Уславілі Радзіму ў песнях

На сцэне гарадскога Дома культуры ў рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “ДТСААФ – моладзі, моладзь – Радзіме!” прайшоў раённы тур фестывалю песні “Гэта наша з табой біяграфія”. Агляд-конкурс быў прымеркаваны да 85-годдзя з дня ўтварэння ДТСААФ і праводзіўся сярод яе пярвічных арганізацый раёна.
-Асноўная задача гэтага фестывалю, які ў раёне адбыўся ўпершыню, — кажа Валянціна Козак, інструктар МРАС ДТСААФ, — павышэнне эфектыўнасці грамадзянска-патрыя­тычнага, духоўна-ма­ральнага і культурна-эстэтычнага выхавання моладзі, а таксама прапаганда і папулярызацыя ваенна-патрыятычных і лірычных песень айчынных кампазітараў, захаванне і прымнажэнне слаўных баявых традыцый нашага народа, памяці пра тых, хто аддаў сваё жыццё за Радзіму… Арганізатарам мерапрыемства стала Кобрынска-Маларыц­кая міжраённая струк­тура ДТСААФ. Спабор­ніцтва бы­ло праведзена сумесна з аддзеламі адукацыі, культуры, па ідэалагічнай рабоце, па справах моладзі, ваенным камісарыятам і БРСМ.
Песенны конкурс праходзіў у 3 наміна­цыях. На суд журы канкурсанты прадставілі 20 рознапланавых песень. Сваім майстэрствам прысутных ў зале радавалі салісты, дуэты, хоры з 8 устаноў адукацыі і ГДК. Каб стаць пераможцам, неабходна было прадэманстраваць высокі ўзровень выканаўчага майстэрства і сцэнічную культуру. Акрамя таго, конкурсныя нумары павінны адпавядаць тэматыцы фестывалю, мець мастацкую і тэматычную змястоўнасць.
Журы, якое ўзначаль­ваў Алег Шышацкі, ваенны камісар МРВК, вызначыла лепшыя песенныя нумары. У намінацыі песня пра Беларусь “Слаўся зямлі нашай светлае імя” лаўрэатам І прэміі стала Кацярына Чаквін, салістка ўзорнай дзіця­чай эстраднай студыі “Забава”, ІІ прэміі – дуэт у складзе Ганны Крэнь і Сафіі Капанька з Олтушскай СШ. У намінацыі “Песня застаецца з чалавекам”, дзе гучалі песні грамадзянскай і лірычнай тэматыкі, на першую прыступку зноў узняліся Ганна Крэнь і Сафія Капанька з Олтушскай СШ,  на другую – Ганна Крэнь і Ганна Казачук з Ланской СШ. Найбольш цяжка для журы аказалася выбраць пераможцаў у намінацыі “Мы гэтай памяці верныя”, дзе былі прадстаўлены песні героіка-патрыятычнай тэматыкі. Згодна з выніковым пратаколам, тут першае месца прысуджана Лесі Уласюк, настаўніцы музыкі СШ №1, другое – Марыне Русавук з Олтушскай СШ. Спецыяльнымі ўзнагародамі адзначаны: Валерыя Бяльчук як самая юная ўдзельніца фестывалю-конкурсу і Галіна Крэнь, кіраўнік вакальнага гуртка Олтушскай СШ, за падрыхтоўку дзяцей да ўдзелу ў конкурсе. Не абышло ўвагай журы і выступленне Вольгі Бярчук, хармайстра ГДК, якая зачаравала прысутных непаўторнай манерай выканання. Усе пераможцы адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.
Дыпламанты І ступе­ні ў кожнай намінацыі  будуць восенню прадстаў­ляць Маларытчыну на аналагічным абласным туры фестывалю-конкурсу.
Сцэнарыстам, рэжысёрам і вядучай песеннага спаборніцтва стала Вольга Табачкоўская, мастацкі кіраўнік ГДК.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: члены журы і пераможцы  агляду-конкурсу; у час правядзення мерапрыемства.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий