Кветкавы рай Веры Юшчук (Маларыта)

Гавораць, што Бог дае чалавеку столькі, колькі ён можа вытрымаць. А яшчэ ён кожнага надзяляе сілай, каб чалавек мог пераадолець усе выпрабаванні, што пасылае жыццё. Лёс зусім не песціў маларытчанку Веру Юшчук – усяго хапала: і слёз, і радасці. Але яна з годнасцю прайшла праз жыццёвыя выпрабаванні, не страціла дабрыні, не разгубіла цеплыні і спагады. Вера Міхайлаўна годна крочыць па сцяжынцы свайго жыцця. Сваё шчасце знайшла яна ў сям’і, дзецях, унуках, у працы, якой аддала 36 гадоў, і кветках, што красуюць ва ўтульным дворыку з ранняй вясны і да позняй восені.


У самым росквіце вясны, калі прырода, абудзіўшыся ад доўгага зімовага сну, прыхарошвалася яркімі рознакаляровымі фарбамі красавіка, у працавітай і дружнай сям’і Юшчыкаў, што жылі ў Іванаўскім раёне, нарадзілася дзяўчынка, якую назвалі прыгожым імем Верачка. Расла дзяўчынка на радасць сваім бацькам, гарэзіла, як і ўсе дзеці, спакваля пазнавала вялікі і цікавы свет. Але аднойчы здарылася бяда. Гуляючы, Верачка няўдала ўпала і пашкодзіла вочка. Усе спадзяваліся, што траўма не такая сур’ёзная і ўсё будзе добра. Калі б гэта здарылася ў наш час, то, мажліва, з дасягненнямі сённяшняй медыцыны зрок удалося б выратаваць, але на дварэ былі шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Адбылося непапраўнае: дзяўчынка перастала бачыць на адно вока. Мажліва, няшчасце і загартавала характар Веры Міхайлаўны, зрабіла яе моцнай духам і щпэўненай. Яна ніколі не шкадавала сябе і не дазваляла рабіць гэта іншым. Яшчэ з дзяцінства яна была мэтанакіраванай, цудоўна разумела, што патрэбна разлічваць на ўласныя сілы. Школу дзяўчына закончыла на выдатна і з лёгкасцю паступіла вучыцца ў Пінскі дзяржаўны тэхнікум мясной і малочнай прамысловасці.
— Ведаеце, у жыцці няма выпадковасцяў, — гаворыць Вера Міхайлаўна. – Гэта я зразумела на ўласным прыкладзе. Усё, што ні здараецца, мае свой сэнс, нейкае значэнне. Падчас размеркавання, мне, як маладому спецыялісту, прапанавалі працу ў Століне, Пінску або Брэсце. Я спынілася на абласным цэнтры, хаця Пінск быў бліжэй да маёй маленькай радзімы.
У красавіку 1982 года Вера Юшчык уладкоўваецца на працу ў кащбасны цэх камбіната кааператыўнай прамысловасці Брэсцкага райспажыўтаварыства. З таго часу яна аддала кааперацыі 36 гадоў свайго жыцця. Працавала тэхнолагам, затым па стане здароўя перавялася бухгалтарам, завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі, што ў Гомели. Дарэчы, працоўную дынастыю сваёй матулі працягвае і дачка Веры Міхайлаўны Наталля, якая таксама працуе ў райспажыўтаварыстве бухгалтарам, а зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, гадуе маленькага сыночка.
“Як жа вы апынуліся ў Маларыце?” – пытаюся ў Веры Міхайлаўны. “Вельмі проста. Выйшла сюды замуж. Пазнаёмілася з будучым мужам у сяброўкі на вяселлі. Мы былі ў маладых сведкамі. Упэўнена, што гэта было наканавана нябёсамі. У мяне дзявочае прозвішча Юшчык, а па мужу Юшчук. І такое ў жыцці бывае.”
Вера Міхайлаўна зусім не шкадуе, што з Брэста пераехала жыць у маленькі гарадок. Жанчына прызнаецца, што з першага разу Маларыта яе заваражыла. Ціхі, утульны гарадок стаў для Веры Міхайлаўны родным, а самым прыгожым месцам на свеце — дом бацькоў мужа, што стаіць па вуліцы Вакзальнай. Амаль трыццаць гадоў пражыла яна разам са свякроўю. Многія не могуць ужыцца з роднымі бацькамі, а Вера Міхайлаўна заўсёды з павагай і любоўю адносілася да сваёй свекрыві. У жыцці ўсякае бывае, і нават калі і ўзнікалі якія-небудзь канфліктныя сітуацыі, жанчына заўсёды імкнулася іх згладзіць, хутка знаходзіла кампраміс і ў доме зноўку гучаў смех.
Сваю сядзібу Вера Міхайлаўна ператварыла ў сапраўдны кветкавы рай. Дзясяткі розных гатункаў кветак пачынаюць квітнець, як толькі сыходзіць снег. Захапляюць рознакаляровым ззяннем далікатныя лілеі, пышныя півоні, духмяныя ружы, ганарлівыя гартэнзіі, а таксама герані, вяргіні і хрызантэмы.
Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий