У СВК «Дарапеевічы» на жніве поплеч з бацькамі працуюць сыны

Для хлебаробаў СВК “Дарапеевічы”, як, зрэшты, і для іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна, жніво сёлета пачалося амаль на два тыдні раней. Свае карэктывы ва ўборку збожжавых унесла надвор’е, з якім, на жаль, не паспрачаешся і не заплануеш на бліжэйшы час слоту або сонца. Тым не менш, віды на сёлетні ўраджай у аграрыяў СВК “Дарапеевічы” неблагія. Зараз, галоўнае, не прамарнаваць час, а своечасова і якасна сабраць вырашчаны ўраджай.

— Першыя камбайны ў поле выйшлі 6 ліпеня, — тлумачыць галоўны аграном СВК “Дарапеевічы” Юрый Максімук. — Усяго на ўборцы задзейнічаны чатыры зернеўборачныя камбайны і некалькі адзінак грузавой тэхнікі на адвозцы зерня. На жаль, падводзіць няўстойлівае дажджлівае надвор’е, з-за якога на працягу некалькіх дзён увогуле нельга было выйсці ў поле.
Па словах Юрыя Аляксандравіча, нягледзячы на засушлівыя май і чэрвень, ураджай чакаецца нядрэнны, сярэдні паказчык па гаспадарцы больш 40 цэнтнераў з гектара.
— Азімае жыта ўжо абмалацілі, — працягвае гаворку галоўны аграном Юрый Максімук. – Застаецца сабраць без страт ураджай пшаніцы, ячменю, аўсу і зернебабовых. 
Словам, у хлебаробаў СВК “Дарапеевічы” на ўліку кожная хвіліна. І нават калі неба зацягнута шэрымі хмарамі і ўвесь дзень лье дождж, механізатары не лайдачаць, а шчыруюць на нарыхтоўцы кармоў.
— Толькі б надвор’е спрыяла, — з хваляваннем у голасе кажа перадавік сельгаспрадпрыемства Сяргей Бойка, патомны камбайнер.

Фота райгазеты «»

Сёлетняе 27-е па ліку, жніво для механізатара асаблівае. Па-першае, Сяргей Бойка як адзін з самых вопытных і адказных майстроў сваёй справы атрымаў новенькі зернеўборачны камбайн, а, па-другое, нараўне разам з бацькам на ўборцы зерневых шчыруе і яго сын Максім, які перайшоў у адзіннаццаты клас. Максіма з дзяцінства вабіла да сябе хлебнае поле, і ён любіў здалёку назіраць, як па залацістым полі спелай збыжыны лёгка плыве велізарны камбайн, якім кіруе яго бацька. А над прасторай лунае ледзь улоўны водар хлеба і васількоў.
Дарэчы, сямейны экіпаж бацькі і сына – адзін з лепшых не толькі ў СВК “Дарапеевічы”, але і займае першае месца ў раённым спаборніцтве. Крыху адстае ад Бойкаў і другі сямейны падрад камбайнераў – Віктара Рабчынскага і яго сына Дзмітрыя.

Віктар Пятровіч шчыруе ў роднай гаспадарцы больш дваваццаці гадоў, а Дзмітрый, які сёлета закончыў Пружанскі сельскагаспадарчы каледж, вырашыў пайсці па слядах бацькі і не шукаць лёгкага хлеба ў вялікіх і тлумных гарадах, а вярнуўся працаваць на маленькую радзіму, якой так неабходны руплівыя рукі. Што такое праца хлебароба, Дзмітрый добра ведае: разам з бацькам на жніве ён ужо шчыруе пяты год. Зараз Рабчынскія па намалоту зерня займаюць у раёне другое месца. Між іншым, абодва экіпажы нацэлены на перамогу і будуць ісці да яе мэтанакіравана, круг за кругам абмалочваючы важкі залацісты колас урадлівай дарапеевіцкай нівы.
Каб хлебаробам добра працавалася, у СВК “Дарапеевічы” наладжаны для працаўнікоў гарачыя абеды. Штодзень смачныя стравы гатуюць кухары Святлана Афанасенкава і Алена Рукавічнікава. Напрыклад, у дзень нашага прыезду механізатары частаваліся духмяным гарохавым супам, макаронамі з падлівай і кампотам.
— Дзяўчаты ў нас смачна гатуюць – пальчыкі абліжаш, — усміхаючыся, кажа камбайнер Сяргей Бойка. – Стравы заўсёды свежыя і гарачыя. Абед прывозяць непасрэдна ў поле, дзе мы хуценька падсілкоўваемся і з новымі сіламі бярэмся за справу. Асноўную частку аплаты за харчаванне бярэ на сябе гаспадарка. Адзін абед нам абыходзіцца ў 50 капеек.
Ліпень – гарачы і вельмі важны час жніва. Сярод спелага жытнёвага поля ідуць камбайны. Цяжкае, налітае сонцам і цяплом зерне схіляецца ў пояс хлебаробам. Спыніўшы на хвілінку машыну, Сяргей Бойка хуценька саскоквае з трапа камбайна і набраўшы поўную прыгаршчы каласоў, на поўныя грудзі ўдыхае непаўторны водар спелай хлебнай нівы. Гэты бязмежны прастор і рокат камбайнаў, так як і Віктар Рабчынскі, ён ніколі не прамяняе ні на якія даброты свету.
Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!