Ніткавы жывапіс Тамары Варабей (Маларыцкі раён)

Маларытчына багатая на  таленты. У гэтым пераконваешся, калі наведваеш у раённай бібліятэцы чарговую выставу творчых аўтарскіх работ “Ніткі душы”. Яна працягвае арт-праект “Свет хобі”, які распачаты ўстановай культуры яшчэ пяць гадоў таму. На гэты раз яе наведвальнікі могуць пазнаёміцца з майстэрствам рук маларытчанкі Тамары Варабей. На суд гледачоў яна  прадставіла 12 вышытых крыжыкам карцін. Гледзячы на іх, не адразу разумееш, што створана гэта з дапамогай звычайных нітак і натхнення.

–Такая публічная выстава работ у мяне першая, – гаворыць Тамара Васільеўна. – Па праўдзе кажучы, нават хвалявалася і перажывала. Аднак па першай рэакцыі наведвальнікаў зразумела, што мае работы іх кранулі, можа, нават здзівілі і ўразілі. Усе работы Тамары Варабей, якая самастойна навучылася вышываць,  маюць назвы, аздоблены прыгожымі рамкамі, што дадае ім адметную асаблівасць і непаўторнасць.

Вышываць крыжыкам жанчына пачала ў 2014 годзе.Неяк яна расказала сваячцы Га­ліне Уладзіміраўне са Стаўрапаля (Расія), што  ў яе, пенсіянеркі, цяпер шмат вольнага часу. Любімая работа засталася ў мінулым, а  хатнія справы не задавальняюць і не даюць спакою. Тая параіла знайсці сабе хобі, напрыклад, пачаць вышываць крыжыкам. Праз некаторы час Галіна Уладзіміраўна нават даслала адпаведныя схемы, дала першыя ўрокі па гэтым рукадзеллі. Спачатку Тамара Васільеўна думала, што ў яе нічога не атрымаецца. Але ўсё ж такі вырашыла паспрабаваць.

– Вышыўка крыжыкам мяне захапіла, – гаворыць Тамара Варабей. – Памятаю, з якім стараннем працавала над карцінай “Шыпшына, якая цвіце”. Вынік першай спробы парадаваў. Захацелася вышыць яшчэ адну,  а пасля яшчэ…

Пачынала Тамара Ва­сільеўна з невялікай і простай карціны, паступова перайшла да складаных работ, вышыўка якіх займае ад 1-1,5 да 3 месяцаў.

–Тэрміны работы над карцінай залежаць ад складанасці элементаў мастацкага твора, – гаворыць Тамара Варабей. – Напрыклад, каб карціна “Зіма” набыла рэалістычны выгляд, неабходна было яе вышыць 40 колерамі нітак, а ў “Іспанскіх матывах” выкарыстаць ніткі 10 адценняў сіняга. Неабходна яшчэ ўлічыць і тое, што за адзін “прысест” працую не больш за 2 гадзіны, бо стамляюцца вочы і ім неабходны адпачынак. Калі не магу заснуць, таксама бяру ў рукі нітку з іголкай… Каб вышываць крыжыкам, неабходна ўседлівасць, цярпенне, руплівасць, акуратнасць, чуласць і дабрыня. Тады быццам бы ўсё атрымліваецца само сабой. Акрамя таго, неабходна ведаць і сакрэты вышывання, інакш крыжыкі не атрымаюцца акуратныя, роўныя.

У цёплую пару года ў Тамары Варабей адпачынак ад творчай работы. Гэты час яна праводзіць на дачы, ходзіць у грыбы і ягады. А як пахаладае, зноў бярэ ў рукі іголку з ніткай і вышывае. Цяпер Тамара Васільеўна са схем, якія трапляюцца ёй ў рукі, адбірае тыя, якія потым ператворацца ў сапраўдныя ніткавыя шэдэўры. Большасць з вышытых карцін цяпер упрыгожвае кватэру жанчыны.

–Тамара Васільеўна, творчасць якога мастака вам падабаецца? – цікаўлюся ў майстрыхі.

–Мяне захапляюць творы французскага жывапісца Клода Манэ. Узнікла нават думка вышыць адну з яго карцін,– прызнаецца яна.

*  *  *

З 12 прадстаўленых на выставе карцін Та­мары Варабей на­вед­вальнікам раённай біб­ліятэкі падабаюцца ўсе. Але многіх найбольш прываблівае карціна “Год сабакі”. Яна захапляе гармоніяй, душэўнасцю, цеплынёй.

Карціны Тамара Варабей стварае для сябе. Гэта проста захапленне, якое адцягвае ад паўсядзённых клопатаў і турбот. З дапамогай сваіх работ жанчына ім­кнецца паказаць лю­дзям прыгажосць навакольнага свету, прыроды, роднай зямлі, падарыць тым, хто іх бачыць, добры настрой. І ад гэтага Тамара Варабей адчувае сябе шчаслівай.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


monaliza.kiev.ua

www.seotexts.com

ディテール
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!