Пад старшынствам Казіміра Лапіча прайшло пасяджэнне райвыканкама

ПРАБЛЕМЫ АГРАРЫЯЎ
Пытанню эфектыўнасці работы жывёлагадоўчай галіны па ўзнаўленню статка ў гаспадарках раёна значная ўвага была нададзена невыпадкова. У вытворчасці малака і мяса задачы перад раёнам пастаўлены немалыя, а без генетыкі, без патэнцыялу жывёлы важкіх вынікаў дабіцца немагчыма. Таму на пасяджэнне былі запрошаны галоўныя заатэхнікі гаспадарак. Бо менавіта ад таго, як яны арганізуюць работу на месцах, як працуюць з падапечнымі, з пагалоўем, залежыць вынік.
Начальнік райсельгасхарчу Вячаслаў Федзюковіч у сваёй інфармацыі называў нямала лічбаў, якія пераконваюць, што ў многіх гаспадарках зніжаны прыплод. Ён называў і прычыны гэтага: незахаванне тэхналогій утрымання жывёлы на фермах, што асабліва датычыцца СВК “Ланская” і СП “Радзеж”, а таксама нізкую адказнасць работнікаў за выкананне сваіх абавязкаў, што прыводзіць да зніжэння якасці рэалізуемага малака. На пасяджэнні заслухалі спецыялістаў райсельгасхарчу Святлану Салавей, дырэктара райплемстанцыі Анатоля Капаньку, галоўных заатэхнікаў СВК “Хаціслаўскі” Эму Харык, СП “Радзеж” Раісу Піпко, СВК “Чарняны” Ніну Супрунюк, спецыялістаў іншых гаспадарак, якія абгрунтавалі прычыны зніжэння вытворчасці прадукцыі, пагаршэння яе якасці і расказвалі пра тое, якія яны бачаць шляхі выхаду з сітуацый, што склаліся. У прынятым рашэнні адзначаны меры, якія павінны вывесці малочную жывёлагадоўлю на больш высокі ўзровень.

ЭНЕРГАЗБЕРАЖЭННЕ – ПАКАЗЧЫК ПРАГНОЗНЫ
На пасяджэнні разгледжана пытанне «Аб ходзе рэалізацыі Дырэктывы № 3 Прэзідэнта РБ і выкананні праграмы энергазберажэння». Па ім выступіў намеснік старшыні райвыканкама Эдуард Кандзярэшка, які адзначыў, што ў раёне амаль усе мерапрыемствы праграмы выкананы. На іх было накіравана 60 мільярдаў рублёў. Ёсць суб’екты гаспадарання, дзе эканоміі і беражлівасці не надаецца належная ўвага. Але ж паказчык па энергазберажэнні прагнозны, таму будзе больш жорсткім запыт з кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання, якія не выканаюць праграму энергазберажэння.

ГАРАЖНЫЯ КААПЕРАТЫВЫ ПАВІННЫ ПЕРАРЭГІСТРАВАЦЦА
У горадзе 11 гаражных кааператываў. Згодна з патрабаваннямі Указа Прэзідэнта РБ “Аб дзейнасці арганізацый забудоўшчыкаў, гаражных кааператываў і кааператываў, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю аўтамабільных дарог”, усе яны павінны прайсці перарэгістрацыю. Як далажыў на пасяджэнні начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Аляксей Сцепанюк, з 11 толькі 9 перарэгістраваны. Гаражныя кааператывы “Матор” і “Паўночны” з-за нявырашых арганізацыйных пытанняў пакуль не могуць падрыхтаваць устаноўчыя дакументы, каб прайсці перарэгістрацыю. На пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні ліквідацыі парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, навядзення належнага парадку на тэрыторыях гаражных кааператываў.
Ніна СВІЦЮК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!