А ПАША ДЫК МАЛОЧНАЯ!

СВК “Гвозніца” ў гэтыя дні “плюсуе” па надоях малака ад каровы ў параўнанні з леташнім перыядам больш чым на 2 кілаграмы.
Жывёла тут, як і амаль паўсюдна ў сельгасарганіза­цыях, пераведзена на кругласутачнае пашавае ўтрыманне. Прыехаўшы на ранішнюю дойку і пацікавіўшыся ў галоўнага заатэхніка Віктара Абрамчука, што садзейнічае такім высокім надоям, іншага адказу, шчыра кажучы, і не чакала.
— Вы паглядзіце на пашу. Траўка тут вельмі малочная. Карысная, таму што шматкампанентная.
І сапраўды. Каровы, якіх падаілі ўжо, апетытна ўмі­налі насычаную бялком сакавітую травяную сумесь з двух гатункаў канюшыны, цімафееўкі, аўсяніцы і райграсу пашавага.
— Дзякуючы такой пашы, — расказваў Віктар Мікалаевіч, — эканоміцца і камбікорм. А ён не танны. У рацыён цяпер можна і крыху менш дабаўляць яго.

У СВК “Гвозніца” кругласутачна выпасваецца 596 кароў. Дойны статак з пачатку года павялічыўся больш чым на 40 галоў. Гаспадарка з пачатку года значна павысіла валавую вытворчасць малака, што­дзённа тут надойваюць у сярэднім 9 тон. Рост вытворчасці валавой прадукцыі ў параўнанні з мінулым годам складае больш чым 20%. Вышэйшым гатункам сельгаскааператыў прадае каля 60% малака. Аднак гэтага зусім недастаткова, каб атрымліваць добрую аддачу, папаўняць касу гаспадаркі. Але і гэта ўжо нядрэнна, бо рэалізоўвалі малака вышэйшым гатункам тут значна менш.
Віктар Мікалаевіч упэўне­ны, што, каб менш было перашкод на малочных рэках, важна засвоіць галоўнае – чакаемы станоўчы вынік магчымы толькі пры комплексным захаванні ўсіх тэхналагічных патрабаванняў у малочнай жывёлагадоўлі і кормавытворчасці. Адсут­нічае адзін элемент – няма тэхналогіі. Значыць, не трэба чакаць і выніку. Таму не толькі паша садзейнічае добрым надоям. Штогод у асноўны статак тут ув­о­дзяць 30% кароў першым целем. Але ж і селекцыйна-племянная работа нічога не дасць, калі карміць кароў недабраякасным кормам. Таму і гэтае пытанне ўзялі на кантроль. Якасць малака не павышаецца, калі не выконваюцца элементарныя правілы і гігіена даення. Пра гэта добра ведаюць даяркі, ад гэтага залежыць і іх зарплата. Значнае павышэнне яе яны адчулі адразу, як толькі і надоі пайшлі ўверх, і якасць палепшылася. Даяркі прыкінулі, колькі маглі б зарабляць, калі б вышэйшым гатункам прадавалі 90% малака, а такая задача ставіцца. Такім чынам, планка, на якую трэба арыентавацца, ёсць.
…У 5 гадзін ранку, з усходам сонейка, даяркі спяшаюцца на работу, каб у 6 гадзін пацяклі ўжо першыя ручайкі малочнай ракі, а да 10.00, пакуль сонца не “паднялося” і не запякло, закончыць дойку. Так і было. У 10 гадзін малакавоз быў ужо ля даільнай устаноўкі…
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: галоўны заатэхнік Віктар АБРАМЧУК разам з пастухамі Іванам КАВАЛЬЧУКОМ і Пятром ШЫНКАРУКОМ; ідзе загрузка малака.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


apach.com.ua/shop/category/elektromehanicheskoe-oborudovanie/miasorubki

www.kompozit.ua

www.oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!