«Путь во взрослую жизнь» Арсенал Светланы Жигаловой из Малориты

Актывістка, спартсменка, цудоўны чалавек, ініцыятар школьных спраў, на­дзейны сябар і падтрымка для класнага кіраўніка, адказная, шчырая, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй… Усё гэта пра яе, Святлану Жыгалаву, выпускніцу раённай гімназіі 2018 года, залатую медалістку, якая нядаўна прадстаўляла Маларытчыну на рэспубліканскім апошнім званку ў Мінску.

Два гады Святлана вывучала грамадазнаўства і англійскую мову на павышаным узроўні. У лік яе любімых прадметаў уваходзіць і фізіка. За час вучобы дзяўчына не раз удзельнічала ў прадметных рэспубліканскіх алімпіядах рознага ўзроўню па геа­­графіі і біялогіі. У мінулым навучальным годзе яна была ўзнагароджана Ды­пло­мам ІІ ступені на абласной алімпіядзе па гра­мадазнаўстве. Святлана прымала ўдзел у абласным інтэлектуальным спа­борніцтве і ў гэтым навучальным годзе.

Яна сябруе са спортам. Дзяўчына з першага класа сур’ёзна займаецца таэквандо,  мае чорны пояс па ім.

– Таэквандо – карэйскае баявое мастацтва,  сама­абарона без зброі, спартыўная барацьба, – кажа Святлана Жыгалава.–Заняткі ўсходнімі адзі­наборствамі мне вель­мі падабаюцца, бо выхоўваюць характар, сілу волі, дысцыплінуюць, дапамагаюць быць адказнай за свае ўчынкі. У 2015 годзе Святлана на спаборніцтвах адкрытага кубка Беларусі па кікбоксінгу  заваявала ІІІ месца ў раздзеле “Лайт-кантакт” (лёгкі кантакт), а праз 2 тыдні ў гэтым жа раздзеле яна стала першай (вагавая катэгорыя  да 47 кг). Дасягнуць поспеху дзяўчыне дапамаглі заняткі ў секцыі ад Брэсцкага фізкультурна-спартыўнага цэнтра адзінаборстваў “Тарнада”. Трэніроўкі яна абавязкова наведвала 2 разы на тыдзень. Дзяўчына пераканана, што кікбоксінг у яе жыцці будзе займаць не апошняе месца. Па словах Святланы, гэты від адзінаборстваў у пэўнай сітуацыі можа спатрэбіцца і для самаабароны.

Святлана Жыгалава – арганізатар шматлікіх гімназічных мерапрыемстваў. Акрамя таго, яна тры гады была старшынёй савета піянерскай дружыны “Лідар” раённай гімназіі, актыўна ўдзельнічала ў рабоце піянерскай агітбрыгады, а пасля стала ініцыятарам многіх цікавых спраў, якія праходзілі ў пярвічцы БРСМ установы адукацыі.

Дзяўчына марыць  стаць адвакатам. Вышэйшую адукацыю плануе набыць на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!