Рыбачка Ніна Пяшко з вёскі Хаціслаў (Маларыцкі раён)

Усе суседзі Ніны Сямёнаўны Пяшко з вёскі Хаціслаў добра ведаюць, што летнім днём яе дома не застанеш. Хоць жанчына ўжо на заслужаным адпачынку, але яшчэ працуе прыбіральшчыцай у магазіне. Таму зранку занята на рабоце. А потым адпраўляецца ў лес па ягады ці грыбы альбо на рыбалку, бо Ніна Сямёнаўна – заўзятая рыбачка. Між іншым, у вёсцы гэтаму даўно ўжо ніхто не здзіўляецца. Яна ў рыбацкай справе любому мужчыну-рыбаку дасць фору. Прычым свайго захаплення, якое прынята лічыць мужчынскім, ніколі не ўтойвала. І з ёй заўзятыя вясковыя рыбакі заўсёды раяцца.


Лавіць рыбу, як успамінае Ніна Пяшко, яна пачала з самага маленства. Тата на рыбалку хадзіў, і ёй вельмі хацелася рыбу палавіць. Прывяжа дзяўчынка чарвяка да вяроўкі на палцы і ў ваду закідае. Тата падтрымаў малую, прывязаў ёй кручок да лескі. Так паступова навучылася яна рыбацкай справе.
— Жанчыны-рыбачкі сустракаюцца не так часта. Ці не было неяк няёмка, калі іншыя даведваліся, што ў Вас такое захапленне? – цікаўлюся ў Ніны Сямёнаўны.
Яна, усміхаючыся, успамінае, як, калі яшчэ маладая была, ішла з вудамі па вуліцы, а вяскоўцы азіраліся, шапталіся: ”Вунь рыбачка пайшла”. Тады гэта здзіўляла. Цяпер жа, заў­­важае Ніна Сямёнаўна, жан­чын-рыбачак шмат, і ў Хаціславе яна не адзіная. І нікога такое хобі ўжо не здзіўляе. Захапленне маці падтрымлівае сын, які таксама жыве ў Хаціславе. Яны нярэдка рыбачаць разам.
У кожнага рыбака ёсць свае любімыя месцы рыбалкі, свае сакрэты лоўлі. Ніна Сямёнаўна любіць бываць на ляхавецкай Чапялятусе. Іншы раз ловіць з лодкі, але больш любіць рыбалку на беразе. У рыбацкім арсенале Ніны Пяшко дзевяць вудаў, ловіць, праўда, пяццю з іх. Заўжды клапоціцца пра прынаду. І калі рыба клюе, няважна, вялікая ці малая, яна дамоў вяртаецца з пачуццём задавальнення. А калі ўлоў добры, дык бабулі ёсць чым парадаваць унукаў, а іх у Ніны Сямёнаўны восем. То юшку зварыць, то кансерваў наробіць, катлет рыбных насмажыць, пасушыць рыбу.
— Учора ўлоў быў нядрэнны. Зараз у лес па ягады з’езджу, а потым буду рыбу смажыць, бо ўнукі заказалі, — тлумачыць Ніна Сямёнаўна.
Пра рыбацкае хобі расказвае яна з захапленнем. Заўважае, што больш любіць ранішнюю рыбалку. Звычайна ранкам і рыба ловіцца лепш, ды і прыгажосцю неба на золку проста не налюбавацца.
— Гэта замілаванне – глядзець, як сонца падымаецца, лебедзі плаваюць, слухаць, як птушкі спяваюць, — з рамантыкай у голасе распавядае рыбачка.
— Напэўна, тады ёсць час аб жыцці-быцці падумаць, — заўважаю, падтрымліваючы размову.
— Ды дзе там думаць, калі толькі паспявай за паплаўком сачыць ды цягнуць, — смяецца Ніна Сямёнаўна.
А вось зімовую рыбалку жанчына не любіць. Праўда, зімою у яе іншых захапленняў хапае. Усе пакоі Ніны Сямёнаўны ў дзіўных вышытых узорах. Тут і карціны, і рушнікі, і фіранкі. Усё гэта зроблена ўмелымі рукамі Ніны Пяшко. Яна і вязаць любіць, і шые добра. А таму зімой вечарамі не сумуе.
Ніну Сямёнаўну – жвавую, усмешлівую, гаваркую жанчыну – пенсіянеркай назваць не паварочваецца язык. Яе энергія проста перапаўняе. Жанчына развітваецца з намі і тут жа спяшаецца ўзяць веласіпед, бо суседка ўжо чакае на вуліцы, каб разам адправіцца ў лес. З такім жыццёвым рытмам са­праўды не засумуеш!
Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


https://www.profvest.com

www.best-cooler.reviews

velomarket.org.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!