ВЕРХ УЗЯЛА ДЫСЦЫПЛІНА

Значны крок наперад у развіцці жывёлагадоўлі СВК “Ланская” за апошні год зрабіла Галёўская ферма, калектыў якой мае намер сёлета выйсці на 5-тысячны рубеж па надоях малака ад каровы. У павышэнні прадуктыўнасці дойнага статка намецілася станоўчая тэндэнцыя – цяпер сярэднясутачня надоі складаюць на ферме 15 кілаграмаў.
Заслуга ў гэтым, лічыць старшыня СВК Аляксандр Бойка, у першую чаргу кіраўніка сярэдняга звяна – загадчыцы фермы Алены Алесік, з яе арганізатарскімі здольнасцямі, ініцыятывай, энергічнасцю і адказнасцю.
Алена Віктараўна, калі прыйшла на ферму паўтара года назад, пачала з дысцыпліны. Нялёгка было пераламіць атмасферу, якая склалася, калі некаторыя дазвалялі сабе прыходзіць на работу ў нецвярозым стане, а тады, вядома ж, якія адносіны да абавязкаў. Колькі працы каштавала накіраваць намаганні ў патрэбнае рэчышча, наладзіць дысцыпліну. На гэта спатрэбілася паўгода. І прынцыповасць загадчыцы ўзяла верх. Пераломным момантам стала рашэнне звольніць пастуха, якому не раз даравалі за прагулы, за з’яўленне п’яным на рабоце. Гэта стала навукай для астатніх. Дысцыпліна на ферме з’явілася тым штуршком, які выводзіць ферму ў лік лепшых у гаспадарцы, прыклад арганізацыі працы тут варты пераймання. Пайшлі ўверх паказчыкі, сталі дастойнымі заробкі. Цяпер работнікі, а іх тут 14, зацікаўлены не толькі ў тым, каб атрымліваць добрыя вынікі, але і ў тым, каб парадак быў і па-за памяшканнямі. Яны, не лічачыся з асабістым часам, зрабілі некалькі цікавых клумб, у старадаўнім стылі стварылі карцінку вясковага быту. Так, для сябе, каб прыемна было выйсці і пагля­дзець на прыгожае. Сваімі рукамі адрамантавалі і навялі парадак у чырвоным кутку. За гэта кіраўніцтва калгаса заахвоціла калектыў чайным сервізам, электрачайнікам. А калі спатрэбілася зрабіць і абсталяваць на пашы пункт штучнага асемянення жывёлы, за справу таксама ўзяліся самі. Асемянатар Вольга Барысюк, спецыяліст з 26-гадовым стажам, дарэчы, адна з лепшых у раёне асемянатараў, удзячна за гэта сваім калегам. Як “Ойча наш”, стаў для работнікаў санітарны дзень на ферме – панядзелак.
Цяпер галоўнае, лічыць Алена Алесік, падтрымліваць дысцыпліну ў належным рэжыме, а здабыткі развіваць. У планах яшчэ шмат трэба зрабіць і па арганізацыі ўтрымання статка, і па далейшым добраўпарадкаванні тэрыторыі. На ферме, напрыклад, няма пакуль свайго радзільнага аддзялення, а вытворчыя плошчы ёсць. Наогул, загадчыца задаволена падначаленымі, якія зразумелі і падтрымалі яе. Бо адзін у полі не воін, а згуртаванай камандай дабіцца можна многага. Яна давярае калектыву. Скажам, па пытаннях якасці пашы заўсёды раіцца з пастухом Сяргеем Касьянікам, вопытным і зацікаўленым у выніках працы чалавекам. Толк у сваёй справе ён ведае. У пытаннях узнаўлення статка яна аднадумца з той жа Вольгай Барысюк. Загадчыца цэніць старанні і неабыякавасць аператараў машыннага даення Таццяны Шульжык і Людмілы Свістун, ды наогул, усіх астатніх членаў калектыву.
На ферме выпасваецца 167 кароў, у табуне яшчэ пасуцца 80 цялушак. Акрамя таго, у памяшканнях утрымліваюцца цялушкі на ўзнаўленне звыш 200 кілаграмаў, сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе якіх складаюць цяпер каля 700 грамаў. Усю гэтую “гаспадарку” і абслугоўвае згуртаваны калектыў, які ад світанку і да заходу сонца, закасаўшы рукавы, выконвае свае штодзённыя абавязкі, абавязкі сапраўдных вяскоўцаў.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: загадчыца Алена АЛЕСІК разам з даяркамі Таццянай Шульжык і Людмілай СВІСТУН; куточак сельскага быту на тэрыторыі фермы; асемянатар Вольга БАРЫСЮК; пастух Сяргей КАСЬЯНІК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!