МАЛЕНЬКІ КАВАЛАЧАК ВЫТАНЧАНАГА ПІРАГА

Любому прадпрымальнаму чалавеку, які вырашыў заняцца сваёй справай, важна знайсці незанятую нішу, сваё месца пад сонцам. Вось ужо некалькі гадоў у вёсцы Макраны дзейнічае лесапільны ўчастак таварыства з дадатковай адказнасцю “Дэкарт”, дзе выпускаюць даволі вытанчаную прадукцыю – рамы для карцін, плінтусы, налічнікі, вагонку. А яшчэ вокны, дзверы. З натуральнага дрэва, вядома ж.
І. Сваё месца пад сонцам.
Гэтыя, здавалася б, няхітрыя вырабы запатрабаваны на рынку Расіі, а таксама пры будаўніцтве жылля сярод брэстаўчан. Бо не ўсякаму навасёлу падабаюцца стандартныя дзвярныя касякі, пластыкавыя шклопакеты ці іншая аднатыпная прадукцыя. Кожны хоча надаць свайму жылому куточку нейкі шарм. І на дапамогу прыходзіць “Дэкарт”. А сярэднім звяном паміж сыравінай і канчатковай прадукцыяй з’яўляецца макранскі лесапільны ўчастак, дзе майстрам Фёдар Літвін.
— Як ён у нас з’явіўся? – успамінае Фёдар Арыёнавіч. – На гэтым месцы раней была калгасная піларама, гаспадарка аказвала паслугі па распілоўцы лесу часова. І наша фірма карысталася імі. У гаспадара “Дэкарта” з’явілася ідэя купіць стужачную пілараму, узяўшы ў арэнду памяшканне. Так і зрабілі. Але ж нічога не бывае больш пастаяннага, чым часовае. І далей – больш. Хацелася, каб было ўсё сваё. Пілараму выкупілі, пераабсталявалі, зрабілі рамонт. І вось ужо 4-ы год працуе цэх. Адшліфавана тэхналогія, палепшыліся ўмовы працы станочнікаў: у памяшканні цэха ўстаноўлены нармальны тэмпературны рэжым, няма скразнякоў. Работу знайшлі тут 5 станочнікаў, трактарыст, які заняты на загрузцы прадукцыі, вывазцы пілавіння, дроў, 2 аператары сушыльнага абсталявання. Усе мясцовыя. На заробак не скардзяцца, маюць гарантаваны сацыяльны пакет. Што датычыцца працоўнай дысцыпліны, то кожны ведае: парушыўшы яе, можна пазбавіцца не толькі прэміяльных, але і лёгка развітацца з работай. А ў вёсцы іншую знайсці праблематычна.

ІІ. Сёння цэх працуе стабільна.
Хаця без сучкоў і задзірынкі не было. Зімой крыху адчуваліся праблемы з-за паставак лесу. А вось з красавіка, як расказваў Фёдар Арыёнавіч, аб’ёмам работ забяспечаны нармальна.
Працэс апрацоўкі драўніны тут просты. На піларамную стужку трапляе бервяно, а выходзіць гатовая ўпакоўка дошкі, якую потым ставяць ў сушылку (20 кубічных метраў) пры тэмпературы да 70 градусаў. Высушаная, яна адпраўляецца на прадпрыемства і служыць матэрыялам для канчатковай прадукцыі. Такім чынам, у вытанчаным пірагу «Дэкарта» ёсць пэўны “макранскі кавалачак”.
У асноўным для апрацоўкі выкарыстоўваюць вольху, сасну. У год тут распілоўваюць да 2 тысяч кубічных метраў лесу. Гэта нямнога на першы погляд. Але ж прадукцыю яшчэ і ўкладваюць, і высушваюць. Цяпер толькі па меры неабходнасці аказваюць паслугі мясцоваму насельніцтву па распілоўцы лесу.
— А ці бываюць рэкламацыі на вашу работу ад галаўнога прадпрыемства?
Фёдар Літвін адзначыў, што калі на апрацаванай сыравіне застаецца многа сучкоў і трэшчын, то кіраўніцтва дае пра гэта ведаць. Але ж такія сігналы – толькі стымул для большага старання. Нараканняў на работу станочнікаў амаль не бывае.
Яшчэ адна вартасць гэтай вытворчасці – яна безадходная. Адходы тут — пілавінне, дровы — не выкідваюць. Першыя – забіраюць для ферм СВК “Ляхаўцы” і “Макраны”, ды сам участак імі абаграваецца, дровы выпісваюць насельніцтву. А цяпер і галаўное прадпрыемства, перавёўшы свае ацяпляльныя катлы на цвёрдыя віды паліва, будзе забіраць адходы сабе. Адным словам, пад нагамі нічога не застаецца: адходы ідуць у даход.
ІІІ. Рабочае крэда.
Адзін з маіх знаёмых, старажыл на прадпрыемстве, неяк прыкмеціў у размове: любую работу трэба выконваць так, каб атрымліваць ад яе задавальненне.
Такое рабочае крэда не можа не заслугоўваць павагі. З пытаннем наконт гэтага звярнулася да Фёдара Літвіна:
— Адразу, калі толькі мы пачыналі, было ўсё новае, а таму і цікавае. Мяне накіравалі на вучобу ў Бабруйск у школу падрыхтоўкі спецыялістаў па апрацоўцы драўніны. Пасля веды адточвалі на практыцы. Падабалася, а таму рабілі і робім так, каб атрымліваць задавальненне. Шкада толькі, што мы не бачым кожны дзень канчатковую прадукцыю, а яна такая вытанчаная…
— Якое, на вашу думку, будучае ў малога бізнесу, прадпрымальніцтва, як вы самі адносіцеся да тых, хто адкрывае сваю справу, нечым рызыкуючы?
— Рызыка, як кажуць, — высакародная справа. Яна мае пад сабой падставу, пра што можна сцвярджаць і на прыкладзе нашага прадпрыемства – прадукцыя запатрабаваная. А перспектывы ў прадпрымальніцтва, згодна з Дырэктывай № 4 Прэзідэнта, ёсць. Тым больш, што для развіцця яго многае зроблена ўжо.
Ніна СВІЦЮК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.