БЕРАЖЫЦЕ КВЕТКІ ЖЫЦЦЯ!

Міжнародны дзень абароны дзяцей – адно з самых старых міжнародных свят. Рашэнне аб яго правядзенні было прынята Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыяй жанчын на спецыяльнай сесіі ў лістападзе 1949 года. А ўпершыню гэтае свята адзначалася ў 1950 годзе.
Першачарговае права кожнага дзіцяці – мець сям’ю і годны ўзровень жыцця ў ёй, таму ў Беларусі прыняты шэраг мер, накіраваных на падтрымку сям’і: дзейнічае сістэма сацыяльных дапамог, гарантый і льгот сем’ям з дзецьмі. Адна з такіх мер – па­этапнае павелічэнне памеру дапамог па догляду за дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.
Значнай формай сацыяльнай падтрымкі з’яўляецца забеспячэнне бясплатным харчаваннем дзяцей першых 2 гадоў жыцця. Такое права маюць сем’і, сярэднедушавы даход у месяц у якіх не перавышае 100% бюджэту пражытачнага мінімуму.
Малазабяспечаныя сем’і з непаўналетнімі дзецьмі атрымліваюць адрасную сацыяльную дапамогу ў выглядзе штомесячнай ці аднаразовай дапамогі.
У сістэме матэрыяльнай дапамогі сем’ям з дзецьмі дзяржава таксама выкарыстоўвае льготы па падаткаабкладанні, аплаце за ўтрыманне дзяцей у дзіцячых дашкольных установах, аплаце за падручнікі і навучальныя дапаможнікі, патанненню харчавання школьнікаў, існуюць надбаўкі да дапамог па беспрацоўі.
Вельмі важным у вырашэнні жыллёвых пытанняў з’яўляецца прадастаўленне шматдзетным сем’ям фінансавай падтрымкі дзяржавы ў пагашэнні запазычанасці па льготных крэдытах, а маладым сем’ям – па няльготных крэдытах, выдадзеных на будаўніцтва (рэканструкцыю) ці набыццё жылля.
Існуе шмат і працоўных льгот.
Значная падтрымка аказваецца дзецям-інвалідам.  У Беларусі пад асобай увагай знаходзяцца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. На выхаванні ў 18 апякунскіх і 14 прыёмных сем’ях у раёне знаходзіцца 45 чалавек. На поўным дзяржаўным забеспячэнні ў дзяржпрафліцэі знаходзіцца 18 непаўналетніх.
У рэспубліцы праводзіцца вялікая работа па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва. Прадугледжаныя Дэкрэтам Прэзідэнта РБ № 18 меры дапамаглі значна зменшыць для дзяцей рызыку аказацца ў неспрыяльнай жыццёвай сітуацыі. Толькі за 2009 г. з неспрыяльных 6 сем’яў раёна забралі 11 дзяцей. У выніку прымянення мер, прадугледжаных Дэкрэтам №18, семярых дзяцей удалося вярнуць назад.
Беларусь першая з постсавецкіх дзяржаў увяла ў 2000 годзе штомесячныя грашовыя выплаты на ўтрыманне ўсыноўленых дзяцей.
У нашай краіне абарона нашых маленькіх грамадзян набыла законныя правы. Бо дзяцінства – гэта самы шчаслівы час, бесклапотны і бяспечны, таму – безабаронны. Мы павінны змагацца не толькі за тое, каб засцерагчы дзяцей ад вайны, але і сачыць за іх здароўем, выхоўваць у іх здаровы лад жыцця, даць ім добрую адукацыю і магчымасць выхоўвацца ў паўнацэннай сям’і. І калі ў дзіцяці дзяцінства не такое ўжо і шчаслівае, у гэтым вінаваты мы, дарослыя. І папраўляць сітуацыю таксама нам.
А яшчэ ў нашых сілах дарыць шчаслівыя імгненні дзецям кожны дзень: расказаць вясёлую гісторыю, схадзіць разам у парк, пахваліць за старанне, пацалаваць у шчаку і моцна прыціснуць да сэрца.
Менавіта ад таго, што мы зробім сёння, як мы аднясемся да дзіцячых праблем цяпер, залежыць дзень заўтрашні, бо дзеці – гэта наша будучае. Дык давайце ж будзем больш цярплівымі, клапатлівымі ў адносінах да гэтага будучага.
Людміла КУЧАРУК, загадчыца сектара аховы дзяцінства райаддзела адукацыі.

МОВАЙ ЛІЧБАЎ
За перыяд з 2008 года і па сёння 34 непаўналетнія ў раёне былі прызнаны тымі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне і забраны ў бацькоў.
Па стану на 1 мая г.г. у аддзеле адукацыі на ўліку  стаіць 48 сямей, чые дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У іх выхоўваецца 102 дзіцяці.
Па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года ў раёне налічваецца 25780 чалавек. Такіх, каму ад 0 да 18 год, – 6107 чалавек, што складае 23,7%. У горадзе жыве 3102 дзіцяці, у вёсках – 3005.
У 2011 годзе плануецца аздаравіць: 700 дзяцей у лагерах з дзённым знаходжаннем; 550 дзяцей у лагерах з кругласутачным знаходжаннем.

МОВАЙ ДЗЯЦЕЙ
В. Абрамук, 5-ы клас:
— Мне пашанцавала: я жыву ў добрай шматдзетнай сям’і. Вучуся ў школе, наведваю музыкальную школу і магу наведваць басейн. Бо ў школе ёсць урокі фізкультуры, у час якіх мы ходзім у басейн. Мару пасля заканчэння школы паступіць у інстытут. А многія ж дзеці, ведаю, не могуць і думаць пра такое дзяцінства, якое ў мяне.
К. Мароз, 5-ы клас:
— Дзіця – самы галоўны скарб для бацькоў. Таму беражыце гэты скарб, дарагія таты і мамы.
У. Гадун, 5-ы клас:
— Летам, калі мы едзем у лагер, трэба плаціць за пуцёўкі. Яны не надта танныя, але гэта не бяда. Нашым бацькам дапамагае дзяржава. Большую частку расходаў на ўтрыманне нас у лагеры бярэ на сябе дзяржава. У нашай Беларусі шмат будуецца спартыўных цэнтраў, школ, бальніц, садкоў, бібліятэк, гімназій. І зноў жа грошы на гэта дае дзяржава. Мы таксама можам наведваць розныя секцыі і ў школе, і па-за ёй бясплатна. Вось так абараняецца дзяцінства ў Рэспубліцы Беларусь.
Г. Каліноўская, 5-ы клас:
— Дарослыя не павінны на нас сварыцца, калі мы ў нечым правініліся ці зрабілі нешта не так. Трэба спакойна растлумачыць, каб у наступны раз памылку не дапусціць. Але і мы не павінны гэтым карыстацца. Трэба імкнуцца не засмучаць дарослых дрэннымі паводзінамі ці дрэннымі адзнакамі ў школе. Нам вельмі пашанцавала, што мы нарадзіліся ў такой краіне. У нас бясплатнае навучанне, лячэнне. А ў іншых краінах дзеці наогул не маюць магчымасці вучыцца. У нас існуюць бясплатныя музыкальныя школы, мы бясплатна наведваем басейны, спартыўныя секцыі.
А. Салаўчук, 7-ы клас:
— Лічу, што ў наш час дзяцей трэба абараняць ад хатняга насілля. Бо нярэдкія выпадкі, калі бацькі здзекваюцца з дзяцей так, што тыя часам трапляюць у бальніцу і знаходзяцца на мяжы жыцця. Сітуацыя яшчэ больш ускладняецца, калі бацькі ў сям’і п’юць. Яны сварацца, у доме заўсёды крык.
Дзяцей трэба абараняць ад дрэнных кампаній, бо ў такіх кампаніях толькі дрэнныя людзі. Яны там вучацца курыць, піць, прымаюць наркотыкі, а часам менавіта там іх падштурхоўваюць да злачынстваў.
В. Дацык, 11-ы клас:
— Хоць цяпер і мірны час, і няма ніякіх войнаў, але колькасць дзяцей у дзіцячых дамах, на жаль, павялічваецца. Нават у ваенны і пасляваеннны час бацькі стараліся самі выхоўваць сваіх дзяцей, нават чужых забіралі да сябе. А цяпер усё наадварот. Бацькі пакідаюць сваіх малых, калі толькі тыя паспелі з’явіцца на свет. Гэта страшна. Мы, дзеці, маем патрэбу і ў апецы, і ў выхаванні, і ў пяшчоце, і ў любові. А дзе ж гэта можна атрымаць, калі дзіця аказалася ў дзіцячым доме?! Вось чаму не дзіўна, што выхаванцы дзетдомаў становяцца нелюдзімымі, недаверлівымі, злымі і замкнутымі ў сабе. А ў гэтым жа дарослыя вінаваты. Калі ж дзіця ў дзяцінстве атрымлівае ў сям’і ўсё, яно вырасце дастойным чалавекам і ніколі не дапусціць, каб яго дзеці аказаліся ў дзіцячым доме. Добра, што ёсць сярод нас людзі, якія прысвячаюць сваё жыццё і чужым дзецям, забіраюць іх з дамоў дзіцяці і інтэрнатаў, выхоўваюць любоўю і цяплом.
А. Самасюк, 11-ы клас:
— Дзяцей трэба абараняць ад насілля дарослых, асабліва дрэнных бацькоў, тых, што злоўжываюць спіртным. А яшчэ, аберагаць ад бед і небяспек, якіх у наш час сустракаецца нямала.
І. Шульжык, 9-ы клас:
— Я б сказаў, што дзяцей трэба аберагаць сёння ад гульняў, якія прапаноўваюць аператары сотавых сувязей, што абяцаюць вялікія выйгрышы. Але на самой справе – гэта падман. А яшчэ – ад некаторых тэлевізійных праграм і перадач, якія вучаць толькі дрэннаму.
І. Касьянік, 11-ы клас:
— Самай надзённай праблемай у наш час з’яўляецца тое, што дзеці самі хочуць як мага хутчэй стаць дарослымі і, узяўшы прыклад з дарослых, пачынаюць злоўжываць алкаголем, кураць – ад гэтых шкодных звычак таксама трэба засцерагаць дзяцей.

МОВАЙ ЗАКОНА
Судом раёна ў перыяд з 2005 па 2010 гады пазбаўлена бацькоўскіх правоў 58 бацькоў у адносінах 82 дзяцей. На жаль, выпадкі вяртання дзяцей у сям’ю пакуль адзінкавыя. Звязана гэта з нежаданнем бацькоў  займацца выхаваннем і матэрыяльным утрыманнем  дзяцей. У Дзень абароны дзяцей хацелася б звярнуцца да такіх бацькоў з напамінам пра тое, што дзеці – гэта наша шчасце і наша будучыня, нельга пазбаўляць іх любві і хатняй цеплыні з-за сваёй абыякавасці і дрэнных звычак.
Вольга СМІРНОВА, старшыня суда раёна.

Добавить комментарий


coop-menkyo.jp

www.seotexts.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!