Водар лукаўскіх траў

…На свежаскошаных пракосах ва ўрочышчы “Закарчага”, што адразу за вёскай Лукава, буслы – абавязковы атрыбут “зялёнага” жніва. Пасля таго, як прайшлася тэхніка, яны шукаюць сабе ежу. Малюнак прыгожы, прыемны, ён па-асобаму нейкі відовішчны і хвалюе душу разам з непаўторным пахам свежаскошанай травы.
Адразу за сяўбой у вяскоўцаў пачаліся новыя клопаты – нарыхтоўка кармоў.

У СВК “Чырвоны партызан” да “зялёнага” жніва падрыхтаваліся арганіза­вана. У работу ў гэтыя дні ўключаны 2 звяны – адно з ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка”,  другое – сваё. І гэта невыпадкова: травы першага ўкосу займаюць у гаспадарцы 630 гектараў. Своечасова ўбраць іх, не дапусціўшы перастою, значыць, забяспечыўшы якасць нарыхтоўваемага корму, лічыць асноўнай задачай галоўны аграном СВК Міхаіл Наскевіч. За той дзень, калі мы наведалі гаспадарку, травы былі скошаны на 50 гектарах і амаль на ўсёй плошчы ўбраны. Было закладзена больш за 180 тон сенажу. А ўбіралі пашавую сумесь з канюшыны белай, цімафееўкі лугавой, аўсяніцы лугавой і райграсу пашавага. Адным словам, шматкампанентную, як таго патрабуе тэхналогія кармлення жывёлы. У звяне працавалі тры ўборачныя адзінкі тэхнікі: сучасная шыроказахопная касілка-плюшчылка ротарная КПР-9, граблі (валкаўтваральнік), падборшчык-здрабняльнік і тэхніка, што адвозіць зялёную масу ў сянажныя траншэі.
Тэхніка новая, удасканаленая, дазваляе захоўваць тэхналогію ўборкі траў.
— Працаваць на такіх машынах адначасова і прыемна, і адказна, — амаль у адзін голас адзначылі механізатары Сяргей Герасімук і Мікалай Баліцэвіч.
— Гэта вопытныя і старанныя людзі, толк у тэхніцы ведаюць, — гаворыць Міхаіл Пятровіч. – Таму мы ўмацавалі звяно менавіта такімі.
Сяргей на касілцы працуе 11-ы сезон, а ўсяго ў гаспадарцы 30 гадоў, для Мікалая сёлетняя ўборка траў па ліку сёмая і тым больш прыемная, што новы валкаўтваральнік у рабоце толькі першы сезон. Апрабацыю прайшоў надзейна ў вопытных руках Мікалая.
Адчувалася, што настрой у механізатараў такі: іх стараннямі павінны акупіцца ўкладанні ў матэрыяльныя рэсурсы, затрачаныя на падрыхтоўку да касьбы траў, своечасова іх убраць, а значыць, у які раз даказаць, што яны – гаспадары на зямлі.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: Сяргей ГЕРАСІМУК, Мікалай БАЛІЦЭВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


www.profvest.com

Vprofite.club hyip

реклама в інтернеті
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!