Эдуард Лаўранюк: «Ніколі нельга апускаць рукі». Гісторыя моцнага духам (Маларыцкі раён)

Некалькі гадоў таму пасля аварыі для Эдуарда Лаўранюка, здавалася, што жыццё страціла ўсякі сэнс. У адно імгненне, на жаль, давялося аб многім забыць.  Сур’ёзная  страта здароўя… Для яго, чалавека актыўнага, спачатку гэта гучала як прыгавор. Здавалася,  што тое, аб чым марыў, што планаваў і хацеў ажыццявіць, ужо ніколі не збудзецца. Што яго чакала? Інвалідная каляска, рэдкія выхады ў горад? Аднак не такі Эдуард Сцяпанавіч, каб сядзець склаўшы рукі і скарыцца лёсу. Паступова прыйшло ўсведамленне, што неабходна дзейнічаць, нешта рабіць. Таму ён, малады чалавек з асаблівасцямі здароўя, вырашыў змяніць свой уклад жыцця. І дапамаглі яму ў гэтым спецыялісты аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Таксама падтрымалі памкненні Эдуарда Лаўранюка жонка Анастасія і сын Максім.

–Яны надалі мне сілы, далі магчымасць паверыць у сябе, – гаворыць Эдуард Сцяпанавіч. – Дзякуючы ім я вярнуўся да актыўнага жыцця, не адчуваю сябе ізаляваным.

Цяпер у сям’і Эдуарда Лаўрэнюка новая кватэра, а ён сам водзіць аўтамабіль і працуе сакратаром у Мельніцкай базавай школе. Акрамя гэтага, мужчына актыўна займаецца спортам. Як такое магчыма?

–Сядзець ля тэлевізара ці манітора камп’ютара цэлымі днямі  надакучае, – сцвярджае мой субяседнік. – Прыйшлося распрацаваць своеасаблівую стратэгію далучэння сябе да здаровага і актыўнага ладу жыцця. Цяжкавата спачатку гэта давалася. Затрачвалася шмат і душэўных, і фізічных сіл. Аднак ад заплаванавага адступаць не стаў.

Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту наведвае 24 чалавекі. Эдуард Лаўранюк для іх з’яўляецца прыкладам. Ён, без перабольшання, чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Пасля аварыі не замкнуўся ў сабе, а карэнным чынам змяніў сваё жыццё.

Усё пачалося з лагера актыўнай рэабілітацыі ГА “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў”, куды ён паехаў па прапанове спецыялістаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту. Праведзеныя там 10 дзён сталі незабыўнымі і памятнымі. Яны, напэшна, і перавярнулі жыццё. Трэнінгавыя і навучальныя мерапрыемствы былі накіраваны на атрыманне практычных навыкаў паўнацэннага жыцця ў інваліднай калясцы. Эдуард Лаўранюк з задавальненнем наведаў трэніроўкі  па тэхніцы язды на калясцы актыўнага тыпу, стральбе з лука, настольным тэнісе, плаванні, аэробіцы, агульнафізічнай падрыхтоўцы. Таксама пры жаданні была магчымасць сыграць у баскетбол, рэгбі, бочэ. З лагера Эдуард Сцяпанавіч вярнуўся ўжо іншым чалавекам. Праз год ён зноў паехаў у гэты лагер ужо як стажор. Плануе пабываць у ім Эдуард Лаўранюк і сёлета, але ўжо як інструктар.

Лагер актыўнай рэабілітацыі падштурхнуў мужчыну і да заняткаў спортам. Ужо ёсць першыя вынікі. Напрыклад, 7 кастрычніка 2017 года ён прыняў удзел у 34 Маларыцкім міжнародным марафоне і ў сваёй дыстанцыі заняў першае месца. У складзе каманды Брэсцкай вобласці ў лістападзе 2017 года прымаў удзел у адкрытай рэспубліканскай спартакіядзе інвалідаў-калясачнікаў “Залатое кола” (г.Магілёў). У асабістым першынстве Эдуард Лаўранюк стаў першым  у армрэслінгу,  трэцім – у двухбор’і на калясцы. А 24 чэрвеня ён прымаў удзел у Першым “БрэстПаўмарафоне” на дыстанцыі 6 кіламетраў. Цяпер рыхтуецца да ўдзелу ў новых спаборніцтвах.

Эдуард Лаўранюк упэўнены, што стаяць на адным месцы нельга. Жыццё не трэба марнаваць, бо яно не для гэтага даецца. Неабходна рухацца наперад нават маленькімі і няўпэўненымі крокамі, радавацца кожнаму новаму дню і наперакор абставінам гаварыць: “Я гэта змог!” Ніколі не трэба апускаць рукі, як бы жыццё не склалася. Пра гэта Эдуард Лаўранюк расказваў нядаўна  маладым людзям з асаблівасцямі здароўя падчас сустрэчы ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту. Яго выступленне было сустрэта з цікавасцю.

    Мікалай НАВУМЧЫК

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!