“Капялюшык святара” або “далоні Буды” ад Юрыя Білецкага (Маларыцкі раён)

Фермерская гаспадарка “БілецМаш” зусім яшчэ маладая. Гаспадары-фермеры Марыя Яфімаўна і Юрый Рыгоравіч Білецкія з аграгарадка Гвозніца пяць гадоў таму пачалі сваю справу на зямлі. Крэдытаў не бралі, разлічвалі толькі на ўласныя сілы. Спрабавалі вырошчваць розныя сельскагаспадарчыя культуры, эксперыментавалі і рызыкавалі, добра ведаючы, што праца на зямлі патрабуе шмат выдадкаў і наўрад ці прынясе вялікія грошы. Каб развярнуцца, трэба мець у карыстанні сотні гектараў добрай ворыўнай зямлі, а не дзясятак няўдобіцы. Аднак Юрый Рыгоравіч не такі чалавек, каб сядзець склаўшы рукі і чакаць, што справа сама сабой наладзіцца.
— Адслужыўшы ў раённым аддзеле МНС начальнікам пажарнага паста ў Гвозніцы, у 45 гадоў я выйшаў на пенсію, — расказвае Юрый Білецкі. – Проста сядзець дома ў самым росквіце сіл не хацелася. Вырашыў паспрабаваць сябе ў сельскай гаспадарцы. Тым больш, што сам вырас на зямлі ды і жыву ў вёсцы. Ведаў, што будзе няпроста, асабліва спачатку, але жонка і дзеці маю ідэю падтрымалі. А гэта дарагога каштуе.
Пачыналі Білецкія з жывёлагадоўлі, трымалі на ўласным падворку каровак, гадавалі цялят. Наладзілі перапрацоўку малака, з якога атрымлівалі смятану, тварог, сметанковае масла, рабілі сыры. У 2013 годзе для развіцця гаспадаркі аформілі фермерства. Зараз у Білецкіх 14 гектараў зямлі і чатыры каровы. Аднак уся нязручнасць у тым, што выдзеленыя фермеру ў карыстанне землі дадатковыя растраты на паліва і,безумоўна, час.
— Адна справа, калі поле знаходзіцца ў адным месцы, а зусім іншая, калі надзелы зямлі параскіданы, — скардзіцца фермер. – Больш таго, многія ўчасткі, якімі я карыстаюся, ляжаць пасярод лесу. Напрыклад, летась увесь ураджай пашкодзілі дзікі, якія літаральна вытапталі і збаранавалі поле. Шкада, але што зробіш.
       Юрый Рыгоравіч адзін з нямногіх фермераў на Маларытчыне, які займаецца не вырошчваннем буякоў ды таматаў, а робіць стаўку на патысоны ды агуркі. Мы і знайшлі фермера на яго патысонавым полі, што ляжыць ва ўрочышчы “Броварэскава”. Прыгожая алея, абапал якой узвышаюцца старыя каржакаватыя дубы, вядзе да самага поля, што раскінулася на лясной паляне.
      — Тут быў калісьці панскі маёнтак, — расказвае Юрый Білецкі, — ад якога толькі і засталося, што гэтыя старажытныя дубы ды назва ўрочышча. Казалі, што пан валодаў спіртзаводам.
        Сёння на шасці гектарах зямлі, акрамя патысонаў, ва ўрочышчы пасаджаны бульба і збожжавыя. Сёлета, нягледзячы на капрызы надвор’я, няблага ўрадзілі патысоны, якія растуць на велізарных кустах, што пасаджаны радкамі. Усюды ні травінкі. Відаць, нядаўна прайшоўся культыватар. Глеба мяккая, пульхная, ступіш – і ногі правальваюцца па шчыкалатку. Юрый Рыгоравіч, уважліва аглядаючы кожны куст, гаворыць: “Заўтра будзем збіраць плады. Яшчэ дзень-другі, і патысоны перарастуць”. З рэалізацыяй агуркоў і патысонаў праблем няма. Вырашчаную прадукцыю Юрыя Рыгоравіча оптам закупляе брэсцкая фірма ЗААТ “Вастэга”, з якой фермер заключыў дагавор. Дарэчы, прыватная кампанія не адзін год займаецца вытворчасцю кансерваванай прадукцыі, якая пастаўляецца на экспарт.
        — Першую партыю патысонаў сабралі некалькі дзён таму назад, — працягвае размову мужчына. – Агародніну на ўласным транспарце самастойна дастаўляю ў Брэст. Адразу папярэджваю, колькі каштуе кілаграм патысонаў ці агуркоў, не скажу – камерцыйная тайна. Патрабаванні да агародніны ў нашых партнёраў строгія. Па-першае, агуркі павінны быць невялічкія, а патысон у дыяметры не больш за 5 сантыметраў, з мініяцюрнай шляпкай, якая нагадвае сваім памерам грыб.
        Хоць і займаецца Юрый Рыгоравіч вырошчваннем патысонаў толькі першы год, але адразу відаць, што ад гэтай культуры мужчына ў захапленні. Патысоны непераборлівыя, могуць даваць добры ўраджай і пры неспрыяльных умовах надвор’я. Цікава, што англічане гэты плод называюць “капялюшыкам святара” або “імператарскай каронай”. З кітайскай мовы назва патысона перакладаецца як “далоні Буды”. І сапраўды, калі паглядзець збоку на патысон, то ён нагадваве дзве складзеныя ў малітве рукі. Самае адметнае ў патысоне тое, што ён з’яўляецца крыніцай вітамінаў, а таксама медзі, кобальту, выводзіць з арганізму халестэрын, перашкаджае ўтварэнню тромбаў і ўмацоўвае імунітэт.
        Сёлета фермер атрымаў і першы ўраджай клубніц. Салодкая ягада пакуль расце толькі на 20 сотках. Плошчу, якую займаюць клубніцы, фермер плануе пашырыць. Займацца ягадай выгадна. “З дваццаці сотак сабралі і рэалізавалі паўтары тоны клубнікі, — працягвае размову мужчына, – цана парадавала: па 2 – 2,5 рублі бралі за кілаграм”.
        Дапамагаюць весці гаспадарку Юрыю Рыгоравічу і Марыі Яфімаўне іх чацвёра дзяцей, якія не цураюцца цяжкай сялянскай працы. Працоўны дзень у фермерскай гаспадарцы “БілецМаш” пачынаецца а пятай гадзіне раніцы. Марыя Яфімаўна займаецца дойкай. Пакарміўшы жывёлу і выгнаўшы кароў на пашу, Білецкія збіраюцца на поле, каб да спёкі выбраць агуркі, патысоны і маліну. Планаў і задумак у пачынаючых фермераў шмат. Як прызнаўся гаспадар, ён не супраць ўзяць у апрацоўку яшчэ некалькі гектараў зямлі, але пажадана, каб была яна непадалёку ад дома. Плануе Юрый Рыгоравіч закласці сад ды і сенажаці патрэбны, каб нарыхтоўваць кармы для кароў і бычкоў. Пакуль жа фермеру даводзіцца ездзіць з аднаго поля на другое, накручваючы па некалькі дзясяткаў кіламетраў і наглядаць за сваімі палямі, каб дзікія жывёлы пасевы не пашкодзілі ды ўраджай не знішчылі.
Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://tmtravel.com.ua

http://www.best-cooler.reviews/

читайте здесь top-obzor.com