СУДОВАЕ ПАСЯДЖЭННЕ, ЯК УРОК ЖЫЦЦЯ

— Устаць, суд ідзе!..
Гэтыя словы ў памяшканні Макранскага сельвыканкама  гучалі непрывычна. Але менавіта тут праходзіла выязное судовае пасяджэнне з удзелам суддзі Вольгі Смірновай і памочніка пракурора Хрысціны Машавец. Слухалася грамадзянская справа па іскавай заяве аб вяртанні сродкаў, затрачаных раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях на выезд і тушэнне аднаго з пажараў у вёсцы Макраны.
…Увечары жыхар вёскі Макраны, 60-гадовы Мікалай Сахарчук прыйшоў дамоў “пад градусам”. Па прывычцы ўзяў цыгарэту, закурыў, прылёг на ложак і… з галавою накрыўся коўдрай. Зусім крыху заставалася да трагедыі, але закончылася на гэты раз усё добра. Пажарнаму разліку, які прымчаўся на выклік, давялося толькі канстатаваць факт пажару, які ўжо быў пагашаны. Заплаціўшы прысуджаны штраф ў памеры 350 тысяч рублёў за абыякавасць у абыходжанні з агнём,  віноўнік пажару добраахвотна заплаціць тыя сродкі, якія былі затрачаны на выезд пажарнай машыны, не пажадаў. Але вярнуць суму расходаў, якая па падліках склала 97 тысяч рублёў, яму ўсё роўна давялося, праўда, па рашэнні суда.
Здавалася б, навошта суду ехаць у вёску, калі той, хто праштрафіўся, мог быць выкліканы павесткаю? Але выязное пасяджэнне – гэта своеасаблівы ўрок для іншых, тых, хто таксама выпівае і, не думаючы аб сумных выніках, запальвае цыгарэту, хто не клапоціцца аб тым, каб навесці элементарны парадак ля ацяпляльных прыбораў, хто не задумваецца, да якой бяды могуць прывесці няспраўная печ ці пашкоджаная электраправодка.
Адразу пасля судовага пасяджэння работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з прадстаўнікамі мясцовай улады правялі сход, на які ўчастковым былі дастаўлены тыя жыхары вёскі, хто, злоўжываючы спіртнымі напоямі, зарэкамендаваў сябе з адмоўнага боку. Супрацоўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Анатоль Нікіцюк сканцэнтраваў увагу вяскоўцаў на асноўных прычынах пажараў, папя­рэдзіў аб адказнасці за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі. Удзельнікі сходу мелі магчымасць пагартаць альбом з фотаздымкамі, на якіх адлюстраваны жудасныя трагедыі. Ці задумаліся яны над убачаным і пачутым? Хацелася б спадзявацца. Бо лепш вучыцца на чужых памылках, чым на сваіх, асабліва, калі гэтыя памылкі каштуюць жыцця.
Святлана МАКСІМУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.