Застаўся зарад бадзёрасці

— Чалавек з абмежаванымі магчымасцямі… Гэта той, хто хворы, але і ў яго ёсць свае захапленні, жаданні, таленты, нерэалізаваныя ідэі. Для такіх людзей важна, каб побач быў чалавек, які разумее, дапамагае, падказвае. Інваліднасць – гэта не прысуд чалавеку, а перашкоды, якія ўзнікаюць на шляху. Мы іх імкнемся дапамагчы ліквідаваць, а для гэтага праводзім пастаянна розныя мерапрыемствы, — расказвала Юлія Крэнь, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. — Чалавеку важна даць паверыць у свае сілы, рэалізаваць свае здольнасці.
Адно з такіх сацыяльна-спартыўных мерапрыемстваў нядаўна адбылося на базе раённай гімназіі. “Мама, тата, я – спартыўная сям’я” – своеасаблівы фізкультурна-аздараўленчы чэмпіянат, у якім прыняло ўдзел некалькі сем’яў. Для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі гэта было сапраўднае свята, дзе яны мераліся сваімі сіламі: і фізічнымі, і інтэлектуальнымі. Падбадзёрвала ўдзельнікаў спаборніцтва вядучая Вольга Толсцікава, падтрымлівалі  гледачы ў зале. Кожны з іх перажываў за сваю каманду. Журы, у склад якога ўваходзілі Мікалай Мішчанка, дырэктар МТЦСАН;  Любоў Барадзіна, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне; Таццяна Папко, урач-рэабілітолаг МЦРБ, і інш., пасля падвядзення вынікаў 5 конкурсаў аб’яўляе пераможцу. Ім стала каманда “Бусляня” – сям’я Эдуарда Лаўрэнюка. Іншыя сем’і-ўдзельнікі атрымліваюць ганаровыя званні ў намінацыях: “Самая музычная” – сям’я Андрэя Катла, ”Самая актыўная” – сям’я Святланы Завадскай, “Самая інтэлектуальная” – сям’я Эдуарда Лаўрэнюка, “Самая танцуючая” – сям’я  Сафіі Ігнацюк. Мікалай Мішчанка ўсім камандам уручыў заслужаныя ўзнагароды і падарункі, якія прадаставілі ІП Андрэй Ляўчук і Міхаіл Крэнь. Каб не Андрэй Яўгенавіч і Міхаіл Іванавіч, свята атрымалася б не такім яркім і запамінальным. Між іншым, актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мерапрыемства і яго правядзенні прымалі вучні 6 “Г“ і іх класны кіраўнік Алёна Сезік, а таксама вучні 9 і 10 класаў раённай гімназіі.
Мерапрыемства закончылася, але засталіся добрыя эмоцыі і зарад бадзёрасці. Спартыўнае свята яшчэ раз пераканала, наколькі для іх, людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, важным з’яўляецца “выхад у свет”, зносіны з іншымі, увага з боку грамадства да праблем, нявырашаных пытанняў, якія сёння хвалююць гэтую катэгорыю людзей.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: сям’я-пераможца Эдуарда Лаўрэнюка са спонсарамі — Андрэем Ляўчуком і Міхаілам Крэнем.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.