“…І ДАРОГУ ГУСІ ПЕРАХОДЗЯЦЬ ВАЖНА”

— Калі я чую песню Вячаслава Малежыка пра вёску, пра малую радзіму, дзе ёсць словы: “И дорогу гуси переходят важно, и в овраге шмель мохнатый пьёт росу с цветка…”, адразу ўяўляю свае Ляхаўцы, дзе нарадзіўся, і так хочацца зноў быць там, дзе твае карані, дзе прайшло тваё дзяцінства, — прызнаваўся Анатоль Семянькоў, які жыве ў г. Сяртолава, што пад Санкт-Пецярбургам.
І сапраўды, пачуццё настальгіі знаёма кожнаму з нас. Бо да родных мясцін заўсёды цягнецца душа, дзе б ні быў, хто б ты ні быў, і колькі б гадоў табе ні было. А калі жывы яшчэ бацькоўскі дом, калі ён не асірацеў, калі там цябе з нецярпеннем чакаюць тата ці мама, альбо абое яны, сэрца рвецца ў родную хату, дзе ты нават у самым сталым узросце па-ранейшаму адчуваеш сябе дзіцём, дзе табе салодка спіцца і толькі добрае сніцца.

А якую асалоду даюць тваёй душы непаўторныя вясковыя пейзажы! Напрыклад, ранак з галасістым спеваком-пеўнем, які ніколі нават на адну хвіліну не спазняецца са сваім штодзённым сольным канцэртам; з бразганнем вёдраў, без чаго не атрымліваецца пачынаць новы пра­цоўны дзень у вясковых гаспадынь; са спевам птушак, якія стараюцца на ўсе галасы, вытрымліваючы кожная сваю мелодыю і сольную партыю.
Чалавеку, які вырас у вёсцы і добра ведае ўсе вартасці вясковага жыцця, такое ніколі не забываецца. Наадварот, чым больш сталееш, тым больш хочацца апынуцца ў гэтай непаўторнай, ціхай, спакойнай атмасферы.
А як грэе душу да болю знаёмы голас роднага чалавека – маці! Як лёгка ад таго, што ты яшчэ маеш магчымасць бачыць яе, гутарыць з ёю, расказваць пра свае беды і радасці, добра ведаючы, што яна цябе не толькі выслухае, зразумее, але і суцешыць, супакоіць, а іншы раз пусціць слязу ад празмернай радасці за твае ўдачы і поспехі.
Анатоль Андрэевіч Семянькоў у родныя Ляхаўцы прыязджае 2 разы на год. Прыязджае, каб праведаць маці, якая 9 гадоў таму назад засталася ўдавой, сястру, пляменнікаў, што жывуць у Мельніках, каб сустрэцца з аднакласнікамі, якія, як і ён, часта прыязджаюць у Ляхаўцы да бацькоў. Вось і на гэты раз Анатоль Андрэевіч вельмі рады быў сустрэцца з аднакласнікам Вало­дзем Бурштынам, якога заўсёды паважаў за прастату і шчырасць. Успаміналі школьныя гады, настаўнікаў, аднакласнікаў, жывых і каго ўжо няма, гаварылі пра дзяцей сваіх, унукаў, у якіх душы не чуюць, пра жыццё-быццё. Па-рознаму яно склалася ў абодвух. Анатоль, да прыкладу, закончыўшы 8 класаў Ляхавецкай школы, паехаў вучыцца ў адно з Брэсцкіх вучылішчаў, дзе набыў спецыяльнасць машыніста аўтакрана. Калі споўнілася 18, пайшоў у армію. Служыў у Ленінградзе, дзе і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, таксама беларускай. Там яны пажаніліся і засталіся жыць. Маюць кватэру, выгадавалі дваіх дзяцей, гадуюць траіх унукаў.
— Сёння маёй любі­міцы ўнучцы Варачцы, — дзяліўся Анатоль Андрэевіч, — роўна 4 месяцы. Не магу нацешыцца ёю.
Не любіць расказваць Анатоль Андрэевіч толькі пра сваю доўгую камандзіроўку ў Чарнобыль, куды яго разам з іншымі накіравалі для будаўніцтва неабходных аб’ектаў. Бо з чорнай быллю звязаны далёка не светлыя ўспаміны.
…Родны дом, веснічкі, ля якіх заўсёды сустракае маці. Усё тая ж вясновая прыгажосць на двары, усё той жа знаёмы пеўнеў голас раніцай, які абвяшчае аб пачатку новага дня, усё тыя ж зялёныя лугі, квітнеючыя сады. Усё тая ж ляхавецкая вясна. Усё тая ж непаўторная і дзіўная прыгажосць, усё тая ж радасць на душы. Анатоль Андрэевіч прызнаўся, што ён радуецца яшчэ і таму, што ў апошнія гады вельмі змяніліся не толькі яго родная вёска Ляхаўцы, але і райцэнтр, Маларыта, наогул Беларусь.
— Рады я за маіх землякоў, за краіну ў цэлым, рады, што ўдалося захаваць калектыўныя гаспадаркі, што ў іх ладзяцца справы, што на палях працуе сучасная тэхніка, што зямля радуе багатымі ўраджаямі. Словам, за сваю дзяржаву мне не крыўдна.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: рада чарговай сустрэчы з сынам Зінаіда Васільеўна СЕМЯНЬКОВА; “І дарогу гусі пераходзяць важна” – адзін са знаёмых вясковых сюжэтаў.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.steroid-pharm.com

www.eurobud.com.ua

www.steroid-pharm.com/clenbuterol.html