ГАЗ ЦІ МЯСЦОВАЕ ПАЛІВА?

У Маларыце прайшоў абласны семінар па энергазберажэнню
Месцам правядзення такога семінара наш горад стаў не выпадкова. Тут вельмі шмат зроблена ў апошнія гады па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў. Маларыта першай у рэспубліцы ўзялася за адпрацоўку праграмы па энергазберажэнню.

Удзельнікам семінара, а ў іх ліку былі кіраўнікі аддзелаў энергетыкі і паліва, камітэтаў эканомікі, сельскай гаспадаркі і харчавання, намеснікі старшынь гаррайвыканкамаў, спецыялісты Брэсцкага абласнога ўпраўлення па нагляду за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў, прадстаўнікі іншых упраўленняў аблвыканкама, было прапанавана наведаць 5 аб’ектаў. Гэта літаральна новыя аб’екты – станцыя абезжалезвання вады, кацельная на мясцовых відах паліва, а таксама ААТ “Маларыцкі кансерва­в­агароднінасушыльны камбінат”, хлебазавод, спартыўны цэнтр. Варта адзначыць, што знаёмства з укараненнем на названых аб’ектах энергазберагальных тэхналогій, несумненна, выклікала непадробны інтарэс. Было што пачарпнуць цікавага і карыснага. Асабліва нямала самых розных меркаванняў выказалі ўдзельнікі семінара, калі знаёміліся з аптымізацыяй схемы цеплазабеспячэння горада з будаўніцтвам кацельнай, якая з пачатку ацяпляльнага сезона пачне працаваць на мясцовых відах паліва. Іх цікавіла,  што танней у сучасных умовах, газ ці дровы, ці варта было будаваць такі аб’ект? Ці эканамічна выгадна будзе вазіць лесаматэрыялы ў радыусе 20 – 30 км? Як расказалі спецыялісты КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, на чыім балансе гэтая кацельная, усё прадумана да дробязяў. Цяпер дровы каштуюць танней за газ. Аднак гэта цяпер. Жыццё ўладкавана так, што сітуацыя можа раптам мяняцца. Таму ўсе газавыя кацельныя горада, акрамя квартальнай, не закрыты, а проста “закансерваваны”. На выпадак экстрэмальных сітуацый яны могуць быць зноў запушчаны ў работу. Што датычыцца новай кацельнай, тут закуплены 2 перасоўныя рубільныя агрэгаты, пабудаваны склад для захоўвання драўняных шчэпак, нарыхтоўка якіх да зімовага ацяпляльнага сезона ідзе поўным ходам ужо. Адзін рубільны агрэгат вырабляе да 30 кубічных метраў паліўнага матэрыялу ў гадзіну, на што расходуецца да 10 літраў дызпаліва. На год спатрэбіцца да 6000 кубічных метраў шчэпак. Эканамічны эфект кацельнай дасягаецца за кошт розніцы ў цане спальваемага матэрыялу. У сучасных умовах, на чым сышліся многія ўдзельнікі семінара, больш эканамічна выгадна прымяняць лесаматэрыял.

А вось новая модульная кацельная на кансерва­вагароднінасушыльным камбінаце,  якая яшчэ ў стадыі будаўніцтва, будзе працаваць на газе. Тут закуплена новае італьянскае абсталяванне. Бо настаў час усё састарэлае абсталяванне замяніць, значна скараціць трасу, па якой падавалася пара (яна зай­мала 800 м, цяпер будзе складаць усяго 200 м), што з’эканоміць 60 тон умоўнага паліва. Эканомія ад укаранення энергазберагальных тэхналогій на гэтай кацельнай у грашовым выражэнні складзе 170 мільёнаў рублёў у год, а гэта 6-7% чыстага прыбытку прадпрыемства. Каэфіцыент карыснага дзеяння камбінатаўскай кацельнай складзе 95%.
Той, хто займаецца на прадпрыемстве пытаннямі эканоміі і беражлівасці, пра гэта, у прыватнасці, гаворыцца і ў Дырэктыве №3 Прэзідэнта, павінен вельмі адказна падыходзіць да ведання тэхналагічных працэсаў,  прадумваць, дзе газ лепш прымяняць, дзе цвёрдыя віды паліва. Кожны крок трэба эканамічна аблічваць. Той аказваецца ў выйгрышы,  хто да гэтага рыхтуецца. На гэта на семінары сканцэнтроўвалася асаблівая ўвага.
З цікавасцю знаёміліся ўдзельнікі семінара з укараненнем энергазберагальных тэхналогій і сучаснага абсталявання на хлебазаводзе. Тут праведзена нямала мерапрыемстваў, якія дазволілі значна эканоміць паліўна-энергетычныя рэсурсы. Варта прывесці адзін толькі прыклад. Калі ў 2007 годзе пры выпуску 1853 тон хлебабулачных вырабаў было зрасходавана 345 тысяч кубічных метраў газу, то пасля рэканструкцыі з укараненнем энергазберагальных тэхналогій і сучаснага абсталявання, калі тут адышлі ад паравых катлоў, якіх замянілі парагенератары, устанавілі новыя печы, расход газу скараціўся напалову. Эканомія электраэнергіі ў 2010 годзе склала 17 тыс. кілават-гадзін.
— Дорага абышліся такія мерапрыемствы, але яны эканамічныя, — на прыкладах сцвярджала кіраўнік прадпрыемства Міраслава Ляшкевіч.
Цяпер Маларыцкі хлебазавод,  хоць і зусім невялікі, як адзначыў у час пленарнага пасяджэння в.а. начальніка абласнога ўпраўлення па нагляду за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Аляксандр Квасаў, адзін з лепшых хлебазаводаў вобласці і па якасці выпускаемай прадукцыі, і па выкананню патрабаванняў Дырэктывы №3.
Падводзячы вынікі семінара,  намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Крывецкі адзначыў, у прыватнасці, што фінансавая дапамога раёну з боку Нацыянальнага банка і аблвыканкама пайшла на карысць. У пытаннях эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў раён зрабіў крок наперад. Эканомія ад рэалізацыі мерапрыемстваў праграмы па энергазберажэнні ў 2010 годзе склала 2781 тону ўмоўнага паліва. Найбольш яго з’эканомлена ад таго, што на прадызаляваныя трубы заменена 100% цеплавых сетак. Значную эканомію далі цеплавая рэабілітацыя памяшканняў, укараненне энергаэфектыўных свяцільняў і г.д.
У рабоце семінара прынялі ўдзел прадстаўнікі таварыства з абмежаванай адказнасцю “Арондзі” (г. Мінск), якія прадэманстравалі прадукцыю — люмінесцэнтныя энергазберагальныя лямпы “Арондзі”, расказалі пра асноўныя перавагі іх і прапанавалі бясплатна ўстанавіць іх у адным з дамоў, што будуюцца па вул. Савецкай. Прапанова ўзята на заметку.
Ніна СВІЦЮК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


подробнее shtory.ua

www.ry-diplomer.com/diplomy-v-groznom

maxformer.com