечным будзе, а ў снежні пачнуцца снегапады. Масавае з’яўленне аваднёў – да ўраджаю агуркоў.

3. Калі ў гэты дзень ідзе дождж з градам, то 3 снежня выпадзе многа снегу.

7. Пачынаецца нарыхтоўка лекавых траў. Калі рой выйдзе перад Іванам, будзе пчаляр панам. Увага земляроба была прыцягнута да рабіны. Заўважалі: калі ў гэты дзень на ёй шмат кветак, то будзе добры ўраджай хлеба і аўса.

10. Калі дзень ціхі, то ўраджай будзе добрым.

13. Зязюля кукуе – добрае надвор’е будзе.

16. Паўднёвы вецер дуе – на добры ўраджай яравых, а калі падзьме паўночна-заходні – сырое лета прынясе. Дождж ідзе ўвесь дзень – шмат грыбоў.

19. Пры неабходнасці пачыналі капаць калодзеж. Каб вызначыць “правільнае” месца, да зямлі прыкладвалі патэльню, а праз некаторы час глядзелі, з якога боку яна намокла – там, па прыкметах, вада знаходзіцца блізка да паверхні зямлі.

21. Па стану надвор’я ў гэты дзень стараліся прадказаць надвор’е і ўраджай на лета: калі ранкам раса – лета сухое і ўраджайнае, калі навальніца, то падвядзе надвор’е ў час жніва.

25. Лічылася, што ўжо паспелі суніцы. Калі суніца красна, не сей аўсу напрасна, гэта значыць, што авёс не паспее да марозу.

Сказана як звязана

Хто ўлетку спіць, той узімку не есць.
Лета праляжыш, то ўзімку ў пазыкі пабяжыш.
Людзі рады лету, а пчолы – квету.
Не прасі лета доўгага, а малі цёплага.
У чэрвені ўбачыць спадар, што Бог дасць у дар.
Чэрвень не гуляе – ураджай люляе.
Летам і качка – прачка.
Благое лета, калі сонца няма.
Чэрвень сухі – не спадзявайся на белыя грыбы.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


мицубиси l200

https://medicaments-24.com

https://topobzor.info