Літаратурная гасцёўня: Кацярына Алесік з Олтуша (Маларыцкі раён)

“Літаратурная гасцёўня” – новая рубрыка газеты «», якая прысвячаецца роднай зямлi i людзям, якiя жывуць на ёй. Рубрыка будзе знаёміць чытачоў не толькі з вядомымі чытачу паэтамі Маларытчыны, але і пачаткоўцамі. Творы іх, магчыма, створаныя не для друку, не зусім дасканалыя ў кампазіцыйнай і рытмічнай арганізацыі вершаваных радкоў, але ўсё ж такі вартыя ўвагі. Бо яны прасякнуты ўнутранай цеплынёй, сардэчнасцю. Адначасова не спыняць свайго выхаду і выпускі літаратурнага аб’яднання “Над рэчанькай Рытай”. А цяпер пазнаёмімся з першай госцяй “Літаратурнай гасцёўні”.

“Вершы пішу па драбках”
Кацярына Станіславаўна Алесік – працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры і дэфектолагам у Олтушскай СШ, разам з мужам Вадзімам выхоўвае дзвюх дачок – Аляксандру і Ірыну. Некалькі гадоў з’яўлялася кіраўніком гуртка “Юны карэспандэнт”.


Вершы Кацярыны Станіславаўны выражаюць яе пачуцці і настрой. У іх шмат цікавых паэтычных вобразаў.
Кацярына Алесік – рамантык па натуры. Паэтэса пераканана, што рамантыка патрэбна для душы, каб крылы адраслi, душа лятала. Рамантыка абуджае ўзнёслыя пачуцці, нараджае прыгажосць, дорыць радасць і незабыўныя моманты жыцця.
***
Не кліч мяне, бо я не адзавуся.
Не плач, бо ўсё роўна не прыйду.
Ад ласкі я ўжо не заваражуся
І слоў пяшчотных болей не знайду.
Хвіліны шчасця, месяцы трывогі,
Растанні, стрэчы і растанні зноў.
Услед — табой стаптаныя дарогі,
Гаротны скарб нязбытных сноў.
Вось спадчына, што ты пакінуў,
Ды толькі адкажы мне: як жа так?
Здаецца ж, некалі і мы любілі,
Чаму ж цяпер усё наперакасяк?
***
Не ўсё ў жыцці ідзе, як мне б хацелась.
І рукі апускаюцца падчас.
І так нялёгка зноў шукаць мне смеласць
Самой пытанні вырашаць каторы раз.

Ды толькі як бы не было мне важка,
Які б на плечы не давіў цяжар,
Я, галаву паклаўшы на падушку,
Падзяку шлю ўвысь, да самых хмар.

Дзве пары вочак раніцаю самай
Дадуць мне сілы, каб ісці далей.
Бог даў мне шчасце называцца мамай
І два анёлы мне паслаў — маіх дзяцей!

***
А сны з далёкіх берагоў
Мне вестку ад цябе прынеслі.
І заспявала сэрца песні,
Бо сны з далёкіх берагоў
Мне вестку ад цябе прынеслі.
І з неба, як жыцця загад,
Тваё імя мне зоркай свеціць.
Мне лёгка жыць на гэтым свеце,
Бо з неба, як жыцця загад,
Тваё імя мне зоркай свеціць

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий